Містэр Сайкс, цягнучы за сабой Олівера, церабіў сабе дарогу локцямі праз самыя людныя месцы пляца і мала зважаў на шматстайнасць наваколля, якая так уразіла хлопчыка. Разы два ці тры ён ківаў нейкім сваім знаёмым, адхіляў іхнія запрашэнні выпіць разам ранішні кілішак і мэтанакіравана імкнуўся наперад, пакуль яны не прабіліся на волю і не выйшлі па Хаўзэр-Лэйн у Хольбарн.
— Ну, містэр Зялёнка! — сказаў Сайкс, паглядзеўшы на гадзіннік на царкве Сант-Эндру. — Хутка сем! Давай, не вісні на руцэ, лянівыя твае ногі!
Гэтую сваю прамову містэр Сайкс суправадзіў практычным дзеяннем, моцна тузануўшы свайго маленькага спадарожніка за руку. Олівер як мог прыстасоўваўся да хады хатняга злодзея; нарэшце ён пайшоў подбегам — гэта было крыху хутчэй за хуткую хадзьбу, але не так хутка, як сапраўдны бег.
У такім тэмпе яны ішлі, пакуль не дасягнулі кутка Гайд-парка і не скіраваліся ў бок Кенсінгтона. Тут Сайкс запаволіў крок, пакуль іх не дагнала пустая павозка, якая была ззаду. Убачыўшы на ёй надпіс «Хаўнслоў», ён з усёй ветлівасцю, на якую быў здольны, спытаў кучара, ці не мог бы той падвезці іх да Айлсварта.
— Заскоквайце, — дазволіў кучар і спытаў: — А гэта ваш хлопчык?
— Так, гэта мой хлопчык, — адказаў Сайкс, пільна гледзячы на
Олівера і засоўваючы руку ў кішэню, дзе ляжаў пісталет.
— Твой бацька ідзе занадта хутка для цябе, га, малец? — запытаўся кучар, бачачы, што Олівер задыхаўся.
— Німала, — умяшаўся Сайкс. — Ён прывычны. Нэд, трымайся за маю руку і залазь.
Сайкс меў на ўвазе Олівера. Ён дапамог хлопчыку залезці ў павозку. Кучар паказаў на гару мяхоў і сказаў, каб яны прылеглі на іх і адпачывалі. Яны міналі адзін указальнік міляў за другім, і Олівер пачаў губляцца ў здагадках, куды гэта хатні злодзей вязе яго. Яны ўжо праехалі Хамэрсміт, Чызуік, Кі Брыдж, Брэнтфорд, але працягвалі рухацца наперад так неадпрэчна, быццам бы толькі што выправіліся ў дарогу. Нарэшце яны пад’ехалі да тракціра, які называўся «Карэта і Коні». Непадалёку пачыналася іншая дарога. Тут павозка спынілася.
Сайкс паспешліва падхапіўся, трымаючы Олівера за руку, потым апусціў яго на зямлю, саскочыў і недвухсэнсоўна паляпаў кулаком па бакавой кішэні, злосна гледзячы на хлопчыка.
— Да пабачэння, хлопчык! — сказаў мужчына.
— Ён не ў гуморы, — азваўся Сайкс і патрос Олівера. — Ён не ў гуморы. Ах ты шчанюк! Не звяртайце на яго ўвагі.
— Надта мне трэба звяртаць увагу! — адказаў кучар, зноў залазячы ў павозку. — А надвор’е сёння — першы клас.
І ён ад’ехаў.
Сайкс пачакаў, пакуль ён не знікне з відавоку, потым сказаў Оліверу, што той можа, калі хоча, гапіцца па баках, і павёў яго далей.
Неўзабаве пасля тракціра яны павярнулі налева і потым доўга ішлі дарогай, якая адгалінавалася справа, мінаючы з абодвух бакоў шмат вялікіх садоў і багатых сядзіб, спыняючыся толькі зрэдчас, калі Сайкс хацеў выпіць піва. Нарэшце яны дайшлі да нейкага мястэчка. Тут на сцяне дома Олівер убачыў даволі вялікі надпіс «Хэмптан».
Некалькі гадзін яны блукалі палямі, потым павярнулі ў мястэчка і ў старой карчме з цьмянай пацёртай шыльдай замовілі каля кухоннага агменя абед.
Кухня была ў старым памяшканні з нізкай столлю, якая пасярэдзіне трымалася на доўгай бэльцы. Каля агменя стаялі лаўкі з высокімі спінкамі, на якіх сядзелі некалькі мужчын грубага выгляду ў рабочай адзежы. Яны пілі і курылі; яны не звярнулі ніякай увагі на Олівера і зусім мала — на Сайкса, а паколькі і Сайкс не звяртаў на іх увагі, то ён і ягоны малады спадарожнік сядзелі ў кутку самі па сабе, не абцяжарваючы сябе фактам нечай прысутнасці.
Яны паелі халоднага мяса. Містэр Сайкс выкурыў трубку, другую, трэцюю... Олівер ужо амаль упэўніўся, што далей яны не пойдуць. Ён сёння ўстаў рана і вельмі стаміўся ад дарогі, так што хутка пачаў клюкаць носам, а потым пад уплывам стомы і тытунёвага дыму наогул заснуў.
Было ўжо даволі цёмна, калі ён прачнуўся ад штуршка Сайкса. Ён скінуў з сябе санлівасць і ўбачыў, што гэты годны джэнтльмен мацаваў таварыскія ўзаеміны з нейкім рабочым над пінтай элю.
— Дык вы едзеце да Лоўэр Хэліфорд, так? — дапытваўся Сайкс.
— Так, — адказваў чалавек, які пасля выпіўкі пачуваўся крыху горш, а можа, і крыху лепш — гэта як каму. — І гэта хутка. Мой конік едзе паражняком, не тое што зранку, і ляцець ён будзе — о-го-го! Дык за яго здароўе! За майго каня! Гэта конік што трэба!
— Ці не маглі б вы падкінуць майго хлопца і мяне? — запытаўся Сайкс, падсоўваючы свайму новаму сябру эль.