Выбрать главу

— А я кажу, што ён нягоднік! — заўпарціўся стары джэнтльмен. — Што вы маеце на ўвазе пад «не можа быць»? Мы толькі што праслухалі поўную справаздачу пра яго, пачынаючы з дня нараджэння. Ён усё жыццё быў спрытным малым мярзотнікам.

— Я ніколі не паверу ў гэта, сэр, — пэўна запярэчыла старая лэдзі. — Ніколі!

— Вы, старыя жанчыны, заўсёды верыце адно шарлатанам ды прыдуманым кніжным байкам, — прабурчэў містэр Грымуіг. — А я дык вось адразу гэта ведаў. Чаму вы не звярнуліся да мяне адразу? Што, вы звярнуліся б, але ён захварэў на гарачку, ці не так? Цікавы быў хлопчык, га? Цікавы? Вось цяпер і маеце, — і містэр Грымуіг стаў раззлавана шураваць гакам у каміне.

— Сэр, ён быў мілым, удзячным, лагодным дзіцём, — раздражнёна запярэчыла місіс Бэдуін. — Я добра ведаю дзяцей, сэр, і прытым ужо сорак гадоў. Не варта людзям, якія не могуць пахваліцца тым самым, нешта тут казаць пра дзяцей.

Гэта быў рэзкі выпад супраць містэра Грымуіга, які быў халасцяком. Але той адно ўсміхнуўся, і таму старая лэдзі патрэсла галавой, паправіла фартух і падрыхтавалася выказацца яшчэ раз, аднак яе спыніў містэр Браўнлоў.

— Замаўчыце! — сказаў стары джэнтльмен, прыкідваючыся злосным. — Ніколі больш пры мне не паўтарайце імя гэтага хлопчыка. Я паклікаў вас, каб сказаць гэта. Ніколі. Запомніце, ніколі, ні пры якіх абставінах! Можаце ісці, місіс Бэдуін. Дык не забудзьцеся! Я сказаў гэта сур’ёзна.

У тую ноч цяжка было на душы ў жыхароў дома містэра Браўнлоў. У Олівера млела сэрца, калі ён думаў пра сваіх добрых, мілых сяброў. Балазе, ён не ведаў, якія звесткі пра яго яны атрымалі, бо сэрца ягонае няйначай разарвалася б.

РАЗДЗЕЛ XVIII

Як Олівер бавіў час у спрыяльнай кампаніі сваіх слынных сяброў

На наступны дзень прыкладна апоўдні, калі Махляр і Мастэр Бэйц выйшлі на сваю звычайную работу, містэр Фэджын скарыстаўся з нагоды, каб прачытаць Оліверу доўгую лекцыю пра недапушчальны грэх няўдзячнасці, якім ён, відавочна, запляміў сябе ў немалой меры, наўмысна пазбягаючы занепакоенай яго адсутнасцю сябрыны, больш за тое, паспрабаваўшы ўцячы ад сяброў пасля таго, як яны столькі сіл і грошай ахвяравалі на тое, каб ён прыжыўся ў горадзе. Асабліва падкрэсліў містэр Фэджын той факт, што ён даў Оліверу прытулак, пусціў у цёплае жытло, што, калі б ён не дапамог яму так своечасова, Олівер мог бы памерці з голаду; потым ён расказаў сумную і ўражальную гісторыю аднаго хлопчыка, якім ён, зыходзячы са свайго чалавекалюбства, заапекаваўся пры падобных абставінах і які аказаўся потым нявартым даверу, — захацеў наладзіць сувязь з паліцыяй і, на жаль, быў павешаны ў турме Олд Бэйлі аднойчы раніцай. Містэр Фэджын не спрабаваў прыхаваць свайго ўдзелу ў катастрофе, але ён са слязьмі на вачах наракаў на падступныя і гнюсныя паводзіны таго маладзёна, якія прымусілі містэра Фэджына даць на судзе пэўныя паказанні, скіраваныя супраць падсуднага, якія хай сабе і не былі дакладна ісціннымі, але сталіся надзвычай істотнымі ў справе выратавання яго (містэра Фэджына) і нешматлікіх абраных сяброў. Напрыканцы містэр Фэджын намаляваў даволі непрыемную карціну павешання і зрабіў выснову, што гэта малапрыемная рэч, а потым з вялікай дружалюбнасцю і ветлівасцю выказаў нясмелае спадзяванне, што ён ніколі не будзе вымушаны ўблытваць Олівера ў падобныя падзеі.

Кроў стыла ў жылах маленькага Олівера, калі ён слухаў габрэевы показкі, а інтуіцыя падказвала яму, што ад гэтых слоў зыходзяць невядомыя, таямнічыя пагрозы. Ён ужо ведаў, што нават правасуддзе можа асудзіць невінаватага, калі той быў уадной кампаніі з вінаватымі; тое, што старым габрэем ужо не раз былі задуманыя і ажыццёўленыя шматхадовыя планы ліквідацыі выпадковых сведкаў або асоб, ён таксама і блізка не ставіў пад сумненне, бо на карысць гэтага сведчылі перапалкі паміж гэтым джэнтльменам і містэрам Сайксам наконт нейкай змовы такога кшталту, якая нібыта мела месца раней. Калі хлопчык, баючыся, падняў галаву і сустрэў выпрабавальны габрэеў позірк, то адчуў, што гэтым пільным старым джэнтльменам былі заўважаныя і прынеслі яму патолю і бледнасць Олівера, і ягоныя дрыжачыя рукі ды ногі.

Па-блюзнерску ўсміхаючыся, габрэй пагладзіў Олівера па галаве і сказаў, што калі Олівер будзе паводзіць сябе як належыць і ўлягаць у працу, то тады яны напэўна будуць добрымі сябрамі. Потым ён узяў капялюш, накінуў на сябе залапленае старое паліто і пайшоў з пакоя, замкнуўшы за сабою дзверы.

Так Олівер заставаўся замкнутым у гэты дзень і на працягу большай часткі наступных дзён — не бачачы нікога доўгімі гадзінамі, пакінуты сам-насам з уласнымі думамі, а яны ўвесь час вярталіся да яго мілых сяброў, да іхняга меркавання пра яго, і былі яны сумнымі-сумнымі.