Дом, куды прывялі Олівера, стаяў па суседству з Уайтчэпелам. Габрэй на момант спыніўся на рагу, падазрона агледзеўся, перасёк вуліцу і ўзяў кірунак на Спітэлфілдз.
На брукаванцы ляжаў тоўсты слой гразі. Над вуліцамі вісеў шчытны туман, імжэла, і ўсё было навобмацак халодным і ліпучым. Здавалася, што выпала якраз адна з начэй, прыдатных, каб швэндаліся істоты, падобныя да старога габрэя. Агідны стары, які, крадучыся, сунуўся ўперад, поўз пад прыкрыццём сцен і праездаў, здаваўся мярзотнай рэптыліяй, што нарадзілася ў гразі і цемры, праз якія яна рухалася ў пошуках тлустых адкідаў сабе на вячэру.
Па звілістых, вузкіх вулках і сцежках ён цвёрда трымаўся свайго курсу, пакуль не дасягнуў Бэтнэл-Грын. Потым ён нечакана павярнуў улева і хутка заглыбіўся ў лабірынт смярдзючых брудных вуліц, якіх шмат у гэтым густанаселеным квартале.
Відавочна, што габрэй добра ведаў гэтую мясцовасць, так што ні цемрадзь, ні адмысловая ноч не палохалі яго. Ён шпарка прайшоў некалькі завулкаў і вуліц і нарэшце павярнуў на вуліцу, на якой гарэў толькі адзін ліхтар у канцы. Ён пастукаў у дзверы аднаго з дамоў і, перашапнуўшы пару слоў з асобай, якая адчыніла іх, падняўся ўверх па лесвіцы.
Калі ён узяўся за ручку дзвярэй у пакой, за імі загырчэў сабака, а мужчынскі голас патрабавальна запытаў, хто там.
— Гэта я, Біл, гэта ўсяго толькі я, мой даражэнькі, — азваўся габрэй, заглядваючы ў пакой.
— Ну, дык занось сюды хутчэй сваё цела, — сказаў Сайкс. — Ляжы, тупая скаціна! Ты што, не пазнаеш д’ябла, хай сабе ён і апрануў шэрае паліто?
Відавочна было, што сабаку ўвяла ў зман вопратка містэра Фэджына, таму што, калі ён расшпіліў сваё паліто і кінуў яго на спінку крэсла, сабака кінуўся ў кут, з якога быў падняўся. Пры гэтым ён віляў хвастом у знак таго, што ён задаволены, — зразумела, у той меры, у якой гэта яму дазваляла ягоная натура.
— Ну! — прамовіў Сайкс.
— Дык што, мой даражэнькі, — сказаў габрэй. — А, Нэнсі!
Апошнія словы прагучалі з відавочнай няўпэўненасцю. Гэта значыла, што містэр Фэджын не ведаў, як Нэнсі да яго паставіцца. Габрэй і яго маладая сяброўка не сустракаліся з таго часу, як яна заступілася за Олівера. Усе ягоныя сумненні на гэты конт, калі яны і былі, хутка рассеяліся. Нэнсі прыняла ногі з каміннай рашоткі, адсунула крэсла ад агменя і, шмат не гаворачы, прапанавала старому сесці да цяпла, бо ноч, пэўна, была надта халодная.
— Вох і холад, Нэнсі, даражэнькая, — сказаў габрэй, працягваючы свае маршчакаватыя рукі да агню. — Прабірае наскрозь, — дадаў ён, паціраючы бок.
— Напэўна, на дварэ люты холад, калі цябе працяла аж да самага твайго сэрца, — сказаў Сайкс. — Нэнсі, дай яму чаго-небудзь выпіць. Ды хутчэй давай, рэзя-разанка! Можна хворым стаць, гледзячы на гэтыя дрыжачыя старыя мошчы, — роўна дух які страшны падняўся з магілы!
Нэнсі бягом прынесла з буфета бутэльку. У буфеце было іх шмат, і, мяркуючы па іх вонкавым выглядзе, напоўненыя яны былі рознымі спіртнымі напоямі. Сайкс наліў шклянку брэндзі і падаў яе габрэю.
— Даволі, даволі... Дзякуй, Біл, — сказаў габрэй і паставіў шклянку, толькі крыху яе прыгубіўшы.
— Што, баішся, каб не абдурылі? — запытаўся Сайкс, пільна гледзячы на габрэя. — Вух!
Хрыпата прамармытаўшы нешта пагардлівае, Сайкс схапіў шклянку і ў якасці падрыхтоўчай дзеі перад тым, як наліць сабе, выплюхнуў яе змесціва на попел, потым наліў і адразу выпіў.
Пакуль яго супольнік апаражняў другую шклянку, габрэй уважліва агледзеў пакой, — не з цікаўнасці (ён быў тут ужо многа разоў), а з падазронасці і неспакойнасці сваёй натуры. Пакой быў абсталяваны па-жабрацку, і толькі шафа сведчыла, што гаспадар не займаецца фізічнай працай: не было бачна нічога падазронага, акрамя некалькіх цяжкіх дубінак, якія стаялі ў кутку, і палкі са свінцом унутры, якая вісела над каптуром каміна.
— Ну вось, цяпер я гатовы, — прамовіў Сайкс, аблізваючы вусны.
— Гаварыць пра справу? — удакладніў габрэй.
— Гаварыць пра справу, — пацвердзіў Сайкс. — Ну, дык з чым прыйшоў?
— Дык што наконт справы ў Чэрсі, Біл? — спытаў габрэй, падсунуўшы крэсла і сцішыўшы як мага голас.
— Так. Што ты скажаш наконт гэтага? — пацікавіўся Сайкс.
— Ах, ты ведаеш, мой даражэнькі, што я маю на ўвазе, — адказаў габрэй. — Ён ведае, што я маю на ўвазе, так, Нэнсі?
— Не, ён не ведае, — ухмыльнуўся Сайкс. — Або не хоча ведаць, і гэта тое самае. Давай кажы зразумела, называй рэчы сваімі імёнамі. Няма чаго расседжвацца тут, мігаць, падміргваць, казаць намёкамі, як быццам бы ты першы, хто падумаў пра тое, каб улезці. Што ты маеш на ўвазе?