— Чаго! — усклікнуў Сайкс. — Чаго на мяне так глядзіш!
Габрэй падняў сваю правую руку і з пагрозаю патрос у паветры
дрыжачым указальным пальцам, але ён быў настолькі ўзрушаны, што на момант пазбавіўся мовы.
— Каб цябе трасца ўзяла! — сказаў Сайкс, мацаючы з устрывожаным выглядам нешта ў сябе за пазухай. — Ён звар’яцеў. Трэба асцерагчыся.
— Не, не, — адпрэчыў Фэджын, да якога вярнуўся голас. — Гэта не... гэта не ты, Біл... Я не магу... за табой няма ніякага граху, Біл.
— Няма. Няма, кажаш, — прамовіў Сайкс, пільна гледзячы на яго і дэманстратыўна перакладваючы пісталет у больш зручную кішэню. — Гэта добра — для аднаго з нас. Няважна, хто гэты адзін.
— Тое, што я маю сказаць, Біл, — працягваў габрэй, падцягваючы крэсла бліжэй, — горш хутчэй для цябе, чым для мяне.
— Ну? — азваўся недаверліва рабаўнік. — Выкладвай давай! Ды хутчэй давай, а то Нэнсі падумае, што я трапіў.
— Трапіў! — усклікнуў Фэджын. — Добра ж абгаблявала яна справу, трапіў, гэта факт.
Сайкс з выглядам поўнага неўразумення паглядзеў габрэю ў твар і, не знайшоўшы здавальняючага рашэння загадкі, згроб яго сваёй вялізнай ручыскай за каўнер ды патрос у паветры.
— Ану давай, кажы! — прамовіў ён. — А то хутка дыхалкі забракуе. Адкрый свой рот і скажы проста і зразумела. Распакоўвайся давай, чорт стары, хутчэй!
— Уяві сабе, што гэты хлопец там... — пачаў Фэджын.
Сайкс павярнуўся тварам туды, дзе спаў Ноэ, як быццам не бачыў яго дасюль.
— Ну! — сказаў ён і прыняў ранейшую паставу.
— Уяві сабе, што гэты хлопец задумаў данесці... здрадзіць нам, знайшоў адпаведных людзей, прызначыў ім спатканне на вуліцы, каб апісаць, як мы выглядаем, згадаць кожную адметную нашу рысу, з якой нас можна пазнаць, а таксама месца, дзе нас лягчэй за ўсё схапіць. Давай уявім, што ён усё гэта зрабіў, хоча яшчэ выдаць адну справу, у якой мы ўсе павязаныя, больш ці менш, — і ўсё гэта па сваёй прыхамаці, не будучы схопленым, кінутым у сутарэнне, катаваным, без падказкі святара, не седзячы на вадзе ды хлебе, але самахоць, крадзе час уночы, каб знайсці нашых ганіцеляў і данесці на нас. Ты чуеш мяне? — усклікнуў габрэй, і яго вочы загарэліся гневам. — Уявім, што гэта так. Што тады?
— Што тады! — паўтарыў Сайкс, дадаўшы жахлівае брыдкаслоўе. — Калі б яго пакінулі жыць да майго прыходу, я разбіў бы маім жалезным абцасам яго чарапянку на столькі кавалкаў, колькі ў яго валасоў на галаве.
— А калі б гэта зрабіў я? — амаль загаласіў Фэджын. — Я, хто ведае так шмат і даў бы падставу павесіць побач з сабой шмат каго яшчэ!
— Не ведаю, — адказаў Сайкс, сцяўшы зубы і пабялеўшы ад адной думкі пра гэта. — У вязніцы я ўчыніў бы нешта такое, каб мяне закавалі ў кайданы, і калі б надалей мяне судзілі разам з табой, то на паседжанні суда я ўзяў бы цябе ў абарот і перад усімі людзьмі выбіў бы мазгі з твае галавы. У мяне дастала б сілы, — прамармытаў рабаўнік, падымаючы сваю моцную руку, — так урэзаць па тваім кумпалу, як быццам яго пераехаў нагружаны воз.
— Дапраўды?
— Дапраўды! — сказаў хатні злодзей. — Давай паспрабуем.
— Няхай гэта быў бы Чарлі, або Махляр, або Бэт, або...
— Няважна хто, — нецярпліва адказаў Сайкс. — Хто б гэта ні быў, яго спасцігнуў бы адзін і той самы лёс.
Фэджын яшчэ раз пільна зірнуў на рабаўніка, даў яму знак маўчаць, нахіліўся над пасцеллю на падлозе ды стаў будзіць спячага. Сайкс у сваім крэсле нахіліўся, паклаўшы рукі на калені, глядзеў перад сабой у недаўменні, не разумеючы, чым могуць скончыцца гэткія пытанні і падрыхтоўка.
— Болтэр, Болтэр, бядача! — казаў Фэджын, і ў яго позірку быў агонь хуткай развязкі, а голас гучаў мерна і акцэнтавана. — Ён стаміўся, стаміўся сачыць за ёй так доўга, сачыць за ёй, Біл.
— Што ты маеш на ўвазе? — спытаў Сайкс, адхіліўшыся назад.
Габрэй не адказаў, але зноў нахіліўся над спячым, падняў і
пасадзіў яго. Калі ўмоўнае яго імя прагучала яшчэ колькі разоў, Ноэ пацёр вочы, на ўвесь рот пазяхнуў і пачаў сонна азірацца.
— Раскажы мне гэта яшчэ раз, раскажы яшчэ раз, каб ён пачуў, — прамовіў габрэй і паказаў на Сайкса.
— Што вам распавесці? — спытаў сонны Ноэ і незадаволена пацягнуўся.
— Гэта, пра НЭНСІ, — сказаў габрэй, схапіўшы Сайкса за запясце рукі, быццам баяўся, што той пойдзе з дому, не даслухаўшы, што мае сказаць Ноэ. — Дык ты пайшоў услед за ёй?
— Але.
— Да Лонданскага моста?
— Так.
— Дзе яна сустрэлася з двума людзьмі?
— Але, сустрэлася.
— З джэнтльменам і лэдзі, да якой яна яшчэ раней хадзіла самахоць, і яны прапанавалі ёй выдаць усіх сваіх таварышаў, найперш Манкса, што яна зрабіла, і апісаць яго, што яна таксама зрабіла, і расказаць ім, дзе дом, у якім мы ўсе збіраемся, што яна зрабіла, адкуль за ім найзручней можна сачыць, што яна таксама зрабіла, і сказаць, у які час мы збіраемся, што яна гэтаксама зрабіла. Яна ўсё гэта зрабіла. Яна ўсё гэта распавяла слова да слова, без боязі, не запнуўшыся, сказала — хіба не? — выкрыкнуў габрэй, напалову звар’яцелы ад шаленства.