— Ха-ха! — усклікнуў габрэй і працягнуў правую руку ў бок містэра Болтэра ды ўвесь затросся, быццам паралітык, ад гэтага свайго хіхікання. — Паглядзі, як яны ганарацца сваёй прафесіяй, даражэнькі мой. Хіба гэта не цудоўна?
Містэр Болтэр кіўнуў, а Фэджын, які на працягу некалькіх секунд з выразным задавальненнем назіраў маркоту Чарлі Бэйца, падышоў да гэтага маладога джэнтльмена і паляпаў яго па плячы.
— Не бяры да галавы, Чарлі, — заспакойліва сказаў Фэджын, — усё выплыве вонкі, усё абавязкова выплыве вонкі. Яны ўсе даведаюцца, які ён дасціпны хлапец; ён сам гэта пакажа і не зганьбіць сваіх старых таварышаў і настаўнікаў. Ды і падумай, які ён яшчэ малады! Які ганаровы лёс, Чарлі, быць заканапачаным навечна ў такія гады!
— Відаць, і насамрэч гэта гонар, — крыху суцешыўся Чарлі.
— Ён атрымае ўсё, што толькі пажадае, — працягваў габрэй. — Яго будуць трымаць у турме, як джэнтльмена. Як джэнтльмена! Кожны дзень піва і кішэнныя грошы на арлянку, калі не зможа іх выдаткаваць.
— Няўжо! — выгукнуў Чарлі Бэйц.
— Усё гэта ён атрымае, — пацвердзіў габрэй, — а мы, Чарлі, запросім вялікі парык, такі, які найлепш менціць языка і які будзе яго абараняць. Спрытны, калі захоча, можа і сам сказаць слова ў сваю абарону, і мы ўсе прачытаем пра гэта ў газетах — «Спрытны Махляр — выбухі рогату, усе ляжаць покатам» — га? Як, Чарлі?
— Гы-гы! — зарагатаў Мастэр Бэйц. — Што гэта будзе за пацеха, хіба не так, Фэджын? Я кажу, вось Джэк ім уваб’ецца ў пячонкі!
— Уваб’ецца! — падхапіў габрэй. — Як піць даць, уваб’ецца.
— Што тут казаць, уваб’ецца, — паўтарыў Чарлі, паціраючы рукі.
— Мне здаецца, што я бачу яго перад сабой, — усклікнуў габрэй, утаропіўшыся ў свайго вучня.
— І я, — усклікнуў Чарлі Бэйц. — Гы-гы-гы! І я таксама. Усё-ўсенькае бачу, як наяве, далібог, Фэджын, бачу. Вось забава! Вось дык забава! Усе парыкі намагаюцца быць важнымі, а Джэк Доўкінз звяртаецца да іх так сардэчна-шчыра, як быццам ён родны сын суддзі і прамаўляе пасляабедзенны спіч — гы-гы-гы!
Насамрэч, Фэджын так дасканала паўплываў на свайго эксцэнтрычнага маладога сябра, што Мастэр Бэйц, якіспачатку схільны быў разглядаць увязненага Махляра як ахвяру, цяпер бачыў у ім галоўную дзейную асобу на сцэне, надзеленую вельмі несамавітым, адметным гумарам, і з нецярпеннем чакаў таго часу, калі яго стары кампаньён атрымае нагоду паказаць свае таленты.
— Нам трэба неяк выхітрыцца ды выведаць, як ён сёння маецца, — сказаў Фэджын. — Трэба падумаць, якім чынам.
— Можа, я пайду? — спытаў Чарлі.
— Ні за што на свеце, — адказаў габрэй. — Ты што, звар’яцеў, мой даражэнькі, звар’яцеў канчаткова, калі збіраешся пайсці ў месца, дзе... Не, Чарлі, не. Нельга губляць больш, чым аднаго зараз.
— Я думаю, што самі вы ісці туды не збіраецеся, — падміргнуўшы, сказаў Чарлі.
— Гэта было б не зусім добра, — адказаў Фэджын, хітаючы галавой.
— То чаму б не паслаць гэтага новага? — спытаў Мастэр Бэйц і паклаў руку на плячо Ноэ. — Яго ніхто не ведае.
— Ну, калі ён не мае нічога супраць... — заўважыў габрэй.
— Супраць? — уставіў Чарлі. — А што ён можа мець супраць?
— Насамрэч, нічога, мой даражэнькі, — сказаў Фэджын і павярнуўся да містэра Болтэра, — насамрэч, нічога.
— О, тут я мушу вам сказаць, — уступіў у размову Ноэ, адыходзячы спінай да дзвярэй і з апаскай трасучы галавой. — Не, не — ні ў якім выпадку. Гэта не па маёй частцы, кіньце.
— А што тады па яго частцы, Фэджын? — пацікавіўся Мастэр Бэйц, з вялікай непрыязнасцю мераючы позіркам кашчавую постаць Ноэ. — Змывацца, калі нешта не так, і жэрці, каб аж з горла выпірала, калі ўсё ў парадку — гэта па ягонай частцы?
— А якая розніца? — адказаў містэр Болтэр. — А ты, хлапчаня, не дазваляй сабе зашмат са старэйшымі, бо заробіш.
Пачуўшы гэтую выдатную пагрозу, Мастэр Бэйц так гучна зарагатаў, што Фэджын не адразу дабіўся магчымасці адрэагаваць і растлумачыць містэру Болтэру, што наведванне паліцэйскага пастарунка яму нічым не пагражае, таму што ні справаздача пра яго малую афёру, ні апісанне яго асобы яшчэ не перададзеныя ў сталіцу, ды і ўвогуле вельмі верагодным было тое, што ніхто нават і не падазрае пра тую магчымасць, што ён можа схавацца ў Лондане, а таму — калі ён належным чынам пераапранецца — для яго наведванне гэтага месца будзе такім жа бяспечным, як і візіт у любое іншае месца Лондана, тым больш што з усіх месцаў гэтае — самае апошняе, дзе можна чакаць яго добраахвотнага з’яўлення.