Сходы, на якія паказала Нэнсі, былі тыя самыя, якія на беразе Сэры, на тым самым баку, дзе і царква Сэнт-Сэйвіёр, утвараюць рачны прычал. Да гэтага месца і памкнуўся чалавек са знешнасцю вяскоўца. Яго не заўважылі. Ён хутка акінуў позіркам гэтае месца і пачаў спускацца.
Сходы гэтыя ёсць часткай моста. Яны маюць тры пралёты. Якраз каля канца другога пралёта, калі ісці ўніз, каменны мур злева заканчваецца пілястрам з арнаментам, звернутым у бок Тэмзы. У гэтым месцы прыступкі, якія ідуць ніжэй, расшыраюцца, так што чалавек, які паверне за мур, ніяк не можа быць заўважаным тымі, каму надарылася быць тут і хто стаіць вышэй за яго хоць на прыступку. Калі вясковец дайшоў да гэтага месца, ён агледзеўся. Паколькі нідзе не было больш схаванага куточка, а з-за адліву месца было дастаткова, ён падаўся ўбок і, прыціснуўшыся спінай да пілястра, чакаў там, упэўнены, што яны не будуць спускацца ніжэй і што нават калі ён не пачуе, пра што яны будуць гаварыць, дык зможа потым напэўна пайсці за імі следам.
Так памалу ішоў час у гэтым куточку і так не цярпелася шпегу выведаць прычыны спаткання, такога адрознага ад таго, якое ён разлічваў падслухаць, што ён некалькі разоў ужо быў падумаў, што справа не выгарэла, і даводзіў сабе, што яны або спыніліся вышэй, або накіраваліся дзеля сваёй таямнічай размовы ў якое-небудзь іншае месца. Ён ужо хацеў быў пакінуць сваё сховішча і падняцца наверх, калі раптам пачуў шоргат крокаў і адразу пасля гэтага галасы ледзь не над самым вухам.
Ён распластаўся, прыціснуўся да сцяны і, стаіўшы дыханне, лавіў кожнае слова.
— Даволі ісці, — сказаў голас, які, відавочна, належаў джэнтльмену. — Я не дапушчу, каб лэдзі рызыкавала ісці далей.
Няшмат хто даверыўся б вам настолькі, каб зайсці з вамі сюды, але ж я гатовы спрыяць вам.
— Спрыяць мне! — пачуўся голас дзяўчыны, якую ён высочваў. — Вы спагадны чалавек, сэр. Вы гатовыя спрыяць мне! Але няхай, не ў гэтым справа.
— Але з якой мэтай, — сказаў джэнтльмен ужо больш лагодна, — з якой мэтай вы прывялі нас у гэтае дзікае месца? Чаму не пагаварыць там, наверсе, дзе ёсць святло, дзе ходзяць людзі, замест таго, каб валачы нас у гэты цёмны, пракляты закутак!
— Я ўжо казала вам, — адказвала Нэнсі, — што я баюся гаварыць з вамі там. Не ведаю чаму, — працягвала яна, уздрыгваючы, — але на мяне сёння такі страх найшоў, што я ледзь стаю.
— Страх перад чым? — спытаў джэнтльмен, які, здавалася, шкадаваў яе.
— Я не ведаю, перад чым, — адказала дзяўчына. — А хацелася б ведаць. Цэлы дзень сёння, як насланнё, жахлівыя думкі пра смерць, відзежы нейкіх саванаў у крывавых плямах і такі жах, што я ўся гарэла, бы ў агні. Вечарам я ўзялася чытаць кніжку, каб прабавіць час, і такія самыя здані з’яўляліся між радкоў.
— Уява, — сказаў джэнтльмен, суцяшаючы яе.
— Не, не ўява, — азвалася хрыпатым голасам дзяўчына. — Клянуся, я бачыла, што на кожнай старонцы кнігі вялікімі чорнымі літарамі было напісана «труна». Але вось і сёння ўвечары на вуліцы паўз мяне пранеслі труну.
— У гэтым няма нічога незвычайнага, — сказаў джэнтльмен. — Паўз мяне іх часта праносілі.
— Сапраўдныя труны, — запярэчыла дзяўчына. — А гэтая была не такая.
У яе паводзінах было нешта такое незвычайнае, што ў затоенага віжа мурашкі пабеглі па целе, калі ён пачуў, як дзяўчына вымаўляе гэтыя словы, а кроў у яго жылах ажно застыла. Ніколі яшчэ ён не адчуваў большай палёгкі, як тады, калі пачуў мілы голас маладой лэдзі, якая пачала прасіць яе супакоіцца і не дазволіць сабе стаць ахвярай такіх страшных відзежаў.
— Гаварыце з ёй спагадна, — звярнулася маладая лэдзі да свайго кампаньёна. — Бедненькай гэта, відавочна, неабходна.
— Гэтыя фанабэрыстыя дабрадзеі, вашыя знаёмыя, адразу задралі б нос, калі б пабачылі мяне такой, якая я ёсць сёння, і пачалі б абяцаць пекла і парахаванне, — усклікнула дзяўчына.
— О дарагая лэдзі, чаму тыя, што лічаць, што яны выконваюць запаветы Божыя, не ставяцца да нас, нікчэмных стварэнняў, з такой самай спагадай і дабрынёй, як вы? Вы ж маладая і прыгожая, вы маеце ўсё, што яны ўжо страцілі, і маглі б ганарыцца, а вы больш сціплая, чым яны.
— О! — сказаў джэнтльмен. — Турак, памыўшы твар, паварочвае яго на Усход і прамаўляе свае малітвы, а гэтыя добрыя людзі, якія ад судакранання са Светам назаўсёды страцілі ўсмешку на твары, з не меншай рэгулярнасцю паварочваюцца да цёмнага боку Нябёсаў. Калі выбіраць паміж мусульманінам і фарысеем, то я выберу першага.
Гэтыя словы, відаць, прызначаліся маладой лэдзі, і магчыма, што яны былі прамоўленыя, каб даць Нэнсі час супакоіцца. Неўзабаве джэнтльмен зноў звярнуўся да Нэнсі.