Выбрать главу

Паколькі Джон Доўкінз не хацеў з’яўляцца ў Лондане да таго, як сцямнее, то яны дасягнулі заставы ў Айлінгтоне толькі блізу адзінаццатай гадзіны. Ад «Анёла» яны павярнулі на вуліцу Святога Джона, прайшлі маленькай вуліцай, якая заканчвалася каля тэатра Сэдлерз-Уэлз, потым пайшлі па Эксмаўт-стрыт і Копіс-роў, праз двор ля працоўні, перасеклі пляц, які калісьці насіў імя Хоклі-ін-зэ-хоўл, павярнулі ў Літл-Сафранхіл, потым у Грэйт-Сафранхіл, па якой Махляр кінуўся подбегам, змушаючы Олівера не адставаць.

Хоць увага Олівера была скіраваная на тое, каб не згубіць з поля зроку свайго правадніка, ён не мог устрымацца, каб не кінуць некалькі паспешлівых позіркаў па абодва бакі дарогі. Ён ніколі не бачыў больш бруднага і больш агіднага месца. Вуліца была вельмі вузкая і вельмі гразкая, а паветра поўнілася смуродам. Было шмат крамаў, але здавалася, што адзіны тавар тут — гэта дзеці, якія плоймамі корпаліся перад дзвярыма нават у гэты позні час; знутры таксама быў чуцен іхні голас. Адзінымі месцамі, якія быццам бы квітнелі сярод агульнага ўпадку, былі шынкі, а ў іх гарланілі страчаныя людзі — ірландскія падонкі. Пераходы і двары з дахамі, якія тут і там ляпіліся да галоўнай вуліцы, закрывалі маленькія кучкі дамоў. Тут п’яныя мужчыны і жанчыны літаральна валяліся ў гразі, а з некаторых дзвярных проймаў, крадучыся, выходзілі падазроныя амбалы, і выпраўляліся яны, відаць, на справы не вельмі дабрадзейныя і бяскрыўдныя.

Олівер толькі быў падумаў, ці не лепш яму будзе ўцячы, як яны дайшлі да канца спуску. Яго праваднік, схапіўшы яго за руку, нагой адчыніў дзверы нейкага дома непадалёку ад Філд-лэйн і, зацягнуўшы яго ў калідор, зачыніў дзверы.

— Хто гэта?! — азваўся ў адказ на Махляроў свіст нечый голас знізу.

— Махлярства і фарт! — быў адказ.

Відавочна, гэта быў пароль або сігнал, што ўсё ў парадку, таму што на сцяне ў дальнім канцы калідора адбілася слабае святло свечкі, а з-за паламаных парэнчаў лесвічнага пралёту, які вёў на кухню, вызірнуў мужчынскі твар.

— Дык вас двое, — сказаў мужчына, выцягваючы перад сабою руку са свечкаю і засланяючы вольнаю рукой вочы ад святла. — Хто гэты другі?

— Новы таварыш, — адказаў Джэк Доўкінз, выштурхоўваючы Олівера наперад.

— Адкуль ён?

— З Зеленагародка. Фэджын наверсе?

— Так, разбірае выціралкі. Хадзем наверх!

Свечку прынялі, і твар знік.

Олівер адной рукой намацваў сабе ў цемры дарогу, другую моцна сціснуў у сваёй ягоны таварыш. Ён з цяжкасцю прабіраўся па цёмнай старой лесвіцы, у той час як яго праваднік ішоў лёгка і пэўна, што сведчыла пра тое, што месца яму было добра знаёмае. Ён штурхнуў дзверы ў нейкі задні пакой і пацягнуў Олівера за сабой.

Сцены і столь пакоя былі зусім чорныя ад часу і бруду. Перад камінам стаяў стол з хваёвых дошак, на стале — свечка ў бутэльцы з-пад імбірнага піва, два або тры алавяныя кубкі, бохан хлеба і масла ў масленіцы, а таксама талерка. На патэльні, якая вісела над агнём на дроце, прымацаваным за паліцу, смажыліся сасіскі, а побач з відэльцам для смажанак у руцэ стаяў вельмі стары габрэй, выпетралы ад узросту, з калматымі рудымі пэйсамі і злосным, непрыемным тварам. Ён быў адзеты ў завэдзганы фланелевы халат з вялікім выразам. Здавалася, што ён дзяліў сваю ўвагу паміж патэльняй і вешаком, на якім вісела вялікая колькасць шаўковых насовак. На падлозе ляжалі адзін каля аднаго некалькі неахайных матрацаў, зробленых са старых мяшкоў. Вакол стала сядзелі чатыры ці пяць хлопчыкаў. Ніхто з іх не быў старэйшы за Махляра. Яны з выглядам дзядзькаў сталага веку курылі гліняныя люлькі і папівалі нешта моцнае. Калі Махляр шапнуў нешта на вуха габрэю, яны скучкаваліся вакол яго. Пачуўшы, павярнулі твары да Олівера і заўхмыляліся, гэтаксама як і габрэй са сваім відэльцам у руцэ.

— Гэта ён, Фэджын, — сказаў Джэк Доўкінз, — мой сябра Олівер Твіст.

Габрэй ухмыльнуўся і, нізка пакланіўшыся Оліверу, паціснуў яму руку і выразіў спадзяванне на тое, што будзе мець гонар пазнаёміцца больш блізка. Пасля гэтага падышлі джэнтльмены з глінянымі люлькамі і вельмі моцна ціснулі яго абедзве рукі, асабліва тую, у якой ён трымаў свой вузельчык. Адзін з маладых джэнтльменаў улягаў павесіць яго шапку, а другі паклапаціўся засунуць рукі ў кішэні Оліверу, каб той не меў клопату штосьці там вымаць адтуль перад сном, бо ён жа вельмі стаміўся. Выглядала на тое, што іх галантнасць праявілася б яшчэ больш, каб не габрэй, які стаў абходжваць дабрадзейных маладых людзей па галовах і плячах.