— Учора ты ўсё зрабіў як трэба, мой даражэнькі, — ухваліў габрэй. — Выдатна! Шэсць шылінгаў дзевяць з паловай пенсаў за першы дзень! Вытрасанне птушанятаў прынясе табе багацце.
— Не забудзьцеся дадаць сюды тры кубкі па пінце кожны і збан для малака, — сказаў містэр Болтэр.
— Не, не, мой даражэнькі, — адказаў габрэй. — З кубкамі ты гэта добра правярнуў, а збан для малака і ўвогуле геніяльная работа.
— Я думаю, што для пачынальніка даволі добра, — самазадаволена зазначыў містэр Болтэр. — Кубкі я зняў з тыну, а збан стаяў сам сабе каля паба. Я падумаў, што ён можа заржавець ад дажджу або прастудзіцца, вядомая справа. Га? Гы-гы-гы!
Фэджын зрабіў выгляд, быццам ад душы смяецца, а містэр Болтэр, высмяяўшыся, адхапіў колькі разоў запар па вялікім кавалку ад свайго першага бутэрброда, пакончыў з ім і ўзяўся за другі.
— Болтэр, я хачу, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, перахіліўшыся цераз стол, — каб ты зрабіў для мяне адну справу, справу, якая вымагае стараннасці і асцярожнасці.
— Кажу ж вам, — запярэчыў Болтэр, — не піхайце мяне туды, дзе небяспека. Не пасылайце ў паліцэйскі пастарунак. Мне гэта не падыходзіць, майце на ўвазе.
— Тут не будзе аніякай небяспекі, зусім — сказаў габрэй, — трэба толькі павіжаваць за адной жанчынай.
— За старой? — спытаў Болтэр.
— За маладой, —адказаў габрэй.
— Я магу рабіць гэта выдатна, сам ведаю, — запэўніў Болтэр. — У школе я заўсёды быў спрытным жыгуном. А навошта за ёю сачыць? Каб...
— Не каб зрабіць ёй што-небудзь, — перапыніў яго габрэй, — а каб расказаць мне, куды яна ходзіць, з кім сустракаецца, і, магчыма, што гаворыць; каб запомніць вуліцу, калі гэта вуліца, дом, калі гэта дом, і прыносіць мне ўсю магчымую інфармацыю.
— Што мне за гэта будзе? — спытаў Ноэ, ставячы кубак і сквапна гледзячы свайму працадаўцу ў вочы.
— Калі зробіш усё як мае быць, то дам табе фунт, мой даражэнькі. Цэлы фунт, — сказаў Фэджын, жадаючы зацікавіць яго сваёй прапановай. — Столькі я не даваў яшчэ ні за якую работу, якая не давала асаблівай выгады.
— Хто яна? — пацікавіўся Ноэ.
— Адна з нашых.
— О Божа! — усклікнуў Ноэ, наморшчыўшы нос. — Вы, відаць, яе падазраяце, ці што?
— У яе з’явіліся нейкія новыя сябры, мой даражэнькі, і мне трэба ведаць, хто яны, — адказаў габрэй.
— Зразумела, — сказаў Ноэ. — Адно каб пазнаёміцца з імі, калі яны шляхотныя людзі, га? Гы-гы-гы! Тады я той, хто вам патрэбен.
— Я ведаў, што ты згодзішся, — усклікнуў Фэджын у захапленні ад поспеху свайго плана.
— Зразумела, — азваўся Ноэ. — А дзе яна? Дзе мне яе чакаць? Калі ісці?
— Я скажу табе ўсё гэта, мой даражэнькі. На яе я пакажу табе ў належны час, — сказаў Фэджын. — Будзь гатовы, а ў іншым я ўсё бяру на сябе.
Гэтым вечарам, і наступным, і яшчэ адзін вечар шпіён прасядзеў у ботах і поўнай выкладцы фурмана, гатовы выйсці на адзін знак Фэджына. Прайшло шэсць вечароў — шэсць стамляльных вечароў, — і кожны раз Фэджын прыходзіў дадому з роспачнай фізіяноміяй і коратка казаў, што яшчэ не час. На сёмы вечар ён вярнуўся раней і не мог прыхаваць радасці. Была нядзеля.
— Сёння ўвечары яна выходзіць, — сказаў Фэджын, — і я пэўны, што дзеля той самай справы. Яна цэлы дзень была адна, а мужчына, якога яна баіцца, вернецца толькі пад раніцу. Пайшлі. Хутчэй!
Ноэ, не кажучы ні слова, ускочыў: габрэй быў у стане такога ўзрушэння, што яно перакінулася і на шпіёна. Яны, крадучыся, пакінулі дом і лабірынтам завулкаў пракінуліся да карчмы, якую Ноэ пазнаў: гэта была тая самая карчма, дзе ён начаваў, калі толькі прыйшоў у Лондан.
Была дванаццатая гадзіна; дзверы карчмы былі зачыненыя. Яны нячутна адчыніліся, калі габрэй ціха свіснуў. Яны бясшумна ўвайшлі, і дзверы за імі зачыніліся.
З вялікай асцярогай, гаворачы шэптам, а болей замяняючы словы пантамімай, Фэджын і малады габрэй, які адчыніў ім, звярнулі ўвагу Ноэ на акенца, знакам запрасілі залезці наверх і паглядзець на асобу, якая сядзела ў сумежным пакоі.
— Гэта тая жанчына? — спытаў ён ледзь чутна.
Габрэй пацвердзіў, кіўнуўшы галавой.
— Я не магу разгледзець яе твар, — прашаптаў Ноэ. — Яна глядзіць уніз, ды і свечка стаіць у яе за спінай.
— Будзь пакуль там, — прашаптаў Фэджын.
Ён даў знак Барні, і той выйшаў. Праз момант Барні ўвайшоў у сумежны пакой, растлумачыў Нэнсі, што мусіць забраць свечку, каб зняць нагар, і пераставіў яе на патрэбнае месца; ён таксама сказаў дзяўчыне яшчэ нешта, і тая мусіла падняць галаву.
— Цяпер я яе бачу! — усклікнуў віж.
— Добра? — пацікавіўся габрэй.
— Я пазнаў бы яе з тысячы.
Ён хутка сышоў уніз, таму што дзверы адчыніліся, і ўвайшла дзяўчына. Фэджын адцясніў яго ў кут пакоя, аддзелены фіранкай, і яны туліліся там, стаіўшы дыханне, калі яна прайшла за некалькі футаў ад іхняга схову і знікла за дзвярыма, праз якія яны ўвайшлі.