Выбрать главу

— Не будзем цяпер пра гэта, — сказаў габрэй. — Мы яшчэ з табой пагаворым пра гэта. Я сябар табе, Нэнсі, верны сябар. У мяне пад рукой ёсць сродкі, простыя і надзейныя. Калі ты хочаш адпомсціць таму, хто абыходзіцца з табой як з сабакам, — прыходзь да мяне. Кажу табе, прыходзь. Гэты мярзотнік табе — на пару дзён, а мяне ты ведаеш здаўна.

— Я добра вас ведаю, — сказала дзяўчына без аніякіх эмоцый. — Дабранач.

Калі Фэджын хацеў паціснуць ёй руку, яна адхілілася, але цвёрдым голасам яшчэ раз пажадала добрай ночы, адказала на ягоны развітальны пагляд кіўком разумення і замкнула за ім дзверы.

Заглыблены ў думкі, Фэджын накіраваўся дадому. Спакваля, паступова ў яго нараджалася падазрэнне (пацверджанае не толькі тым, што здарылася сёння, хоць гэта і сведчыла на карысць версіі), што Нэнсі, стомленая ад жорсткасці хатняга злодзея, вырашыла займець новага сябра. Яе новая манера паводзіць сябе, яе частыя адлучкі, пэўная абыякавасць да інтарэсаў банды, якімі яна горача цікавілася раней і, да ўсяго гэтага, яе нястрымнае жаданне пайсці ў той вечар з дому ў пэўны час, — усё гэта падтрымлівала яго здагадку і ператварала яе, прынамсі для яго, амаль ва ўпэўненасць. Аб’ект гэтай новай прыхільнасці быў не з асяродку яго падручных. Разам з Нэнсі ён мог быць каштоўным набыткам, і яго трэба было (так разважаў Фэджын) знайсці не марудзячы.

Нельга было губляць з поля зроку і іншай мэты, больш цёмнай. Сайкс ведаў надта шмат, а яго грубыя здзекі празмерна раздражнялі габрэя, адно што ён стараўся не паказваць гэтага. Дзяўчына мусіла добра разумець, што калі яна яго кіне, то не можа адчуваць сябе ў бяспецы ад ягонае лютасці, і што лютасць гэтая, напэўна, абрынецца на прадмет яе новай прыхільнасці, што можа прывесці да калецтва, а можа быць, нават да смерці. «Варта падгаварыць яе, — разважаў Фэджын, — і цалкам верагодна, што яна дасць згоду атруціць яго! Жанчыны дзеля гэтага рабілі рэчы шмат горшыя. Знікне небяспечны зладзей, чалавек, якога я ненавіджу, ягонае месца зойме другі, а мой уплыў на дзяўчыну, калі яго падмацуе гэтае злачынства, стане неабмежаваным».

Гэтыя развагі прамільгнулі ў галаве Фэджына, калі ён сядзеў у пакоі хатняга злодзея, пакінуты на кароткі час сам-насам з сабой; узяты імі ў палон, ён потым скарыстаў магчымасць праверыць іх дзеянне на дзяўчыне, кінуўшы ёй пры развітанні некалькі туманных намёкаў. Дзяўчына, адназначна, іх зразумела. Пра гэта сведчыў яе позірк, калі яны развітваліся.

Але магчыма, яна адхіснецца ад прапановы пазбавіць Сайкса жыцця, а гэты варыянт быў адным з галоўных, якія трэба было пралічваць. «Як мне павялічыць свой уплыў на яе? — думаў габрэй, цягнучыся дадому. — Які новы сродак мне знайсці?»

Такія галовы, як у Фэджына, могуць выдумваць сродкі. Ці не заручыцца ён яе згодай тады, калі пачне, скажам, не вырываючы ў яе прызнання, сачыць за ёй, і, высачыўшы прадмет яе новых прыхільнасцяў, стане пагражаць ёй раскрыць усю гісторыю Сайксу (якога яна вельмі баялася)?

— У мяне атрымаецца, — амаль уголас прамовіў Фэджын. — Тады яна не зможа мне адмовіць. Ні за што не зможа, ні за што! Усё гатова. Сродкі ў наяўнасці, і цяпер адно ўжывай. Вы ўсе ў мяне яшчэ вось дзе будзеце!

Ён з пагрозай азірнуўся і зрабіў агрэсіўны жэст галавой у той бок, дзе ён пакінуў нягодніка больш смелага, чым сам, а потым пайшоў сваёй дарогай, цярэбячы кашчавай рукой складкі дзіравага плашча, закручваючы іх так туга, быццам ён крушыў ненавіснага ворага.

РАЗДЗЕЛ XLV

Ноэ Клэйпал атрымлівае ад Фэджына сакрэтнае даручэнне

Наступным ранкам стары ўстаў рана і з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе новы хаўруснік, які нарэшце з вялікім спазненнем з’явіўся і прагна ўзяўся за сняданак.

— Болтэр, — сказаў габрэй, падсоўваючы крэсла і сядаючы насупраць. — Морыс Болтэр.

— Ну, тут я, — азваўся Ноэ. — Што здарылася? Не кажыце мне нічога пра справу, пакуль не паем. У вашай завядзёнцы гэта вялікая памылка. Ніколі не маеш часу, каб як належыць паесці.

— Ты што, не можаш гаварыць, калі ясі, ці што? — сказаў Фэджын, ад усёй душы праклінаючы пражорлівасць свайго маладога сябра.

— А як жа, магу. Калі я размаўляю, у мяне справы лепш ладзяцца, — сказаў Ноэ, адразаючы вялізную лусту хлеба. — Дзе Шарлот?

— Выйшла, — адказаў Фэджын. — Паслаў яе сёння з іншай маладой жанчынай, бо хацеў, каб мы былі адны.

— О! — усклікнуў Ноэ. — Лепш бы вы загадалі ёй спачатку зрабіць якіх там смажанак. Але добра. Выкладвайце. Вы мне не замінаеце.

Насамрэч, вялікай небяспекі перашкодзіць яму, відавочна, не было, бо ўсеўся ён за стол з выразным жаданнем папрацаваць як належыць.