Праз тыдзень габрэй пакінуў незамкнутымі дзверы пакоя, так што Олівер мог вольна гуляць па доме.
Тут было надзвычай брудна. У пакоях на другім паверсе былі вялікія драўляныя камінныя каптуры, вялікія дзверы, абшытыя панэлямі сцены і карнізы пры столі, якія, нягледзячы на тое, што іх пакрываў бруд і пыл, выяўлялі формы розных арнаментаў. Гэта ўсё дазваляла Оліверу прыйсці да высновы, што вельмі даўно, калі стары габрэй яшчэ не нарадзіўся, дом належаў лепшым людзям і, магчыма, быў даволі вясёлым і прыгожым, адрозна ад свайго цяперашняга змрочна-панылага выгляду.
У кутках сцен і пры столі сплялі павуцінне павукі; часам, калі Олівер ціхенька заходзіў у пакой, там ва ўсе бакі разбягаліся мышы і спалохана хаваліся ў свае лёхі. За выключэннем тых мышэй, у доме не было ні чутна, ні бачна ніякіх іншых жывых істот; часта, калі станавілася цёмна, і Олівер стамляўся хадзіць з пакоя ў пакой, ён запаўзаў у самы бліжні да дзвярэй навуліцу кут калідора, каб быць як мага бліжэй да жывых людзей, і прыслухоўваўся ды лічыў гадзіны, пакуль не вярталіся габрэй або хлопчыкі.
Ва ўсіх пакоях старыя аканіцы былі шчыльна зачыненыя, балты, якія іх трымалі, былі моцна прыкручаныя да дрэва; святло пранікала ў пакоі толькі праз круглыя адтуліны ўверсе, і гэта рабіла пакоі яшчэ больш змрочнымі і напаўняла іх дзівоснымі ценямі. На гарышчы было адно акно без аканіц з заржаўленымі кратамі знадворку, і Олівер гадзінамі са смуткам на твары глядзеў праз яго, але за акном гэтым не было нічога вартага ўвагі — суцэльны хаос дахаў, чорных комінаў, верхніх частак фасадаў. Праўда, іншым разам можна было бачыць, як з-за парапета дальняга дома высоўваецца нейкая сівая галава, але яна хутка знікала. Паколькі акно ў Оліверавай абсерваторыі было прыбіта цвікамі, а шыба пакрыта шматгадовым брудам і пылам, ён мог толькі ўглядацца ў абрысы розных прадметаў, нават не спадзеючыся быць убачаным або пачутым, — з тым самым поспехам ён мог бы спрабаваць зрабіць гэта, калі б жыў у купале Кафедральнага сабора Святога Паўла.
Аднойчы папалудні, калі Махляр і Мастэр Бэйц рыхтаваліся да вечаровай работы, першы з іх узяў сабе ў галаву, што яму трэба паклапаціцца аб упрыгожанні ўласнай персоны (што, праўду кажучы, аніяк не было слабасцю ягонага характару). Зыходзячы з гэтай задумкі і мэты, ён паблажліва загадаў Оліверу, не марудзячы, дапамагаць яму ў навядзенні лоску.
Олівер быў вельмі рады дапамагчы, ён быў шчаслівы бачыць людскія твары — няхай гэта былі дрэнныя людзі, але ён імкнуўся заваяваць іх прыхільнасць, не робячы несумленных учынкаў, — ён занадта хацеў чалавечых узаемінаў, каб запярэчыць. Олівер адразу пагадзіўся, прысеў на падлогу, падставіў адно сваё калена пад нагу Махляра, які сядзеў каля стала, і пачаў улягаць у справу, якую містэр Доўкінз вызначыў як «паліраванне ягоных рысакоў». Калі перакласці на звычайную мову, гэта значыла шмараваць чаравікі.
Магчыма, гэта быў уплыў свабоды і незалежнасці, якія, пэўна ж, павінна адчуваць разумная жывёла, што нязмушана сядзіць за сталом, курыць люльку, бесклапотна пагойдвае адной нагой у той час, як на другой ёй паліруюць чаравік, і ў яе нават думкі няма пра тое, каб абцяжарыць сябе працай і зняць абутак; або, можа быць, табака была добрая і змякчыла пачуцці Махляра; верагодна таксама, што аксамітавы смак піва паўплываў на ягоныя думкі, — але Махляр, відавочна, знаходзіўся ў рамантычным і ўзнёслым настроі, які наогул быў абсалютна не характэрны для ягонай натуры. Спачатку ён нейкі час задумліва глядзеў уніз на Олівера, потым падняў галаву, злёгку ўздыхнуў і напалову сам сабе, напалову адрасуючыся да Мастэра Бэйца, сказаў:
— Як шкада, што ён не блатны!
— Ану яго, ён не ведае, што для яго добра, а што не, — азваўся Мастэр Бэйц.
Махляр уздыхнуў і зноў зацягнуўся дымам. Тое самае зрабіў і Мастэр Бэйц. Нейкі час яны палілі моўчкі.
— Мне здаецца, ты нават і не ведаеш, што такое блатны? — задумліва спытаў Махляр.
— Я думаю, што ведаю, — запярэчыў, падняўшы галаву, Олівер. — Гэта зл... ты адзін з іх, праўда? — перавёў адказ у пытанне Олівер.
— Праўда, — адказаў Махляр. — Нават і не ўяўляю сабе, што можа быць нешта лепшае за гэта.
Сказаўшы гэтую сентыментальную фразу, містэр Доўкінз энергічна пасадзіў свой капялюш набакір і з выклікам паглядзеў на Мастэра Бэйца, быццам каб даць знак, што ён быў бы абавязаны Бэйцу, калі б той нешта запярэчыў.
— І я блатар, — сцвердзіў Махляр. — І Чарлі. І Фэджын. І Нэнсі. І Бэт. Мы ўсе блатары, канчаючы сабакам. А ён — самы хітры з усіх нас!