— І... і пакінуць там, сэр? — занепакоена запытаўся Олівер.
— Не, не, мой даражэнькі, не пакінуць, — супакоіў яго габрэй. — Мы не хочам губляць цябе. Не бойся, Олівер, ты вернешся да нас. Ха-а-ха! Мы не настолькі жорсткія, каб выпіхваць цябе прэч, мой даражэнькі, о не!
Стары, які смажыў кавалак хлеба, схіліўшыся над агнём, азірнуўся на Олівера і захіхікаў, быццам хочучы паказаць, што ён ведае, з якім задавальненнем той уцёк бы, каб толькі мог.
— Я так мяркую, мой даражэнькі, — сказаў габрэй, спыняючы позірк на Оліверы, — што ты хочаш ведаць, навошта ты ідзеш да Біла, га?
Олівер міжволі пачырванеў: стары быццам чытаў яго думкі. Але калі сказаць шчыра, ён сапраўды хацеў ведаць.
— Дык навошта, га? — дапытваўся габрэй, не даючы адказу сам.
— Я сапраўды не ведаю, сэр, — адказаў Олівер.
— Вось і маеш! — прамовіў габрэй, пільна ўгледзеўся ў твар хлопчыка і расчаравана адвярнуўся. — Тады пачакай, пакуль Біл сам табе скажа.
Выглядала на тое, што габрэя раззлавала гэтая безуважнасць Олівера, але насамрэч хлопчыка адпалохала і ўтрымала ад далейшых роспытаў непадробная шальмаватасць габрэевых позіркаў, а больш магчымасці папытацца не выпала, бо габрэй увесь вечар быў панурым і нясхільным да размовы, а потым пачаў збірацца ў дарогу.
— Можаш запаліць свечку, — сказаў габрэй, ставячы яе на стол. — Тут унізе кніжка для цябе, можаш пачытаць, пакуль па цябе прыйдуць. Дабранач!
— Дабранач! — ціха азваўся Олівер.
Габрэй, гледзячы цераз плячо на хлопчыка, накіраваўся да дзвярэй. Раптам ён спыніўся і аклікнуў Олівера па імені.
Олівер падняў галаву. Габрэй знакам паказаў, што трэба запаліць свечку. Олівер паслухаўся. Калі ён ставіў падсвечнік на стол, то ўбачыў, што габрэй, начапурыўшыся, пільна глядзіць на яго з цёмнага кутка пакоя.
— Сцеражыся, Олівер, сцеражыся! — сказаў стары, трасучы пагрозліва правай рукой. — Ён грубы чалавек і не спыніцца перад тым, каб праліць кроў, калі ў яго самога кроў завіруе ў жылах! Што б ні здарылася, нічога не кажы і рабі, што ён загадае. Дык помні!
Асабліва падкрэсліўшы апошнія словы, стары з натугай агораў новы выраз твару — цяпер ён расплыўся ў агіднай ухмылцы, паківаў галавой і знік з пакоя.
Калі стары пайшоў, Олівер абапёрся галавой на рукі і з трымценнем у сэрцы думаў пра тое, што толькі што пачуў. Чым больш ён разважаў пра габрэева папярэджанне, тым менш зразумелым станавіўся для мальца ягоны сэнс. Ён не мог даўмецца, чаму яго хочуць дзеля ўчынення чагосьці дрэннага паслаць да Сайкса і чаму гэта не зможа адбыцца, калі ён застанецца ў Фэджына. Пасля доўгіх разваг ён прыйшоў да высновы, што яго адсылаюць да хатняга злодзея, каб ён выконваў там паўсядзённую брудную працу да таго часу, пакуль не знойдуць іншага хлопчыка, больш прыдатнага для гэтых мэтаў.
Ён перанёс шмат пакутаў і зашмат пакутаваў тут, каб наракаць на нейкую перамену і перажываць праз яе. Некалькі хвілін ён быў заглыбіўся ў роздум, потым цяжка ўздыхнуў, зняў са свечкі лішні воск і пачаў чытаць кніжку, якую яму пакінуў габрэй.
Ён гартаў старонкі спачатку безуважна, але потым адзін урывак тэксту прыцягнуў ягоную ўвагу, і ён паглыбіўся ў чытанне. Гэта былі жыццяпісы і судовыя працэсы вялікіх злачынцаў; старонкі былі замусоленыя і зацёртыя пальцамі. Тут ён знайшоў апісанні крывавых злачынстваў, ад якіх кроў стыла ў жылах; забойстваў у бязлюдных, цёмных месцах; забітых, схаваных ад людскіх вачэй у глыбокіх ямах і студнях, — як глыбока ні былі б схаваныя трупы, але праз шмат гадоў сховы выкідвалі іх на паверхню, і гэтая карціна настолькі настрашвала забойцаў, што яны ў жаху прызнаваліся ў тым, што ўчынілі, і выпрошвалі як мага хутчэй пакараць іх смерцю, каб вызваліцца ад згрызотаў сумлення. Тут Олівер прачытаў таксама пра людзей, якія глухімі начамі ляжалі ў сваіх пасцелях, і на іх находзіла насланнё, спакуса граху, як яны самі потым прызнаваліся. Паддаўшыся спакусе, яны ўчынялі такія жахлівыя забойствы, што мурашкі беглі па скуры, і дрыжалі ногі ды рукі. Страшныя апісанні былі настолькі рэальнымі і жывымі, што пажоўклыя старонкі, здавалася, падцякалі крывёю, а словы гучалі ў вушах Олівера, як быццам іх глуха нашэптвалі духі забітых.
У жаху хлопчык загарнуў кніжку і адкінуў яе прэч. Потым ён укленчыў і пачаў маліцца Богу, каб Бог засцярог яго ад такіх учынкаў і даў яму лепш адразу памерці, чым учыніць такія жахлівыя і мярзотныя злачынствы. Паступова Олівер супакоіўся і ціхім, перарывістым голасам прасіў Бога, каб ён выратаваў яго ад будучых небяспек, і, калі гэта магчыма, дапамог беднаму, адрынутаму людзьмі хлопчыку, які ніколі не ведаў сяброўскай любові і спагады, каб дапамог яму менавіта цяпер, калі ён, самотны, пакінуты ўсімі, адзін знаходзіцца пасярод грахоўнасці і злачынстваў. Ён скончыў маліцца, але па-ранейшаму сядзеў, закрыўшы твар рукамі. Нейкі шорах прымусіў яго азірнуцца.