Джэнтльмен паспешліва сказаў, што гэта адбылося з ім падсвядома, і папрасіў працягваць.
— Частку гэтых звестак, — казала далей дзяўчына, — я выпытала ў іншых людзей у тым доме, пра які я вам казала, бо сама я бачыла яго адно два разы, і кожны раз ён быў захінуты ў шырокі плашч. Здаецца, гэта ўсё, што я магу вам паведаміць пра яго, каб вы яго пазналі. Але не, пачакайце, — дадала яна, — у яго на шыі пад шыйнай хусткай, так што бачна, калі ён паварочвае галаву, ёсць...
— Шырокая чырвоная пляма, быццам ад апёку! — усклікнуў джэнтльмен.
— Як? — сказала дзяўчына. — Вы яго ведаеце?
Маладая лэдзі ад здзіўлення вохнула, і яны нейкі час стаялі так ціха, што слухач выразна чуў іхняе дыханне.
— Здаецца, так, — сказаў джэнтльмен, парушаючы маўчанне. — Я пазнаў бы яго праз вашае апісанне. Паглядзім. Шмат хто з людзей падобны да іншых. Можа быць, гэта не ён.
Сказаўшы гэта з робленай абыякавасцю, ён наблізіўся да схову віжа на крок або два; пра гэта шпіён мог меркаваць па тым, як выразна ён пачуў мармытанне джэтльмена: «Няйначай гэта ён!»
— А цяпер, — працягваў ён (мяркуючы па тым, як гучаў ягоны голас, ён вяртаўся на ранейшае месца), — пасля таго як мы атрымалі ад вас вельмі вялікую дапамогу, мы хочам нейкім чынам аддзячыць вам, нашай памочніцы. Што я магу для вас зрабіць?
— Нічога, — адказала Нэнсі.
— Не настойвайце на гэтых словах, — сказаў джэнтльмен; у ягоным голасе было столькі спагады і пачуцця, што гэта кранула б і сэрца больш чэрствае і жорсткае. — Дык падумайце. Скажыце мне.
— Нічога, сэр, — адазвала, усхліпваючы, дзяўчына. — Вы нічым не можаце дапамагчы мне. У мяне больш няма аніякае надзеі.
— Вы самі сябе пазбаўляеце гэтай надзеі, — сказаў джэнтльмен. — Да гэтага вы дарэмна трацілі свае маладыя сілы, той бясцэнны скарб, якім Творца надзяляе толькі раз і які ёсць незваротным, але што да будучыні, дык вы можаце спадзявацца. Я не кажу, што ў нашых сілах прапанаваць вашаму сэрцу і душы спакой, бо гэта адбудзецца, калі вы самі будзеце да яго імкнуцца, але спакойны прытулак у Англіі або, калі вы баіцеся тут заставацца, недзе за мяжой, мы не толькі маглі б, але івельмі хацелі б вам забяспечыць. Яшчэ да золку, перад тым, як рака прачнецца пры першых проблісках дня, вы будзеце па-за межамі дасягальнасці вашых былых супольнікаў і не пакінеце за сабой ніякіх слядоў, як быццам вы ў адзін момант зніклі з твару зямлі. Дык хадземце! Я не хачу, каб вы вярнуліся назад і абмяняліся хоць словам са сваімі ранейшымі таварышамі або адно пабачылі старыя мясціны, адно ўдыхнулі паветра, якое нясе пошасць і якое пагібельнае для вас. Пакіньце гэта ўсё, пакуль у вас ёсць час і магчымасць!
— Цяпер яе можна будзе пераканаць, — усклікнула маладая лэдзі. — Яна вагаецца, я ўпэўненая.
— Баюся, што не, мая дарагая, — сказаў джэнтльмен.
— Не, сэр, я не вагаюся, — адказала дзяўчына пасля кароткай барацьбы з сабой. — Я прыкутая да майго ранейшага жыцця. Цяпер я ім пагарджаю, ненавіджу яго, але пакінуць яго не магу. Пэўна, я занадта далёка зайшла, каб вярнуцца назад, — я не ведаю, бо калі б вы так загаварылі са мной колькі часу таму назад, то я адно пасмяялася б. Але, — сказала яна, паспешліва агледзеўшыся, — гэты страх зноў находзіць на мяне. Мне трэба ісці дадому.
— Дадому! — паўтарыла маладая лэдзі, падкрэсліўшы вымаўленнем гэтае слова.
— Так, лэдзі, дадому, — адказала дзяўчына. — У той дом, які я заслужыла, вырабіла сабе ўсім сваім жыццём. Развітаемся. Мяне могуць высачыць або ўбачыць. Ідзіце! Ідзіце! Калі я зрабіла вам паслугу, то ўсё, пра што я вас прашу — гэта пакінуць мяне, даць мне магчымасць самой ісці сваім шляхам.
— Усё гэта бяссэнсава, — уздыхнуў джэнтльмен. — Можа быць, застаючыся тут, мы рызыкуем яе бяспекай. Мы затрымалі яе больш, чым яна разлічвала.
— Так, вы мяне затрымалі, — падхапіла дзяўчына.
— Дык чым жа закончыцца жыццё гэтага беднага стварэння? — усклікнула маладая лэдзі.
— Чым? — паўтарыла дзяўчына. — Паглядзіце ўперад, маладая лэдзі. Паглядзіце на гэтую чорную ваду. Колькі разоў ужо вы чыталі пра такіх, хто кінуўся ў ваду і не пакінуў ніводнай жывой істоты, якая мела б да яго нейкую спагаду, аплаквала б яго! Праз некалькі гадоў, а можа, і праз некалькі месяцаў гэта будзе і маім шляхам.
— Малю вас, не кажыце так, — папрасіла, усхліпваючы, маладая лэдзі.
— Гэта ніколі не дасягне вашых вушэй, дарагая лэдзі, і крый Божа, каб вы гэта пачулі! — адказала дзяўчына. — Дабранач, дабранач!