Выбрать главу

Але такія ваганні духу не маглі цалкам адлучыць яе ад старых таварышаў і сувязей, хоць яна і магла засяродзіцца на адной мэце і не адхіляцца на іншае ні пад якім выглядам. Яе боязь за Сайкса не магла быць больш моцным матывам для адступлення, пакуль яшчэ быў час, але яна дамовілася, што яе таямніцу будуць захоўваць, адно што не дала ключа, які нейкім чынам дапамог бы яе адкрыць. Яна адмовілася дзеля яго нават ад магчымасці ачысціцца ад усёй мярзотнасці, ад злачынстваў, якія былі навокал яе — дык ці можна было зрабіць больш! Яна прыняла рашэнне.

Хоць яе ўнутраная барацьба ўсялякі раз заканчвалася гэтым рашэннем, але яна паўтаралася досыць часта і не магла прайсці бясследна. Нэнсі стала бледнай, схуднела літаральна за некалькі дзён. Часам яна не заўважала, што адбываецца наўкол, не брала ўдзелу ў размовах, у той час як раней гарлавала гучней за ўсіх. Іншы раз яна панура смяялася без падставы, або магла без дай прычыны ўсчаць свару. Іншым разам — нават адразу пасля эксцэсу — яна магла сядзець унурыўшыся, задумаўшыся, абапёршы галаву на рукі, і тыя высілкі, якія яна рабіла, ужо самі па сабе сведчылі, і сведчылі больш яскрава, чым згаданыя прыкметы, пра тое, што з ёй нешта не так і што думкі яе ніяк не стасуюцца з тым, што абмяркоўвалі яе кампаньёны.

Быў нядзельны вечар. Званы на бліжняй царкве пачалі адбіваць час. Сайкс і габрэй былі занятыя размовай, аднак перапыніліся, каб паслухаць, колькі часу. Дзяўчына, якая згорблена сядзела на зэдліку, таксама падняла галаву і прыслухалася. Адзінаццаць гадзін.

— Адна гадзіна да паўночы, — сказаў Сайкс, прыпадымаючы фіранку, каб выглянуць на вуліцу, і зноў сядаючы. — Цёмна, хмарна. Самы час для справы.

— Ах, — уздыхнуў габрэй. — Біл, мой даражэнькі, як шкада, што ў нас ніякой такой справы не прыпасена.

— Ты адразу пацэліў куды трэба, — панура згадзіўся Сайкс. — Шкада, таму што мне, да таго ж, яшчэ было б пад настрой.

Габрэй уздыхнуў і паныла пахітаў галавой.

— Я ведаю толькі, што, калі ў нас заладзіцца, мы нагонім страчаны час, — прамовіў Сайкс.

— Правільна гаворыш, мой даражэнькі, — габрэй нават не наважыўся паляпаць Сайкса па плячы. — Мне прыемна чуць гэта ад цябе.

— Прыемна чуць! — усклікнуў Сайкс. — Ну што ж, хай сабе.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў габрэй, як быццам гэтая саступка прынесла яму палёгку. — Сёння, Біл, ты зусім такі, як раней, адзін да аднаго, як раней.

— А я не пачуваюся як раней, калі ты кладзеш мне на плечы свае ўсохлыя старыя кіпці, так што забяры іх, — сказаў Сайкс і скінуў габрэеву руку.

— Біл, ты нервуешся; што, выдае на тое, быццам цябе схапілі? — сказаў габрэй, вырашыўшы не крыўдзіцца.

— Выдае на тое, што мяне схапіў д’ябал, — адпарыраваў Сайкс. — Яшчэ не было чалавека з такой мордай, як твая. Хіба што бацька твой, і я думаю, што яму цяпер, напэўна, падсмальваюць сіва-рыжую яго бараду. А можа, ты наўпрост паходзіш ад чорта, без аніякага бацькі, — я не здзівіўся б.

Фэджын нічога не адказаў на гэты камплімент, а толькі тузануў Сайкса за рукаў і паказаў пальцам на Нэнсі, якая скарысталася з іхняй размовы, каб апрануцца, і цяпер якраз надзявала на галаву капялюш, каб сысці.

— Гэй! — крыкнуў Сайкс. — Нэнсі, куды гэта, дзеўка, ты ўздумала ісці на ноч гледзячы?

— Недалёка.

— Што гэта за адказ? — запярэчыў Сайкс. — Куды ты выбралася?

— Кажу табе, недалёка.

— А я пытаю куды? — запярэчыў Сайкс. — Чуеш ці не: куды?

— Не ведаю куды, — адказала дзяўчына.

— Тады я ведаю, — сказаў Сайкс, не столькі таму, што ў яго былі важкія прычыны не пускаць яе, колькі адно з упартасці. — Нікуды. Сядай.

— Мне блага. Я ж казала табе, — запярэчыла дзяўчына. — Хачу падыхаць свежым паветрам.

— Дык высунь галаву ў акно, — адказваў Сайкс.

— Гэтага мала, — сказала дзяўчына. — Я хачу на вуліцу.

— Тады ты не пойдзеш, — адказаў Сайкс.