— Дзіха! — усклікнуў хлапец, які адчыніў ім дзверы. — Бара!
Ноэ з Фэджынам паглядзелі адзін на аднаго, і віж выбег на вуліцу.
— Дадева! — прашаптаў хлапец. — Бярыся дадева, і трыбайся субрацьдегдага боку.
Ноэ паслухаўся і ў святле газавых ліхтароў убачыў фігуру дзяўчыны, якая ўжо нашмат яго апярэдзіла. Прытрымліваючыся супрацьлеглага боку вуліцы, ён наблізіўся да яе на такую дыстанцыю, якую лічыў за бяспечную і прыдатную для найлепшага назірання. Яна разы са два ці тры нервова азірнулася, аднойчы спынілася, каб прапусціць двух мужчын, якія ішлі адразу за ёю. Чым далей яна ішла, тым больш смялела — аж урэшце яе хада набыла ўпэўненасць і рашучасць. Віж захоўваў паміж ёй і сабой ранейшую дыстанцыю і не спускаў з яе вачэй.
РАЗДЗЕЛ ХLVІ
Спатканне адбылося
Царкоўны гадзіннік прабіў тры чвэрці дванаццатай, калі на Лонданскім мосце з’явіліся тры фігуры. Адна фігура, жанчына, ішла лёгкім, шпаркім крокам, нецярпліва аглядваючыся, быццам яна каго-небудзь спадзявалася тут убачыць; другая фігура, мужчына, туліўся да самых густых ценяў, якія толькі можна было знайсці, і здалёк прыстасоўваў сваю хаду да хады жаночай: спыняўся, калі спынялася яна, працягваў рух, калі яна зноў пачынала рухацца, але ніколі не дазваляў сабе ў запале пераследу дагнаць яе. Такім чынам яны перайшлі мост з боку Мідлсэкса на бераг Сэры, як раптам жанчына, пэўна, расчараваўшыся ў сваіх спадзяваннях, павярнула назад. Яна павярнула нечакана, але той, хто віжаваў за ёй, не быў заспеты знянацку: ён ушчаміўся ў пройму над быкамі моста, перагнуўся цераз парэнчы, каб лепш схавацца, і дачакаўся, пакуль яна не пройдзе міма па супрацьлеглым баку. Калі яна аддалілася прыкладна на тую самую адлегласць, як і раней, ён ціхенька выслізнуў з нішы і зноў пайшоў за ёю. Прыблізна на сярэдзіне моста яна спынілася. Мужчына таксама спыніўся.
Ноч была вельмі цёмная. Надвор’е было дрэннае, і ў гэты час на мосце людзей было зусім мала. Тыя, што былі там, спяшаліся міма і, напэўна, не заўважалі ні жанчыну, ні мужчыну. Ды і знешні выгляд іх быў не той, каб прыцягваць да сябе дакучлівую ўвагу лонданскіх жабракоў, якім той ноччу надарылася ісці цераз мост у пошуках якой-небудзь халоднай проймы або хібары без дзвярэй, дзе яны маглі б прыхіліць на ноч свае галовы, так што абое стаялі моўчкі, і ніхто не выяўляў жадання загаварыць з імі.
Над ракой вісеў туман, згушчаючы чырвонае святло агнёў, што гарэлі на маленькіх суднах, зашвартаваных да розных прычалаў; ад гэтага змрочныя пабудовы на берагах здаваліся яшчэ больш панылымі і невыразнымі. Старыя, чорныя ад сажы склады на абодвух берагах, цяжкія і змрочныя, падымаліся над шчыльным навалам дахаў і карнізаў і панура ўзіраліся ў ваду, занадта чорную, каб адбіваць нават іхнія грувасткія формы. У цемры віднеліся вежа старой царквы Сэнт-Сэйвіёр і шпіль царквы Святога Магнуса — старадаўніх гігантаў-стражаў антычнага моста, але лес мачтаў унізе і густа рассыпаныя шпілі цэркваў уверсе амаль зусім не былі бачныя.
Дзяўчына некалькі разоў неспакойна прайшлася ўзад-уперад — пад уважлівым наглядам замаскаванага віжа, — і тут цяжкі звон сабора Святога Паўла абвясціў пра смерць яшчэ аднаго дня. Над шматлюдным горадам апусцілася поўнач. На палац, на начную піўніцу, на вязніцу, на вар’ятню, на пакоі, дзе нараджаюцца, і пакоі, дзе паміраюць, на прытулкі здароўя і хваробы, на халодны твар нябожчыка і заспакоены сном твар дзіцяці — на ўсё апусцілася поўнач.
Не прайшло і дзвюх хвілін з таго часу, як званы адбілі дванаццаць, і вось непадалёку ад моста з кэба выйшлі маладая лэдзі і сівавалосы джэнтльмен. Яны адпусцілі карэту і пакрочылі прама на мост. Не паспелі яны ступіць на тратуар моста, як дзяўчына заўважыла іх і пайшла насустрач.
Яны ішлі ўперад, азіраючыся па баках, быццам чакалі нечага такога, што наўрад ці магло адбыцца, і тут раптам перад імі з’явілася дзяўчына. Яны спыніліся і ўскрыкнулі ад здзіўлення, але адразу змоўклі, бо якраз у гэты момант міма іх прайшоў, нават штурхнуў аднаго з іх, нейкі чалавек, адзеты па-вясковаму.
— Не тут, — паспешна сказала Нэнсі. — Я баюся гаварыць тут. Адыдзем... далей ад дарогі... можа, вось сюды, уніз па сходах.
Калі яна прамовіла свае словы і паказала рукой, у якім кірунку ім прапаноўвалася ісці, вясковец азірнуўся, груба запытаў, чаго гэта яны загарадзілі ўвесь тратуар, і пайшоў далей.