Выбрать главу

— І найменш здольны накляпаць, — дадаў Чарлі Бэйц.

— Ён бы нават і не гаўкнуў на судзе, каб не выдаць і сябе таксама, — няхай бы яго нават прывязалі там і не давалі жэрці два тыдні, — сказаў Махляр.

— Ні разу не гаўкнуў бы, — пацвердзіў Мастэр Бэйц.

— Выдатны сабака, — працягваў Махляр. — Як злосна глядзіць ён на кожнага чужынца, які наважыцца смяяцца або спяваць побач з ім! Як ён гырчыць, калі граюць на скрыпцы! А як ненавідзіць сабак іншых парод! О!

— Ён сапраўдны хрысціянін, — дадаў Чарлі.

Ён толькі хацеў пахваліць сабачыя якасці, але заўвага была да месца і ў іншым сэнсе, толькі Мастэр Бэйц гэтага не ведаў.

Ёсць жа шмат лэдзі і джэнтльменаў, якія клянуцца, што яны самыя сапраўдныя хрысціяне, але паміж імі ды сабакам Сайкса існуе шмат грунтоўных рысаў падабенства.

— Ну добра, — сказаў Махляр, вяртаючыся да тэмы, з якой яны пачалі размову. Пра што іншае — можа быць, а пра сваю прафесію ён не забываўся ніколі. — Да гэтага зялёнага задрыпы размова не мае ніякага дачынення.

— Але, — згадзіўся Чарлі. — Олівер, чаму ты не ідзеш у вучні да Фэджына?

— І тым самым выпускаеш з рук сваю будучыню? — дадаў з крывой усмешкай Махляр.

— Ты мог бы назбіраць грошай, адысці ад спраў і жыць сабе прыпяваючы, па-высакароднаму. Я і сам збіраюся — праз чатыры высакосныя гады на наступны высакосны, у сорак другі аўторак на Тройцу, — сказаў Чарлі Бэйц.

— Мне гэта не падабаецца, — ціха запярэчыў Олівер. — Па мне, дык хай бы мяне адпусцілі. Мне б лепш сысці.

— А Фэджыну лепш цябе затрымаць! — зазначыў Чарлі.

Олівер і так гэта ведаў, але ён меркаваў, што выражаць свае меркаванні адкрыта было для яго небяспечна. Таму ён толькі ўздыхнуў і зноў пачаў паліраваць чаравікі.

— Сысці! — усклікнуў Махляр. — А дзе твой гонар? Ты што, усялякае пачуццё ўласнай годнасці страціў? Сышоў бы і жыў на ўтрыманні сваіх сяброў?

— Каб табе трасца ў бок! — сказаў Мастэр Бэйц, выцягваючы з кішэні дзве ці тры шаўковыя насоўкі і засоўваючы іх у шафу. — Гэта подла, вось што.

— Я на такое не пайшоў бы, — звысоку і з пагардай сказаў Махляр.

— А пакінуць сваіх сяброў вы можаце, падставіўшы іх, каб іх пакаралі за тое, што зрабілі вы? — крыху ўсміхнуўшыся, спытаў Олівер.

— Ну, уся справа ў Фэджыне, — запярэчыў Махляр, махнуўшы люлькай. — Лягавыя ведаюць, што мы ўсе працуем разам. І каб мы не зматалі вуды, то падставілі б яго, так што тут усё правільна, так, Чарлі?

Мастэр Бэйц кіўнуў у знак згоды, хацеў быў нешта сказаць, але тут успомніў раптам уцёкі Олівера, папярхнуўся дымам і хвілін з пяць перхаў, смяяўся і тупаў нагамі.

— Глядзі! — сказаў Махляр, выняўшы з кішэні прыгаршчу шылінгаў і паўпенсаў. — Вось гэта дык вясёлае жыццё! Якая розніца, адкуль яны? Бяры: там, адкуль яны, яшчэ шмат. Не хочаш? Эх ты, бот!

— Гэта дрэнна, так, Олівер? — дамагаўся Чарлі Бэйц. — Усё закончыцца на зашмарзе?

— Я не ведаю, што гэта значыць, — адказаў Олівер.

— А вось што, стары сябра! — не прамарудзіў з адказам Чарлі.

Ён ухапіўся за канец гальштука, падняў яго проста над галавой, звесіў галаву на плячо і выдаў праз зубы нейкі дзіўны гук. Гэтай жывой пантамімай ён хацеў паказаць, што «зашмарга» і «шыбеніца» — гэта адно і тое ж.

— Вось што гэта значыць, — сказаў Чарлі. — Джэк, глядзі, як ён утаропіўся! Я ніколі не сустракаў хлапца больш камічнага, чым гэты. Калі-небудзь ён давядзе мяне да смерці, няйначай.

І Мастэр Бэйц, засмяяўшыся так, што слёзы выступілі ўваччу, зноў зацягнуўся дымам з люлькі.

— Цябе кепска выхавалі, — зазначыў Махляр, аглядваючы чаравікі пасля таго, як Олівер адпаліраваў іх. — Або Фэджын зробіць з цябе нешта, або ты будзеш першым, каго ён выкінуў праз прафесійную непрыдатнасць. Лепш пачынай адразу, бо табе ўсё адно давядзецца гэтым займацца, і ты толькі дарма губляеш час.

Мастэр Бэйц падмацаваў гэтыя парады ўсемагчымымі маральнымі аргументамі; калі яны вычарпаліся, ён і ягоны сябра містэр Доўкінз распачалі яркае апісанне сваіх шматлікіх прыгодаў і выгодаў жыцця, якое яны вялі. Гэтыя размовы перамяжаліся намёкамі Оліверу, што яму найлепш без прамаруджання скарыцца і заваяваць спагаду Фэджына пры дапамозе тых сродкаў, якімі карысталіся ў дасягненні гэтай мэты яны самі.

— І ўцяльмяш гэта ў свой чайнік, Нолі, — сказаў Махляр, пачуўшы, як габрэй наверсе адмыкае дзверы, — калі ты не будзеш браць выціралкі і цікальнікі...

— Што толку казаць яму пра гэта, калі ён не разумее, пра што ты гаворыш? — уклініўся Мастэр Бэйц.

— Калі ты не будзеш браць насоўкі і гадзіннікі, — паправіўся Махляр, спускаючыся да ўзроўню ўспрымання Олівера, — то гэта будзе рабіць нейкі іншы хлопец, і для хлапцоў, якія іх страцяць, гэта будзе так альбо так без розніцы, але вось для цябе гэта будзе яшчэ горш. Выгадаюць адно тыя хлопцы, якія забяруць іх, але ж у цябе на гэтыя рэчы такія самыя правы, як і ў іх.