Выбрать главу

Тут Махляр, робячы выгляд, што ён вельмі цікавіцца магчымым развіццём працэсу, запатрабаваў у наглядчыка прозвішчы «тых двух спрытнюгаў за сталом»; гэта настолькі насмяшыла гледачоў, што яны зарагаталі амаль гэтаксама гучна, як рагатаў бы Мастэр Бэйц, калі б ён чуў гэты запыт.

— Ану, супакоіліся! — крыкнуў наглядчык.

— У чым яго абвінавачваюць? — запытаў адзін з суддзяў.

— У кішэнным крадзяжы, ваша міласць.

— Былі прыводы раней?

— Ну, ён заслужыў тых прыводаў — і не адзін раз, — адказваў наглядчык. — Ён пабываў ужо амаль усюды. Я яго добра ведаю, ваша міласць.

— О, вы мяне ведаеце? — усклікнуў Махляр, ківаючы галавой. — Ага. Гэта тыповая спроба дыфамацыі.

Тут усе зноў зарагаталі, і зноў наглядчык запатрабаваў цішыні.

— Ну, а дзе сведкі? — спытаўся клерк.

— Вось-вось, правільна, — дадаў Махляр. — Дзе яны? Надта мне хацелася б іх пабачыць.

Гэтае жаданне было неадкладна задаволенае: увайшоў паліцыянт, які засведчыў, што Махляр спрабаваў абчысціць кішэні нейкага джэнтльмена ў натоўпе і нават выцягнуў у таго насоўку, якая была такой старой, што ён адразу паклаў яе назад, выкарыстаўшы перад гэтым для свайго носа. З гэтай прычыны паліцыянт затрымаў Махляра адразу, як толькі паспеў дабрацца да яго; пры даглядзе ў Махляра была знойдзена срэбная табакерка з імем уладальніка, выгравіраваным на вечку. Джэнтльмена гэтага знайшлі з дапамогай «Судовага Даведніка», і, знаходзячыся цяпер тут, ён паказаў, што табакерка належыць яму і што ён выявіў яе адсутнасць колькі дзён таму, акурат калі выбраўся з таго натоўпу. Ён таксама заўважыў тады між людзей аднаго маладога джэнтльмена, які рашуча церабіў сабе шлях праз натоўп; гэты джэнтльмен сядзіць цяпер на лаве падсудных.

— У вас ёсць пытанні да сведкі, хлопчык? — сказаў суддзя.

— Я не буду прыніжацца размовай з ім, — адказаў Махляр.

— А наогул вы маеце што сказаць?

— Ты чуеш, яго міласць пытаюць, ці маеш ты што сказаць суду? — паўтарыў наглядчык і штурхнуў абезгалосеўшага Махляра локцем.

— Я прашу выбачыць, — Махляр з рассеяным выглядам падняў вочы. — Шаноўны, гэта вы да мяне звяртаецеся?

— Ніколі не бачыў такога маладога прайдзісвета, — заўважыў з усмешкай паліцыянт. — Ці хочаш яшчэ што-небудзь сказаць, юнак?

— Не, — адказаў Махляр, — тут — не, бо гэтая крама не выдае на храм правасуддзя; да таго ж, мой адвакат сёння ранкам снедае з віцэ-прэзідэнтам Палаты абшчынаў. Але ў іншых месцах я тое-сёе скажу, і ён скажа, і вялікае кола маіх уплывовых знаёмых, так што гэтыя кручкі пашкадуюць, што на свет нарадзіліся або што не загадалі сваім слугам павесіць іх замест капелюшоў на цвік перад тым, як ісці сёння ранкам сюды і праварочваць нада мной гэтыя штукі. Я...

— Даволі! Вырашана аддаць яго пад суд, — перапыніў яго клерк. — Вывесці.

— Пайшлі! — сказаў наглядчык.

— Іду, уга, — адказаў Махляр, чысцячы капялюш пучкамі пальцаў. — А вы (звяртаючыся да суддзяў) не рабіце выгляд, што баіцеся: я не саступлю, не пашкадую вас ні на вось столькі. Вы заплаціце, заплаціце за ўсё спаўна, мае даражэнькія. Не хацеў бы я быць на вашым месцы. Цяпер я не згадзіўся б выйсці на свабоду, нават калі б вы мяне на каленях пра гэта прасілі. Ну дык давайце, валачыце мяне ў камеру! Забірайце мяне!

Махляр дазволіў выцягнуць сябе за каўнер у двор; там ён пачаў пагражаць парламенцкім расследаваннем, а потым весела і нахабна ўхмыльнуўся ў твар паліцыянту.

Упэўніўшыся, што Махляра замкнулі ў адзіночцы, Ноэ хуценька накіраваўся туды, дзе пакінуў Мастэра Бэйца. Тут ён дачакаўся гэтага маладога джэнтльмена, які разважліва памарудзіў са з’яўленнем, уважліва назіраючы са схову, ці не высочвае ягонага новага сябра якая-небудзь надакучлівая асоба.

Удвух яны паспяшаліся дадому, каб паведаміць містэру Фэджыну радасную вестку, што Махляр аддае належнае атрыманаму выхаванню і пачынае заваёўваць бліскучую рэпутацыю.

РАЗДЗЕЛ ХLІV

Для Нэнсі надыходзіць час выканаць абяцанне, якое яна дала Роз Мэйлі. Яна церпіць няўдачу

Як ні была прызвычаеная Нэнсі хітраваць і прыкідвацца, але яна не здолела цалкам схаваць тое ўражанне, якое зрабіў на яе ўчынены ёю крок. Яна памятала, што і хітрамудры габрэй, і жорсткі Сайкс інфармавалі яе пра планы, якія заставаліся таямніцай для іншых, маючы поўную ўпэўненасць, што яна вартая даверу і знаходзіцца па-за ўсялякім падазрэннем. Якія б агідныя гэта ні былі планы, якімі б мярзотнікамі ні былі тыя, хто іх задумаў, і наколькі б моцнай ні была агіда ў стаўленні да Фэджына, які крок за крокам вёў яе ўсё ніжэй і ніжэй у бездань злачынства і нядолі, адкуль звароту ўжо няма, — усё-такі бывалі хвіліны, калі яна пачынала ставіцца лепш нават да яго, баючыся, як бы яе выкрывальная дзейнасць не прывяла яго ў тыя жалезныя ціскі, якіх ён так доўга пазбягаў, і як бы не здарылася так, што ён загіне — хоць ён цалкам заслужыў такі лёс — ад яе рукі.