— Зразумела, што тут скажаш супраць, — адказваў містэр Болтэр. — Але навошта вы завялі размову пра такія рэчы?
— Толькі каб растлумачыць табе, што маю на ўвазе, — сказаў габрэй, падняўшы бровы. — Каб у цябе атрымалася — мусіш трымацца мяне. А каб мой маленькі бізнес рухаўся, я абапіраюся на вас. Спачатку — твой нумар адзін, а другім — мой нумар адзін. Чым больш ты цэніш свой нумар адзін, тым больш беражліва ты павінен ставіцца да мяне. Вось мы і вярнуліся да таго, пра што я казаў з самага пачатку — нумар адзін трымае нас усіх разам; так і павінна быць, інакш уся наша суполка разваліцца.
— Што праўда, тое праўда, — раздумліва прамовіў містэр Болтэр. — Але ж вы і хітры стары спрытнюга!
Містэр Фэджын з вялікай радасцю ўпэўніўся, што гэтая пахвала яго здольнасцей была не проста кампліментам, але што ён насамрэч пасяліў у навабранцы адчуванне сваёй хітрамудрасці, якое вельмі важна было ўмацаваць. Каб умацаваць такое жаданае і карыснае ўражанне, ён яшчэ больш падрабязна пазнаёміў Ноэ з размахам сваіх акцый, змешваючы праўду і выдумку і падаючы і тое, і другое так умела, што павага да яго з боку містэра Болтэра ўзрасла на вачах і афарбавалася піетэтам, змяшаным са страхам, да чаго Фэджын якраз і імкнуўся.
— Якраз гэтае пачуццё ўзаемнага даверу і падтрымлівае мяне ў час вялікіх стратаў, — сказаў габрэй. — Учора ранкам я страціў аднаго з маіх лепшых памочнікаў.
— Яго што, забілі? — усклікнуў містэр Болтэр.
— Не, не, — супакоіў яго Фэджын, — усё не так блага. Не так блага.
— Тады яго, напэўна...
— ...запатрабавалі, — уставіў габрэй. — Так, яго запатрабавалі.
— Па вельмі важнай справе? — дапытваўся містэр Болтэр.
— Не, — адказаў габрэй, — не надта. Яго абвінавацілі ў тым, што ён абчысціў кішэню, і ў яго знайшлі сярэбраную табакерку, яго ўласную, мой даражэнькі, яго ўласную, бо ён сам з задавальненнем нюхае тытунь. Яго трымалі пад арыштам да сённяшняга дня, бо меркавалі, што дазнаюцца, хто ўладальнік. Ах! Ён варты быў пяцідзесяці табакерак, і я аддаў бы кошт іх, каб толькі яго вярнуць. Табе варта было б ведаць Махляра, мой мілы, табе варта было б ведаць
— Ну што ж, дык я з ім, напэўна, пазнаёмлюся, як вы думаеце? — сказаў містэр Болтэр.
— Сумняваюся, — быў адказ габрэя. Ён уздыхнуў. — Калі яны не знойдуць новых улік, то дадуць яму кароткі тэрмін, і праз тыдняў шэсць ён зноў вернецца да нас, але калі знойдуць, то заканапацяць надоўга. Яны ведаюць, які ён разумны хлапчына; яны з яго зробяць пажыццёвага. Быць тады Махляру не менш, чым пажыццёвым.
— Што вы маеце на ўвазе пад «заканапаціць» і «пажыццёвы»? — дапытваўся містэр Болтэр. — Які сэнс гаварыць са мной такімі словамі? Чаму вы не гаворыце так, каб я разумеў?
Фэджын хацеў быў перакласці гэтыя таямнічыя словы на прастамоўе, і містэр Болтэр даведаўся б, што спалучэнне гэтых слоў абазначае пажыццёвую катаргу, але тут размова была перапыненая з’яўленнем Мастэра Бэйца, рукі якога былі засунутыя ў кішэні, а твар быў перакошаны ў напаўкамічнай жалобе.
— Усё скончана, Фэджын, — сказаў Чарлі пасля таго, як габрэй назваў іх адзін аднаму.
— Што ты маеш на ўвазе? — спытаў габрэй, і вусны яго трымцелі.
— Яны знайшлі джэнтльмена, якому належыць табакерка. Яшчэ два ці тры прыйдуць апазнаць яго, так што Спрытнаму трэба рыхтавацца да плавання, — адказаў Мастэр Бэйц. — Фэджын, мне трэба на заўтра поўны жалобны строй і чорную стужку на капялюш, каб наведаць яго перад тым, як ён выправіцца ў плаванне. Адно падумаць — Джэк Доўкінз, круты Джэк, Махляр, Спрытны Махляр едзе на чужыну за табакерку, за чыхальнік, кошт якому два з паловай пенсы! Я заўсёды думаў, што калі гэта з ім здарыцца, то ўжо праз залаты гадзіннік, ланцужок і пальчаткі, не менш. Вох, чаму ён не забраў у якога-небудзь старога джэнтльмена ўвесь яго скарб, каб паехаць, як джэнтльмен, а не так вось бясслаўна, як дробны злодзей!
Засведчыўшы такім чынам спачуванне свайму нешчасліваму сябру, Мастэр Бэйц усеўся на бліжэйшае крэсла з выглядам маркотным і прыгнечаным.
— Што ты тут вярзеш пра няслаўе і гэтак далей! — усклікнуў Фэджын, акідваючы свайго вучня злосным позіркам. — Хіба не быў ён на галаву вышэйшым за вас усіх? Хіба ёсць сярод вас хоць адзін, хто можа дастаць яго і хоць у чым-небудзь параўняцца з ім, га?
— Няма нікога, — адказаў Мастэр Бэйц голасам, сіплым ад роспачы. — Нікога.
— Тады пра што ты гаворыш? — злосна паўтарыў габрэй, — што ты тут балбочаш?
— А пра тое, чаго няма ў пратаколе, — сказаў Чарлі, якога разварушылі ўспаміны і шкадаванне, разварушылі і схілілі кінуць адкрыты выклік свайму шаноўнаму сябру, — і таму гэта не ўвойдзе ў абвінаваўчы акт, таму ніхто ніколі не даведаецца і напалову пра тое, якім ён быў. Пра яго што, напішуць у «Ньюгейцкім Даведніку»? Можа, і зусім не напішуць. Вой, Божа, Божа, які ўдар!