Выбрать главу

Джэнтльмен адвярнуўся.

— Вось грошы! — усклікнула маладая лэдзі, працягваючы ёй гаманец. — Вазьміце іх дзеля мяне, каб у вас былі хоць якія сродкі ў час нэндзы і гора.

— Не! — запярэчыла дзяўчына. — Я гэта зрабіла не дзеля грошай. Хачу памятаць пра гэта так, як яно ёсць. Хіба што — дайце мне якую-небудзь рэч, якую вы носіце, — не, не пярсцёнак, — вашыя пальчаткі, вашу насоўку — што-небудзь, што я магу мець і ведаць, што яно належала вам, мілая лэдзі. Дзякуй. Блаславі вас Бог! Дабранач! Дабранач!

Моцнае ўзрушэнне дзяўчыны, якая баялася, што калі яе ўбачаць, то быць ёй бітай, прымусіла джэнтльмена адпусціць яе, як яна прасіла. Пачуліся крокі, яны аддаляліся. Галасы неўзабаве сціхлі.

Хутка на мосце з’явіліся фігуры маладой лэдзі і яе кампаньёна. Яны спыніліся на верхняй пляцоўцы лесвіцы.

— Пачакайце! — выгукнула маладая лэдзі. — Яна кліча нас! Мне здаецца, я чую яе голас.

— Не, мая мілая, — адказаў містэр Браўнлоў, маркотна азіраючыся. — Яна не зрушылася з месца і не зрушыцца, пакуль мы не пойдзем.

Роз Мэйлі марудзіла, але стары джэнтльмен прасунуў яе руку пад локаць сваёй і мякка, але настойліва павёў яе прэч. Калі яны зніклі, дзяўчына амаль плазам павалілася на каменныя прыступкі і пачала выліваць свой душэўны боль у горкіх слёзах.

Праз нейкі час яна ўстала і, хістаючыся, няпэўна ступаючы, паднялася на дарогу. Агаломшаны віж заставаўся на сваім пасту яшчэ некалькі хвілін, а потым, некалькі разоў асцярожна агледзеўшыся навокал і пераканаўшыся, што ён адзін, паціху выпаўз са свайго сховішча і падняўся па лесвіцы, крадучыся ў цені мура — таксама, як ён прабраўся сюды.

Ноэ Клэйпал дасягнуў верхняй прыступкі і шматкроць агледзеў ваколіцу, каб быць пэўным, што яго ніхто не бачыць, а потым памчаўся што было сілы і дасягнуў дома габрэя так хутка, як толькі маглі яго несці ногі.

РАЗДЗЕЛ ХLVІІ

Фатальныя наступствы

Да світання заставалася гадзіны дзве; гэта быў восеньскі час года, які з поўным правам называюць глухой ноччу. Вуліцы агорнутыя маўчаннем і зусім бязлюдныя, і нават гукі быццам бы ахінуў моцны сон, а распуста ды разгул, хістаючыся, ідуць дадому паспаць. Якраз гэтым ціхім і маўклівым часам сядзеў у сваёй старой бярлозе габрэй. Сядзеў без сну, з тварам такім перакошаным і бледным, з такімі налітымі крывёй, чырвонымі вачыма, што менш за ўсё ён быў падобны на чалавека, а болей — на нейкую агідную здань, якая паднялася з магілы і апанаваная была нейкім злым духам.

Ён сядзеў згорблены каля халоднага агменя, захінуўшыся ў старое рыззё, павярнуўшыся тварам да агарка свечкі, які стаяў перад ім на стале. Яго правая рука была паднятая да вуснаў, і калі ён, паглыблены ў думкі, грыз свае доўгія чорныя пазногці, то паміж бяззубых дзяснаў бачныя былі некалькі іклаў, якія бываюць у сабакі ці ў шчура.

На падлозе моцным сном спаў Ноэ Клэйпал, раскінуўшыся на матрацы. Часам стары скіроўваў свой позірк у яго бок, потым зноў пераводзіў яго на свечку, абгарэлы кнот якой сагнуўся амаль удвая, а гарачае сала камякамі абвальвалася на стол, відавочна паказваючы, што думкі старога былі дзесьці далёка адсюль.

Яны насамрэч былі далёка. Роспач з-за крушэння адмысловага плана, нянавісць да дзяўчыны, якая наважылася звязацца з чужымі людзьмі, поўнае нявер’е, што яна быццам бы не выдасць яго, горкае расчараванне з-за страты магчымасці адпомсціць Сайксу, страх выкрыцця, страты ўсяго, страх смерці, дзікая, нестрыманая лютасць, — вось якія пачуцці апанавалі, як віхор, розум Фэджына, у той час як сэрца яго грызлі д’ябальскія думкі ды самыя чорныя намеры.

Ён сядзеў так, не мяняючы позы, страціўшы, здавалася б, адчуванне часу, пакуль ягоны чуйны слых не данёс да яго крокі з вуліцы.

— Нарэшце, — прамармытаў габрэй, працягнуўшы рукой па засмяглым, гарачым роце. — Нарэшце!

У адначассе з ягоным голасам прагучаў ціхі званок. Ён споўз па прыступках да дзвярэй і неўзабаве вярнуўся з нейкім да барады захутаным у шалік чалавекам, які трымаў пад пахай якісьці клунак. Сеўшы і скінуўшы верхняе адзенне, чалавек аказаўся дужым Сайксам.

— Вось! — сказаў ён і паклаў клунак на стол. — Паклапаціся пра гэта, зрабі, што ў тваіх сілах. Каштавала шмат, каб дастаць. Думаў, што буду тут яшчэ тры гадзіны таму.

Фэджын узяў клунак, замкнуў яго ў шафе і зноўку сеў, не прамовіўшы ні слова. Аднак за ўвесь час гэтай дзеі ён ні на момант не адвёў вачэй ад Сайкса і цяпер, седзячы якраз насупраць, глядзеў на яго застыглым позіркам. Яго вусны так трэсліся, а твар так змяніўся з-за апанаваўшых яго эмоцый, што хатні злодзей міжволі адсунуў сваё крэсла і ўтаропіўся ў яго з непадробным страхам.