Выбрать главу

— На які дзень дамовіліся? — Нэнсі сваім пытаннем перашкодзіла Сайксу выразна і адназначна адказаць на чалавекалюбныя патугі Фэджына.

— Але, каб быць ужо пэўным, на калі дамовіліся, Біл? — далучыўся габрэй.

— Мы з Тобі планавалі, што ўначы пазаўтра, — змрочным голасам азваўся Сайкс, — калі толькі я не дам адбою.

— Добра, — сказаў габрэй, — месяца не будзе.

— Не, — пацвердзіў Сайкс.

— Ці ўсё падрыхтавана, каб знесці здабычу? — спытаў габрэй.

Сайкс кіўнуў.

— І наконт таго...

— І, а, о... Усё спланавана, — перапыніў яго Сайкс. — Няма чаго ўлазіць у дэталі. Лепш прывядзі сюды заўтра позна ўвечары хлопчыка. А ты трымай язык на прывязі, ды падрыхтуй тыгель. Вось і ўсё, што ад цябе трэба.

Пасля невялікага абмеркавання, у якім усе трое ўзялі актыўны ўдзел, было вырашана, што заўтра, калі возьмецца на прыцемкі, Нэнсі пойдзе да габрэя і возьме з сабой Олівера. Тут Фэджын уставіў, што пры любым адхіленні ад дамоўленасці будзе сачыць за дзяўчынай з большай ахвотай, чым хто іншы, бо ж яна паказала сябе нядаўна як заступніца Олівера. Таксама ўрачыста прынялі рашэнне, што дзеля запланаванай экспедыцыі бедны Олівер цалкам будзе аддадзены пад увагу і апеку містэра Уільяма Сайкса і што згаданы містэр Сайкс будзе абыходзіцца з ім так, як знойдзе належным, і не будзе прыцягнуты габрэем да адказнасці, калі хлопчыка напаткае няшчасны выпадак або нешта накшталт гэтага, або калі будзе неабходна нейкім чынам пакараць дзіця. Па апошнім пункце дамовіліся так, што любое сцверджанне містэра Сайкса пасля яго вяртання са справы павінна быць ва ўсіх істотных падрабязнасцях пацверджана і засведчана спрытнюгам Тобі Крэкітам.

Такім чынам, перамовы скончыліся, і тут містэр Сайкс накінуўся на брэндзі. Ён піў з ашаламляльнай хуткасцю, увесь час парушаў мір, махаючы ломам, гарланіў нейкія абрыўкі песень уперамешку з агіднай лаянкай. Нарэшце ён у прыпадку прафесійнага энтузіязму настаяў на тым, каб паглядзелі ягоную скрынку са зладзейскімі прыладамі. Ён паспеў толькі ўваліцца з гэтай скрынкай у пакой і адкрыць яе, каб растлумачыць прызначэнне і якасці розных прылад, якія былі там у камплекце, асаблівую прыгажосць іх канструкцыі, — як раптам абсунуўся на скрынку і на месцы заснуў.

— Дабранач, Нэнсі, — сказаў габрэй, зноў захінаючыся да вушэй.

— Дабранач.

Іх позіркі сустрэліся. Габрэй пільна паглядзеў ёй у вочы. Яна вытрымала ягоны позірк. У гэтай справе яна была не менш сумленная і пэўная, чым сам Тобі Крэкіт.

Габрэй яшчэ раз даў «дабранач», цішком заехаў выспятка распасцёртаму целу містэра Сайкса і, намацваючы нагамі прыступкі, спусціўся па лесвіцы.

— Заўсёды тое самае! — мармытаў сам сабе габрэй, ідучы дадому. — Найгоршае ў гэтых жанчынах тое, што самая малая драбніца можа абудзіць нейкія даўно забытыя пачуцці, а вось што гэта хутка праходзіць — гэта добра. Ха! Ха! Мужчына супраць хлопчыка за торбу золата!

Бавячы час такімі прыемнымі развагамі, містэр Фэджын па гразі і слоце дайшоў да свайго змрочнага схова, дзе яго ўжо з нецярпеннем чакаў Махляр.

— Олівер ужо спіць? Я хачу пагаварыць з ім, — было першае, што сказаў Фэджын, калі яны спусціліся ўніз.

— Ужо даўно, — адказаў Махляр, расчыняючы дзверы. — Вось ён!

Хлопчык моцна спаў на цвёрдай пасцелі, пасланай на падлозе. Ён быў такі бледны ад страхаў, змрочнасці, няволі сваёй турмы, што нагадваў мерцвяка, — не такога, што ахінуты саванам у труне, а таго, якога жыццё пакінула толькі што, чый лагодны юны дух імгненне таму ўзнёсся на Нябёсы, а грубае паветра матэрыяльнага свету яшчэ не паспела сваім подыхам сапсаваць тленную абалонку, якую ён поўніў.

— Не сёння, — сказаў габрэй, паціху адыходзячы ад пасцелі. — Заўтра. Заўтра.

РАЗДЗЕЛ XX,

у якім Олівер адыходзіць у распараджэнне містэра Сайкса

Калі раніцай Олівер прачнуўся, то моцна здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі пару новых чаравікаў на тоўстай падэшве. Старыя нехта забраў. Спачатку гэтая знаходка яго ўзрадавала, бо ён падумаў, што яго, мабыць, неўзабаве адпусцяць, але хутка высветлілася, што яго спадзяванні былі марнымі: калі ён сеў снедаць з габрэем, той сказаў яму, што сёння ўвечары яго завядуць да Біла Сайкса, прычым сказана было гэта такім тонам і ў такой манеры, што хлопчык яшчэ больш спалохаўся.