Хутка ён прачнуўся і зноў пайшоў — не ад Лондана, а гасцінцам назад у горад, потым зноў назад, потым перасёк тую самую пустку, якую ўжо праходзіў, потым хадзіў узад-уперад па палёх, клаўся на закрайках канаў адпачываць, ускокваў, пераходзіў на новае месца, зноў рабіў тое самае і зноў блукаў, зноў ішоў абы-куды.
Куды паблізу можна пайсці, дзе не занадта людна, каб атрымаць што-небудзь паесці і папіць? У Хэндан. Гэта было добрае месца, не занадта далёка і па-за люднымі шляхамі. Туды ён і накіраваўся — дзе подбегам, а дзе дзіўным чынам рухаючыся з хуткасцю слімака, а іншым разам і наогул спыняючыся ды ад няма чаго рабіць збіваючы кіем галіны з кустоў. Але калі ён прыйшоў туды, то яму пачало здавацца, што ўсе, хто яму сустракаўся — нават дзеці ля дзвярэй, — глядзяць на яго з падазрэннем. Ён зноў павярнуўся назад, не насмеліўшыся купіць чаго-небудзь на зуб, хоць і не меў нічога ў роце ўжо шмат гадзін. І вось ён зноў пасунуўся верасковай пусткай, не ведаючы, куды кіравацца далей.
Ён праходзіў мілю за міляй, пакуль не вяртаўся зноў на старое месца. Прайшлі ранак і полудзень, дзень быў на сыходзе, а ён усё яшчэ таптаўся на адным месцы, ішоў то на пагорак, то з пагорка, зноў вяртаўся назад і не адыходзіўся далёка ад аднаго і таго ж месца. Нарэшце ён пайшоў убок і накіраваўся на Хэтфілд.
Было дзевяць вечара, калі ён, канчаткова выбіўшыся з сіл, а з ім і сабака, які кульгаў ад нязвыклай нагрузкі, спусціліся з пагорка ля царквы ў ціхай вёсцы, праслізнулі па малой вулачцы і зацягнулі свае косці ў невялікі шынок, цьмяны агеньчык якога прывабіў іх. У пакоі гарэў камін, каля яго сядзелі сяляне і выпівалі. Яны далі месца незнаёмцу, але ён сеў у самым дальнім кутку і еў ды піў адзін, калі не лічыць сабакі, якому ён час ад часу кідаў кавалак.
Размова людзей, якія сабраліся тут, круцілася вакол суседніх палёў, фермераў, а калі гэтыя тэмы вычарпаліся, то пачалі гаварыць пра ўзрост нейкага старога, якога пахавалі мінулай нядзеляй: маладыя сцвярджалі, што ён быў вельмі стары, а людзі больш сталага веку заяўлялі, што той быў яшчэ даволі малады — адзін сівавалосы дзед казаў, што не старэйшы за яго, і каб глядзеў за сабой, то пажыў бы яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць, — але каб глядзеў за сабой.
У гэтай размове не было нічога такога, што магло б прыцягнуць увагу або выклікаць непакой. Забойца заплаціў па рахунку і непрыкметна, моўчкі сядзеў у сваім кутку. Ён ледзь не заснуў, як раптам у шынку з’явіўся нейкі новы чалавек.
Гэта быў карабейнік, вастраслоў і махляр, які вандраваў па вёсках, гандлюючы брускамі, рамянямі для праўкі лёзаў, брытвамі, круглым мылам, маззю для вупражы, лекамі для сабак і коней, таннай парфумай, касметыкай ды іншымі падобнымі таварамі, якія ён насіў у скрынцы за спінай. Яго прыход быў для вяскоўцаў сігналам да рознага кшталту жартачкаў, якія не змаўкалі, пакуль ён не павячэраў і не раскрыў сваёй скрынкі са скарбамі, даўшы волю языку і паяднаўшы карыснае з прыемным.
— А гэта што за тавар? Як ён на смак, Гары? — спытаў, ухмыляючыся, адзін з вяскоўцаў і паказаў на нейкія пліткі ў кутку скрынкі.
— Гэта, — адказваў хлапчына, выцягваючы адну з плітак, — гэта найлепшы, незамяняльны сродак для выдалення ўсялякіх плям, іржы, бруду, пырскавых плям з ядвабу, атласу, ільнянога палатна, сукна, крэпу, шэрсці, дываноў, мерыносавай шэрсці, мусліну, бамбазіну і любой іншай шарсцяной тканіны. Плямы ад віна, садавіны, ягад, ліманаду, фарбы і дзёгцю — усе выводзяцца, калі адно пацерці гэтым незаменным саставам. Калі якая-небудзь лэдзі запляміць свой гонар, то ёй дастаткова будзе праглынуць адну толькі плітку — і адразу ўсё будзе як трэба, бо гэта атрута. Калі які-небудзь джэнтльмен захоча праверыць сябе — няхай прыме адну толькі маленькую плітку — і не будзе пытанняў, бо дзейнічае ён што тая куля і на смак шмат агіднейшы, так што гонар яму і слава, калі ён прыняў гэты сродак. Пені за штуку! Пры ўсіх вартасцях усяго пені за штуку!
Адразу знайшліся два пакупнікі; шмат хто са слухачоў вагаўся. Прадавец заўважыў гэта і пачаў нахвальваць свой тавар яшчэ больш.
— Усё купленае яшчэ ў мануфактуры, з-пад рук рабочых! — працягваў ён. — Чатырнаццаць вадзяных млыноў, шэсць паравых машын і адзін акумулятар працуюць без перапынку, але не паспяваюць вырабіць даволі, хоць людзі працуюць не пакладаючы рук, людзі паміраюць, працуючы, і ўдовам адразу даюць пенсію, дваццаць фунтаў у год на дзіця, а на блізнятаў — пяцьдзясят. Усяго пені за плітку! Можна і два паўпенсы, чатыры фартынгі таксама бяру з радасцю! Адзін пені за плітку! Плямы ад віна, садавіны, ліманаду, фарбы, бруду, крыві! Вось на капелюшы гэтага джэнтльмена з вашай кампаніі — я выведу яе, не паспее ён замовіць мне пінту элю...