Мужчына зацята спрабаваў вызваліць рукі, але рукі дзяўчыны абдымалі яго, і як ён ні намагаўся, але не мог адарваць іх ад сябе.
— Біл! — усклікнула дзяўчына, спрабуючы пакласці галаву на яго грудзі. — Джэнтльмен і гэтая мілая лэдзі казалі мне ўчора пра дом у далёкай краіне, дзе я магла б пражыць свае дні ў адасабленні і спакоі. Дай мне магчымасць яшчэ пабачыцца з імі і папрасіць іх, стоячы на каленях, аказаць такую ж міласць і табе, і давай удваіх пакінем гэтае жахлівае месца і зажывем далёка адсюль і адно ад аднаго лепшым жыццём і не будзем успамінаць ніколі пра тое, як жылі, толькі ў малітвах, і больш ніколі не сустрэнемся. Ніколі не позна пакаяцца. Так яны мнеказалі... цяпер — я адчуваю, што гэта правільна — але нам трэба мець час — хоць крышачку часу!
Зладзей вызваліў адну руку і намацаў пісталет. Але, нягледзячы на выбух лютасці, у ягонай галаве высвецілася думка, што ён адразу будзе раскрыты, калі стрэліць, і ён з усяе сілы ўдарыў пісталетам два разы зверху ўніз па твары дзяўчыны, які амаль дакранаўся да ягонага.
Яна захісталася і ўпала, амаль нічога не бачачы з-за крыві, якая пацякла з глыбокай раны на лбе, але з натугай узбілася на калені, дастала з-за пазухі белую насоўку — падарунак ад Роз Мэйлі — падняла яе ў складзеных руках да неба так высока, як дазвалялі яе слабыя сілы, і прашаптала ціхую малітву да Усявышняга, просячы міласэрнасці.
Гэта была прывідная карціна. Забойца адхіснуўся да сцяны, захінаючы вочы рукой, схапіў цяжкую дубіну і адным ударам збіў дзяўчыну з ног. Больш яна не паднялася.
РАЗДЗЕЛ ХLVІІІ
Уцёкі Сайкса
Зусіх злачынстваў, учыненых пад покрывам цемры ў межах Лондана за тую ноч, гэтае было самае страшнае. З усіх жахлівых дзеяў, якія атруцілі паветра ўранні, гэтая была самая агідная і самая жорстая.
Сонца — яркае сонца, якое даруе чалавеку не толькі святло, але і новае жыццё, надзею, бадзёрасць — у прамяністай яснасці ўзышло над шматлюдным горадам. Яно ў аднолькавай меры прамянілася і праз дарагія вітражы, і праз акно, заклеенае паперай, праз саборны купал і праз шчыліну хаціны. Яно асвяціла пакой, у якім ляжала забітая жанчына. Яно асвяціла яе. Сайкс паспрабаваў захінуць сонцу доступ, але дарма: яно ўсё роўна прасвечвала. Калі гэтае відовішча было прывідным на золку, то якім яно стала цяпер, пры такім яркім святле!
Ён не рухаўся; ён баяўся рухацца. Пачуўся стогн, торгнулася рука, і, ахоплены жахам і нянавісцю, ён стукнуў, стукнуў яшчэ раз. Ён накінуў на яе посцілку, але ўяўляць яе вочы, скіраваныя да яго, было горш, чым бачыць, што яны глядзяць уверх, быццам углядваючыся ў адлюстраванне лужыны крыві, якое мільгацела і скакала ў святле сонца на столі. Ён зноў садраў посцілку. Тут было цела — адно плоць і кроў, не болей, але затое якая гэта была плоць, і колькі тут было крыві!
Ён чыркнуў запалкай, распаліў у каміне, сунуў туды дубінку. На яе канцы прыліплі валасы; цяпер яны разам згарэлі, ператварыліся ў лёгкі попел і, падхопленыя цягай, кружляючы, паляцелі ў дымнік. Нават гэта напалохала яго, хоць ён быў смелым, але ён трымаў прыладу забойства, пакуль тая не прагарэла і не зламалася, а потым кінуў яе на вуголле, каб яна зусім згарэла і ператварылася ў попел. Ён памыўся, пачысціў сваю вопратку. Былі сляды, якія не паддаваліся выдаленню, і ён выразаў іх ды кінуў на агонь. Колькі гэтых плям было ў пакоі! Нават сабачыя сляды былі крывавымі.
Увесь гэты час ён ні разу не павярнуўся спінай да трупа — так, ні разу. Закончыўшы падрыхтоўку, ён спінай рушыў да дзвярэй, цягнучы за сабой сабаку, каб той зноў не запэцкаў лапы і не вынес на вуліцу новых доказаў злачынства. Ён асцярожна зачыніў дзверы, замкнуў іх, узяў ключ і пайшоў з дому.
Ён перайшоў дарогу, падняў галаву і паглядзеў на акно, каб упэўніцца, што звонку нічога не бачна. Фіранка, якую яна хацела адсунуць, каб упусціць святло, якога так і не ўбачыла, была захінутая. Яна ляжала дзесьці пад ёй. Ён ведаў гэта. Божа, як свяціла сонца якраз на гэтае месца!
Пагляд быў мімалётны. Якая палёгка, што ён выбраўся з гэтага пакоя! Ён свіснуў сабаку і падаўся прэч.
Ён прайшоў праз Айлінгтон, потым падняўся на пагорак ля Хайгэйт, на якім стаіць камень у гонар Уітынгтона, павярнуў на Хайгэйт-Хіл, бязмэтна, без веды, куды ідзе, зноў павярнуў направа адразу пасля таго, як пачаў спускацца з пагорка, падаўся палямі па сцежцы, абагнуў Сайн-Вуд і выйшаў такім чынам на Хэмстэд-Хіт. Ён перасёк лагчыну ля Даліны Здароўя, ускараскаўся па крутым адхоне і, перасекшы дарогу, якая злучае вёскі Хэмпстэд і Хайгэйт, прайшоў рэшту шляху да палёў ля Норс-Энд, дзе залёг пад агароджу з кустоў і заснуў.