— Ён заб’е мяне! — залямантаваў Ноэ. — Шарлот! Місіс! Новы вучань забівае мяне! Ратуйце! На дапамогу! Олівер звар’яцеў! Шарлот!
На лямант Ноэ пачуўся адказ — гучны крык Шарлот і яшчэ больш гучны — місіс Саўэрберы; першая прыбегла на кухню праз бакавыя дзверы, апошняя па лесвіцы, прычым яна затрымалася на лесвічным маршы, пакуль не ўпэўнілася, што нічога не пагражае чалавечаму жыццю, і толькі потым сышла долу.
— Ах ты нягоднік, — завіскатала Шарлот, ушчаперыўшыся ў Олівера з усяе сілы, прыблізна роўнай сіле даволі дужага мужчыны, які рэгулярна і ўпарта займаецца сабою. — Ах ты маленькі няўдзячны злосны жахлівы свінюк!
І адпаведна, вымаўляючы кожны склад, Шарлот з усёй сілы наносіла Оліверу ўдары на ўцеху ўсёй кампаніі.
Кулак у Шарлот зусім не быў лёгкім; аднак, баючыся, што яго будзе недастаткова, каб супакоіць узлаванага Олівера, місіс Саўэрберы кінулася на кухню і ўзяла ўдзел у акцыі, адной рукой трымаючы Олівера, а другой драпаючы яму твар. Пры такім спрыяльным да яго збегу абставінаў Ноэ падняўся з падлогі і пачаў дубасіць Олівера кулакамі па спіне.
Практыкаванне было занадта энергічным, каб працягвацца вельмі доўга. Калі ўся тройца знясілілася і не мела болей імпэту кусаць ды біць, яна павалакла Олівера, які змагаўся ды крычаў, але не скараўся, у каморку, у якой яго і зачынілі. Калі справа была скончаная, місіс Саўэрберы абсунулася ў фатэль і расплакалася.
— Божа, Божа, яна памірае! — закрычала Шарлот. — Ноэ, дарагі, шклянку вады! Хутчэй!
— О Шарлот! — місіс Саўэрберы спрабавала артыкуляваць выразна, нягледзячы на недахоп паветра і лішак халоднай вады, якой Ноэ абліў яе галаву і плечы. — О Шарлот, як добра, што мы дагэтуль не былі забітыя ва ўласных пасцелях!
— Але, сапраўды, — пацвердзіла тая. — Я спадзяюся, што гэта будзе ўрокам гаспадару, каб не браў болей гэтых жахлівых стварэнняў, якім з самай калыскі наканавана быць забойцамі і рабаўнікамі. Бедны Ноэ! Калі я ўвайшла, місіс, ён быў ледзьве жывы.
— Бедны ты бедны, — прамовіла місіс Саўэрберы, гледзячы са спачуваннем на інтэрнацкага хлопчыка.
Ноэ, у якога верхні гузік камізэлькі быў дзесьці на ўзроўні макаўкі Оліверавай галавы, у той час як яго абсыпалі воклічамі спачування, цёр далонямі вочы і — выціснуў з сябе колькі слязінак.
— Што рабіць! — ускрыкнула місіс Саўэрберы. — Гаспадара няма дома, у доме няма ніводнага мужчыны, а ён выламае дзверы, не пройдзе і дзесяці хвілін.
Рашучыя атакі Олівера на памянёны кавалак дрэва рабілі такое меркаванне цалкам верагодным.
— Ах, Божа мой! Я не ведаю, місіс... — усклікнула Шарлот. — Можа, паслаць па паліцыянта?
— Або па салдатаў... — прапанаваў містэр Клэйпал.
— Не, не трэба, — сказала місіс Саўэрберы, успомніўшы пра Оліверавага старога сябра. — Ноэ, бяжы да містэра Бамбла. Скажы, каб ён неадкладна прыйшоў сюды! Ды не шукай сваёй шапкі! Можаш на бягу трымаць нож лязом да сіняка пад вокам, пухліна пройдзе.
Ноэ не стаў губляць часу на адказ. Ён прыпусціўся як мага, і многія, хто праходзіў міма, дзівіліся на інтэрнацкага хлопчыка, які прабіваўся праз вулічны тлум без шапкі і са сцізорыкам, прыкладзеным да вока.
РАЗДЗЕЛ VII
Пратэст працягваецца
Ноэ Клэйпал ляцеў што было сілы вуліцамі і ні разу не спыніўся, каб аддыхацца, аж пакуль не дабег да брамы працоўні. Тут ён хвіліну памарудзіў, каб набрацца духу на выбух рыданняў і ўражальную сцэну слёз і жахаў. Пастукаўшы ў весніцы, ён апынуўся перад старым жабраком, які адчыніў іх, з такой плаксівай і спалоханай фізіяноміяй, што нават гэты стары, які і ў лепшыя свае часы бачыў вакол сябе толькі маркотныя твары, адхіснуўся, уражаны яго выглядам.
— Што? Што здарылася з хлопчыкам? — прамовіў стары жабрак.
— Містэра Бамбла! Містэра Бамбла! — закрычаў Ноэ, удала падабраўшы інтанацыю роспачы, ды так гучна і ўзрушана, што крык гэты не толькі дасягнуў вушэй самога містэра Бамбла, які выпадкова знаходзіўся паблізу, але так яго ўстрывожыў, што ён куляй вылецеў на двор без трохкуткі, што ёсць акалічнасцю цікавай і характэрнай, бо сведчыць: нават прыходскі кур’ер, калі ён дзейнічае пад уплывам нечаканага магутнага імпульсу, можа на час страціць кантроль над сабой і забыцца на асабістую годнасць.
— О містэр Бамбл, сэр! — замармытаў Ноэ. — Олівер, сэр... Олівер...
— Што? Што? — уклініўся містэр Бамбл, і ў яго валявых вачах засвяцілася радасць. — Няўжо ўцёк? Ён уцёк, ці не так, Ноэ?
— Не, сэр, не. Не ўцёк, сэр; ён сапраўдны бандыт! — адказаў Ноэ. — Ён спрабаваў забіць мяне, сэр, а потым спрабаваў забіць Шарлот і гаспадыню. О, як гэта балюча! Я паміраю, сэр!