— Здароў, зух. Што здарылася?
Хлопчыку, які гэта прамовіў, было прыкладна столькі ж гадоў, колькі і Оліверу, але выглядаў ён вельмі дзіўна. Такога хлопчыка Оліверу не выпадала бачыць ніколі раней. Ён быў кірпаносы, з плоскім тварам, нічым асаблівым не вылучаўся і быў такім брудным, якім толькі можа быць падшыванец, але манеры і пастава ў яго былі зусім як у дарослага дзядзькі. Як на свой узрост, ён быў занадта малы, з досыць-такі крывымі нагамі і маленькімі, калючымі ды непрыемнымі вочкамі. Ягоны капялюш ледзь-ледзь трымаўся на макаўцы галавы; здавалася, што ён вось-вось зваліцца. Так яно і здарылася б, калі б яе гаспадар не меў завядзёнкі штохвілінна матляць галавой так, што капялюш зноў вяртаўся на належнае месца. На хлопчыку было паліто дарослага дзядзькі, якое яму было мала што не да пятаў. Рукавы ён адкасаў ледзьве не да самага локця, каб былі вольныя рукі, якія ён з задзірлівым выглядам засунуў у кішэні плісавых штаноў; відаць, для гэтага ён іх і вызваліў. Калі падагульніць, то гэта быў самы нахабны і самаўпэўнены малады джэнтльмен ростам з чатыры футы шэсць дзюймаў, у кароткіх ботах.
— Здароў, зух! Што здарылася? — сказаў Оліверу гэты дзіўны малады джэнтльмен.
— Я вельмі галодны і моцна стаміўся, — адказаў Олівер са слязьмі на вачах. — Я прайшоў шмат міляў. Іду ўжо сем дзён.
— Ажно сем дзён! — здзівіўся малады джэнтльмен. — Ну, бачу. Гэта што, дзюба загадаў, га? Але, — дадаў ён, заўважыўшы, як здзіўлена паглядзеў на яго Олівер, — здаецца, сябра, ты не ведаеш, хто такі дзюба?
Олівер ціхмяна адказаў, што ён заўсёды чуў, што гэтым словам называюць птушыны рот.
— Што я бачу! Які зялёны! — усклікнуў малады джэнтльмен. — Дзюба — гэта суддзя, і калі ты ідзеш на загад дзюбы, то ты ідзеш не проста, а заўсёды ўгару, на шыбеніцу, без звароту. Ты ніколі не быў на ступальні?
— На якой ступальні? — запытаў Олівер.
— На якой ступальні — вось табе і маеш! На ступальні, якую круцяць нагамі. Яна так мала месца займае, што працуеш, бы ў каменным мяшку, і чым лепш яна робіць, тым горш жывецца людзям, бо калі людзям жывецца добра, дык на яе ніяк не могуць знайсці рабочых. Але хадзем, — працягваў малады джэнтльмен, — ты хочаш узяць нешта на зуб, і ты возьмеш. Я і сам сяджу на мелі, усё, што маю, — гэта боб ды гарох, але калі ўжо такія справы, то адшкадую. Уставай на свае запалкі. Пад’ём! Руш!
Малады джэнтльмен дапамог Оліверу ўстаць і завёў яго ў краму непадалёку, дзе купіў вяндліны, палову чатырохфунтовага бохана хлеба, або, як ён сам выразіўся, «на чатыры пенсы вотруб’я». Вяндліну ён засцярог ад пылу дзякуючы хітрай выдумцы: ён выдаліў з буханкі частку мякіша і засунуў туды мяса. Узяўшы хлеб пад паху, малады джэнтльмен завярнуў у невялікі шынок і прайшоў у задні пакой, дзе была піўнуха. Тут на загад таямнічага маладзёна прынеслі куфаль піва, і Олівер, запрошаны сваім новым сябрам, доўга і ад душы еў. Дзіўны хлопчык час ад часу ўважліва разглядваў Олівера.
— У Лондан ідзеш? — спытаўся дзіўны хлопчык, калі Олівер нарэшце закончыў есці.
— Але.
— Ёсць дзе жыць?
— Не.
— Грошы?
— Не.
Дзіўны хлопчык свіснуў і засунуў рукі ў кішэні так глыбока, як дазволілі яму доўгія рукавы.
— А ты жывеш у Лондане? — спытаў Олівер.
— Так, калі бываю дома, — адказаў хлопчык. — Мяркую, што табе трэба сёння дзе-небудзь заночыць, га?
— Сапраўды, — адказаў Олівер. — Я не спаў пад дахам з таго часу, калі пайшоў з мястэчка.
— Можаш не церці наконт гэтага вочы, — прамовіў малады джэнтльмен. — Сёння ўвечары я маю быць у Лондане, і я ведаю аднаго шаноўнага старога джэнтльмена, які жыве там і дасць табе за ніц прытулак і рэшты не папытае, — зразумела, калі цябе прадставіць джэнтльмен, якога ён ведае. А мяне хіба ён не ведае? О, не, не ведае! Ні ў якім выпадку! Ні за што. Безумоўна, не!
Малады джэнтльмен усміхнуўся, быццам падкрэсліваючы, што апошнія яго словы былі сказаныя з іроніяй, і дапіў піва.
Нечаканая прапанова прытулку была занадта спакуслівай, каб яе адхіліць. Да таго ж, малады джэнтльмен адразу запэўніў, што памянёны стары джэнтльмен абавязкова, не губляючы часу, адшукае Оліверу якое-небудзь цёплае месца. Дыялог лагічна стаў больш прыязным і шчырым. З яго Олівер даведаўся, што ягонага сябра завуць Джэк Доўкінз і што ён улюбёнец і пратэжэ памянёнага старога джэнтльмена.
Выгляд містэра Доўкінза наўрад ці выразна сведчыў пра тыя даброты, якімі яго патрон нібыта мог забяспечыць ягоных знаёмцаў. Але хлопец меў такую нядбайную і раскілзануюманеру гаварыць, а да таго ж згадаў, што ў коле блізкіх сяброў ён больш вядомы пад мянушкай «Спрытны Махляр», — што Олівер вырашыў, што ён пустадомак, які не зважае на словы свайго дабрадзейнага апекуна. Кіруючыся гэтым уражаннем, Олівер патаемна вырашыў як мага хутчэй заслужыць ухвалу старога джэнтльмена, а што да Махляра, то калі нават выйдзе, што ён непапраўны, у чым не выпадала сумнявацца, то ён унікне гонару далейшага з ім знаёмства.