— Не болей, — згадзіўся габрэй, які ўвесь час пра нешта думаў і пачуў толькі апошнюю фразу. — Біл!
— Ну, што яшчэ? — запытаў Сайкс.
Габрэй кіўнуў галавой у бок Нэнсі, якая ўсё яшчэ, не адводзячы вачэй, глядзела на агонь, і знакамі паказаў, што ён хацеў бы, каб яна выйшла. Сайкс нецярпліва паціснуў плячыма, як быццам ён думаў, што перасцярога залішняя, але тым не менш паслухаўся і загадаў Нэнсі прынесці яму куфаль піва.
— Ніякага піва ты не хочаш, — Нэнсі склала рукі і засталася сядзець ля каміна, як быццам нічога не здарылася.
— А я кажу, што хачу! — закрычаў Сайкс.
— Лухта, — халодным тонам запярэчыла дзяўчына. — Працягвай, Фэджын. Я ведаю, што ён хоча сказаць, Біл, яму няма чаго хаваць ад мяне.
Габрэй вагаўся. Сайкс з пэўным здзіўленнем глядзеў то на габрэя, то на дзяўчыну.
— Дык што, хай застаецца, як, Фэджын? — нарэшце спытаўся ён. — Ты ведаеш яе даволі доўга, каб давяраць; яна ж не з балбатлівых. Хіба д’ябал тут улезе, а так усё будзе чын-чынаром, так, Нэнсі?
— А як жа! — адказала маладая лэдзі, падсунула сваё крэсла бліжэй да стала і села, абапёршыся локцямі на стол.
— Не, мая даражэнькая, ты не з балбатлівых, але... — і стары зноў запнуўся.
— Але што? — пацікавіўся Сайкс.
— Я не ведаю: можа, яна зноў выйдзе з берагоў, як тым вечарам, ты ж помніш, даражэнькі, — адказаў габрэй.
Пачуўшы гэтае прызнанне, Нэнсі гучна засмяялася, нагбом выпіла шклянку брэндзі, з выклікам патрэсла галавой і выкрыкнула пару фраз кшталту «Гуляй далей», «Не губляй надзеі» і да таго падобныя. Гэта відавочна заспакоіла абодвух джэнтльменаў, бо габрэй з задаволеным выглядам пахітаў галавой і сеў на месца. Тое самае зрабіў і містэр Сайкс.
— А цяпер, Фэджын, — сказала, смеючыся, Нэнсі, — адразу кажы Білу пра Олівера.
— Так, так, разумніца, даражэнькая мая; больш праніклівай дзяўчыны я не сустракаў, — зазначыў габрэй, паляпваючы Нэнсі па шыі. — Сапраўды, я збіраўся гаварыць пра Олівера, ха-ха-ха!
— І што пра Олівера? — запатрабаваў Сайкс.
— Гэта якраз той хлопчык, які патрэбен табе, мой даражэнькі, — адказаў габрэй хрыпатым шэптам, прыставіўшы палец да носа і гідка ўсміхаючыся.
— Ён? — не даў веры Сайкс.
— Вазьмі яго, Біл! — сказала Нэнсі. — Я ўзяла б, каб была на тваім месцы. Ён не такі падрослы, як іншыя, але ж табе не гэта трэба, ён жа толькі мае адамкнуць знутры дзверы. Будзь пэўны, Біл, на яго можна спадзявацца без сумневаў.
— Я пэўна кажу, што так, — пацвердзіў габрэй. — За апошнія пару тыдняў я добра яго памуштраваў, і цяпер прыйшоў час яму самому зарабляць на хлеб. Акрамя таго, іншыя ўсе занадта вялікія.
— Так, што да росту, то ён якраз прыдасца, — раздумліва сказаў Сайкс.
— І зробіць усё, што ты пажадаеш, Біл, мой даражэнькі, — уставіў габрэй. — Ён не мае іншага выйсця. Толькі прыпалохаеш яго як след.
— Прыпалохаць! — адгукнуўся Сайкс. — Запомніце, я не проста запалохаю яго. Калі мы пачнём працаваць, і ён стане адлыньваць або выкручвацца, хоць на пені, хоць на фунт, — папомніш маё слова, Фэджын: не ўбачыце яго больш жывым. Падумайце яшчэ раз, перш чым пасылаць яго да мяне, — сказаў рабаўнік, паказваючы на жалезны лом, які ён выцягнуў з-пад ложка.
— Я ўсё ўжо абдумаў, — энергічна прамовіў габрэй. — Я... я даўно ўжо пільна сачу за ім, мае даражэнькія, пільна сачу. Трэба адзін раз даць адчуць яму, што ён адзін з нас, адзін раз убіць яму ў галаву, што ён злодзей — і ён наш! Наш на ўсё жыццё! Але! Так дарэчы ўсё складваецца!
Стары скрыжаваў рукі на грудзях, уцягнуў галаву — здавалася, ён сам сябе абдымаў ад радасці.
— Наш! — сказаў Сайкс. — Ты маеш на ўвазе — твой.
— Можа быць, даражэнькі, — адказаў габрэй і пранізліва захіхікаў. — Калі ты хочаш, Біл, няхай будзе мой.
— Што ж, — панура сказаў Сайкс, злосна гледзячы на свайго згодлівага сябра, — што ж прымушае цябе так цацкацца з нейкім задрыпам, ведаючы, што кожны вечар на Коман Гардэн віруе штук пяцьдзясят падшыванцаў, і з іх можна ўзяць кожнага?
— Таму што ад іх — нуль карысці, даражэнькі, — растлумачыў крыху збіты з панталыку габрэй. — Няма пра што казаць. Калі яны заляцяць, то іх выдасць іхняя фізіяномія — і яны прапалі. Калі папрацаваць як належыць, мой даражэнькі, то ад гэтага хлопчыка будзе аддача? як ад дваццаці іншых. Да таго ж, — дадаў габрэй, крыху ачуняўшы ад разгубленасці, — ён закладзе нас толькі тады, калі ўцячэ ад нас, таму ён павінен быць з намі ў адной лодцы. Ці не ўсё роўна, пры якіх абставінах гэтае яднанне адбудзецца? Маёй улады над ім дастаткова, каб прымусіць яго ўзяць удзел у рабаўніцтве, — і гэта ўсё, што патрэбна. Да таго ж, гэта шмат лепш, чым прыбраць з дарогі беднага маленькага хлопчыка: гэта было б небяспечна, ды і страцілі б мы на гэтым.