Выбрать главу

— Што такое? — крыкнуў ён, ускокваючы з падлогі. У кутку ля дзвярэй нехта стаяў. — Хто тут?

— Гэта я. Усяго толькі я, — адказаў няпэўны голас.

Олівер падняў свечку над галавой і паглядзеў у бок дзвярэй. Там стаяла Нэнсі.

— Пастаў свечку, — сказала дзяўчына, адвярнуўшы твар. — Вочы баляць на яе глядзець.

Олівер бачыў, што яна вельмі бледная, і мякка спытаў, ці не хворая яна часам. Дзяўчына абсела на крэсла да яго спінай і стала моўчкі ламаць рукі.

— Божа, даруй мне, — усклікнула яна праз хвіліну, — я пра гэта не падумала.

— Што-небудзь здарылася? — спытаў Олівер. — Ці магу я дапамагчы вам чым-небудзь? Я з ахвотай дапамог бы. Праўда.

Яна пачала хістацца ўзад-уперад, потым схапілася рукамі за горла і пачала з хрыпеннем і бульканнем лавіць ротам паветра.

— Нэнсі! — усклікнуў Олівер. — Што такое?

Дзяўчына пачала малаціць рукамі па каленях, а нагамі па падлозе, потым раптам спынілася, шчыльней захінулася ў шалік і затрэслася ад холаду.

Олівер падшураваў у каміне. Яна падсунула сваё крэсла бліжэй да агню і нейкі час сядзела моўчкі, але потым нарэшце падняла галаву і агледзелася.

— Я не ведаю, што на мяне находзіць часам, — сказала яна, робячы выгляд, быццам папраўляе сукенку. — Відаць, гэты цёмны, сыры пакой так на мяне падзейнічаў. Дык што, Нолі, мой даражэнькі, ты ўжо гатовы?

— Мне ісці з вамі? — спытаў Олівер.

— Так. Я прыйшла ад Біла, — азвалася дзяўчына. — Ты мусіш ісці са мной.

— Навошта? — спытаў, адхіснуўшыся, Олівер.

— Навошта! — рэхам паўтарыла дзяўчына, паглядзеўшы на Олівера і зноў адвёўшы вочы пасля таго, як яе позірк сустрэўся з ягоным.

— А так. Нічога такога.

— Я не веру, — сказаў Олівер, які пільна назіраў за ёю.

— Няхай будзе па-твойму, — засмяялася робленым смехам Нэнсі. — Ні для чога добрага.

Олівер адчуваў, што нейкім чынам мае ўплыў на лепшыя пачуцці дзяўчыны, і на адно імгненне ім завалодаў намер маліць яе аб спагадзе да яго, самотнага і ўсімі пакінутага. Але потым прамільгнула думка, што яшчэ толькі адзінаццаць гадзін і на вуліцы яшчэ шмат мінакоў і што, напэўна, сярод іх знойдзецца хоць адзін, хто паверыць ягонаму расказу. Сцвердзіўшыся ў сваім намеры, ён зрабіў крок наперад і крыху паспешліва сказаў, што ён гатовы.

Ні яго кароткі роздум, ні паспешлівасць не засталіся па-за ўвагай Нэнсі. Калі ён казаў, яна ўважліва за ім сачыла, а потым яе праніклівы і красамоўны пагляд засведчыў дастаткова пэўна, што яна прачытала тыя думкі, якія прайшлі ў галаве Олівера.

— Ціха! — сказала дзяўчына, нахіляючыся над ім, насцярожана агледзелася і паказала на дзверы. — Ты нічога не зможаш зрабіць. Я вельмі старалася табе дапамагчы, але ўсё без толку. Цябе абклалі з усіх бакоў, і калі табе выпадзе, можа быць, выслізнуць, то не цяпер. Яшчэ не час.

Уражаны яе энергічнай манерай, Олівер з вялікім здзіўленнем паглядзеў ёй у вочы. Відаць, яна казала праўду. Яе твар быў бледным і ўсхваляваным, і яна непадробна трымцела.

— Аднойчы я абараніла цябе ад крыўды, абараню яшчэ, калі трэба будзе, і абараню цяпер, — сказала яна ўголас. — Калі б замест мяне прыйшоў па цябе хто іншы, то ён абыходзіўся б з табой больш груба, чым я. Я абяцала, што ты будзеш паводзіць сябе ціхмяна і будзеш маўчаць. Калі гэтага не будзе, то ты адно нашкодзіш і сабе, і мне. Магчыма, праз гэта мяне заб’юць. Глядзі! Бог сведка, што я ўжо перанесла праз цябе.

Яна паспешліва паказала на сінякі на шыі ды руках і хутка працягвала:

— Помні пра гэта! І не прымушай мяне прымаць праз цябе пакуты, не рабі гэтага сёння. Каб я магла табе дапамагчы, я дапамагла б, але гэта не ў маіх сілах. Яны не маюць на мэце зрабіць табе крыўду, і не ты будзеш вінаваты ва ўсім, што яны прымусяць цябе зрабіць. Дык маўчы! Кожнае тваё слова — гэта ўдар па мне. Дай мне руку. Пайшлі, хутка! Давай руку!

Яна схапіла Олівера за руку, якую той інстынктыўна паклаў у ейную, задзьмула свечку і пацягнула яго за сабой уверх па прыступках. Нехта звонку расхінуў перад імі дзверы і адразу зачыніў іх, калі яны ступілі на вуліцу. Іх чакаў наняты кабрыялет. Нэнсі з ранейшай паспешлівасцю, з якой звярталася да Олівера, зацягнула яго ўнутр і захінула фіранкі. Кучар не пытаўся, куды ехаць, а з месца пагнаў каня наўскач.