— Мы вельмі радыя пазнаёміцца з табой, Олівер, вельмі, — сказаў габрэй. — Махляр, здымай сасіскі і падсунь да каміна бочку для Олівера. Ах, вось яно што, ты глядзіш на насоўкі, га, мой мілы? Што, шмат іх? Мы іх якраз пераглядалі перад тым, як памыць, вось і ўсё, Олівер, вось і ўсё. Ха-ха-ха!
Апошняя частка яго маналога выклікала воклічы ўхвалення ва ўсіх шматабяцальных вучняў вясёлага старога джэнтльмена. Пад гэтыя воклічы яны і распачалі вячэру.
Олівер з’еў сваю долю, і габрэй намяшаў яму джыну з цёплай вадой, сказаўшы, каб ён адразу ўсё выпіў, бо шклянка патрэбная іншаму джэнтльмену. Олівер зрабіў, як яму сказалі. Адразу пасля гэтага ён адчуў, што яго паднялі і паклалі на адзін з мяшкоў, а потым ён заснуў моцным сном.
РАЗДЗЕЛ ІХ,
які ўтрымлівае розныя звесткі пра прыемнага старога джэнтльмена і яго шматабяцальных выхаванцаў
Наступным ранкам, калі была ўжо даволі позняя часіна, Олівер абудзіўся ад здаровага, доўгага сну. У пакоі нікога не было, апроч старога габрэя, які варыў сабе на сняданак у рондалі каву ды насвістваў нешта сабе пад нос, памешваючы жалезнай лыжкай. Ён час ад часу спыняў свой занятак і прыслухоўваўся да самага малога пошуму ўнізе; задаволіўшы сваю цікаўнасць, ён працягваў мяшаць ды свістаць, як раней.
Хоць Олівер ужо не спаў, але ён яшчэ не прачнуўся як мае быць. Бывае такі дрымотны стан паміж сном і чуваннем, калі вы з напаўраскрытымі вачыма, напалову ўсведамляючы ўсё, што адбываецца навокал, сніце за пяць хвілін больш, чым за пяць начэй са шчыльна заплюшчанымі вачыма і свядомасцю, моцна спавітай непрытомным сном. У такую часіну смяротнаму дастаткова толькі ведаць, чым заняты ягоны розум, каб займець першаснае, цьмянае ўяўленне пра свае магутныя магчымасці, пра тое, як ён можа вызваліцца з-пад улады зямлі і адрынуць час і прастору, вольны ад повязяў, накінутых цялеснай абалонкай.
Олівер якраз і быў у такім стане. Ён бачыў габрэя напаўзаплюшчанымі вачыма, чуў нізкі гук свісту, пазнаваў стук лыжкі аб сценкі рондаля, і ў той самы час яго свядомасць напружана аднаўляла вобразы бадай што ўсіх, каго ён ведаў.
Калі кава была гатовая, габрэй зняў рондлік з трыногі над агменем; некалькі хвілін ён стаяў у нерашучасці, быццам не ведаючы, куды сябе падзець, потым павярнуўся, паглядзеў на Олівера і паклікаў яго. Той не адказаў; відавочна было, што ён спаў.
Задаволіўшы сваю цікаўнасць на гэты конт, габрэй зрабіў асцярожны крок да дзвярэй і замкнуў іх. Потым ён — як здалося Оліверу, з нейкай схованкі пад падлогай — выцягнуў маленькую шкатулачку і далікатна паставіў яе на стол. Ён адкрыў яе, і ягоныя вочы заблішчалі. Ён падцягнуў да стала старое крэсла і сеў, узяў са шкатулкі цудоўны залаты гадзіннік, аздоблены бліскучымі дыяментамі.
— А каб вас, — сказаў габрэй, прыпадняўшы плечы з мярзотнай ухмылкай, якая перакрывіла ўвесь твар. — Разумныя, разумныя, сабакі! Трымаліся да апошняга! Ніхто не сказаў старому святару, дзе былі! Не данеслі на старога Фэджына! Ды і навошта ім? Гэта б не развязала вузла, гэтаксама як не адтэрмінавала б канца, ні на хвіліну. Не, не, не! Што за хлопцы! Што за хлопцы!
Мармычучы сабе пад нос нешта накшталт гэтага, габрэй зноў памясціў гадзіннік у месца захавання. Потым з той самай шкатулкі былі выцягнутыя і агледжаныя з не меншай увагай і павагай яшчэ з шэсць ці сем гадзіннікаў, акрамя іх, пярсцёнкі, бранзалеты, брошкі і іншыя упрыгожанні з такіх каштоўных матэрыялаў і такой цудоўнай работы, што Олівер нават аб адпаведных найменнях не меў ні найменшага ўяўлення.
Схаваўшы гэтыя цацкі, габрэй выняў іншую, такую маленькую, што яна змяшчалася на пучцы пальца. Напэўна, на ёй былі нейкія надпісы, таму што габрэй паклаў яе на стол і доўга ды пільна ўглядаўся, зацяніўшы рукой ад святла. Нарэшце ён схаваў яе, нібыта страціўшы надзею на поспех, і, адлегшы на спінку крэсла, прамармытаў: «Што гэта за цудоўная рэч — смяротная кара! Мёртвы ніколі не раскаецца. Мёртвы не раскажа раптам усім прыкрую гісторыю. Для такога занятку, як гэты, лепшай рэчы не прыдумаць! Пяцёх павесілі ў адзін шэраг, і нікога не засталося, каб завабіць у пастку ці ўцячы ў кусты!»
Калі габрэй вымаўляў гэтыя словы, яго чорныя бліскучыя вочы, што дагэтуль утаропленыя былі ў прастору перад сабой, спыніліся на твары Олівера; вочы хлопчыка з нямой цікаўнасцю фіксаваліся на габрэі, і, хаця пагляды іх сустрэліся толькі на адзін момант, гэтага было дастаткова, каб габрэй зразумеў, што за ім сачылі. Ён з ляскам зачыніў вечка шкатулкі, схапіў хлебны нож, які ляжаў на стале, і ўскочыў, апанаваны шалам. Ён увесь дрыжаў. Олівер, нягледзячы на спалох, заўважыў, як дрыжыць у паветры лязо нажа.