Выбрать главу

— Калі паедзеце адразу, то чаму не, — адказаў чалавек. — Вам трэба ў Хэліфорд?

— У Шэпертон, — адказаў Сайкс.

— Тады падвязу вас, колькі па дарозе, — адказаў вазніца. — Бэкі, я нічога не павінны?

— Заплачана. Другі джэнтльмен заплаціў, — азвалася дзяўчына.

— Не, пачакайце, так не пойдзе! — зазначыў вазніца з робленай сур’ёзнасцю, якая ўласцівая п’яным.

— Чаму не? — запытаўся Сайкс. — Вы ж хочаце падвезці нас. Дык хіба мне нельга паставіць дзеля парахунку пінту-другую элю?

Вазніца з вельмі значным выразам твару колькі часу абдумваў гэты аргумент. Абдумаўшы, ён паціснуў Сайксу руку і сказаў, што той сапраўды мужык што трэба. На гэта містэр Сайкс адказаў, што хлапец жартуе, бо крыху выпіў. Вось каб ён быў цвярозы, то ў яго былі б сур’ёзныя падставы даваць такую ацэнку.

Памяняўшыся яшчэ колькімі кампліментамі, яны пажадалі тым, хто заставаўся, добрай ночы і пайшлі. Служанка прыбрала гладышы і куфлі і, трымаючы іх у руках, выйшла паглядзець, як кампанія ад’едзе.

Конь, за здароўе якога пілі ў яго адсутнасць, стаяў у вупражы збоку. Олівер і Сайкс без лішніх цырымоній залезлі ў вазок, а вазніца некалькі хвілін поркаўся ля каня, — «каб узбадзёрыць яго», як ён казаў, і каб яшчэ раз заявіць конюху і свету, што роўных гэтаму каню няма. Потым конюху было загадана адпусціць каня, а калі яго адпусцілі, той пакарыстаўся з гэтага скрайне непрыемным чынам: ён з выразам вялікай пагарды матляў галавой, на другім баку вуліцы заглянуў у некалькі вокнаў; учыніўшы гэтыя подзвігі, ён падняўся на дыбы, потым панёс і з грукатам вылецеў на гасцінец.

Ноч была вельмі цёмная. Над ракой і балацянкай вакол яе падымаўся туман і расцякаўся голымі палямі. Холад працінаў да касцей, панаваў пануры змрок. Ніхто не казаў ні слова. Вазніцу пацягнула на сон, а ў Сайкса не было настрою, каб завязваць размову. Олівер, скукожыўшыся, сядзеў у кутку вазка, прыгнечаны страхам і кепскімі прадчуваннямі: яму мроіліся нейкія злавесныя здані замест ніцых дрэў, голле якіх паважна гойдалася, быццам у нейкім вымарачным захапленні ад пагрозлівай змрочнасці краявіду.

Калі яны праязджалі царкву ў Санберы, звон прабіў сем гадзін. У доме перавозчыка насупраць у адным акне гарэла святло. Яно падала на дарогу і яшчэ больш падкрэслівала цемрадзь вакол цісавага дрэва і магіл пад ім. Дзесьці непадалёку глуха шумела, падаючы з вышыні, вада, і лістота старога дрэва ціха шапацела пад начным ветрам. Гэта выдавала на ціхую музыку, якая гучыць дзеля спакою памерлых.

Яны праехалі Санберы і зноў заглыбіліся ў пустэльню. Праз дзве або тры мілі вазок спыніўся. Сайкс вылез, узяў Олівера за руку, і яны зноў пайшлі далей.

Яны не зайшлі ў які-небудзь дом у Шэпертоне, як спадзяваўся змучаны хлопчык, а працягвалі ісці па гразі ў цямрэчы панылымі прасёлкамі, цераз глухія халодныя пусткі, пакуль удалечыні не сталі бачныя агні нейкага мястэчка. Угледзеўшыся, Олівер убачыў, што ўперадзе і ўнізе цячэ вада, і зразумеў, што яны падыходзяць да моста.

Сайкс ішоў проста, пакуль яны не падышлі да самага моста, а потым нечакана крута ўзяў улева.

«Там вада! — падумаў Олівер, і ў яго сэрца замерла ад страху. — Ён прывёў мяне ў гэтае бязлюднае месца, каб забіць!»

Ён ужо хацеў быў кінуцца на зямлю, каб змагацца за сваё маладое жыццё, як раптам убачыў, што яны стаяць перад нейкім напаўразбураным, недагледжаным домам. З кожнага боку ад уваходных дзвярэй з гнілым ганкам перад імі было акно, вышэй быў яшчэ адзін паверх, але святло нідзе не гарэла. Дом быў цёмны, стары, занядбаны. Выглядала на тое, што ў ім ніхто не жыў.

Сайкс, усё яшчэ не выпускаючы рукі Олівера са сваёй, падышоў паціху да нізкага ганка і падняў засаўку. Дзверы паддаліся яго намаганню, і яны ўвайшлі.

РАЗДЗЕЛ ХХІІ

Узлом

Хто там?! — пракрычаў гучны сіпаты голас, як толькі яны ўвайшлі ў калідор.

— Не рабі такога галасу, — сказаў Сайкс, зачыняючы дзверы. — Тобі, запалі якое-небудзь святло.

— Га, дык гэта ж мой сябра, — пачуўся той самы голас. — Святла, Барні, святла! Пасвяці джэнтльмену, а найперш прачніся ўжо нарэшце.

Уладальнік голаса, відаць, кінуў у таго, да каго звяртаўся, ражком для абування ці нечым накшталт таго, бо чутна было, як з грукатам абрынулася нешта драўлянае, а потым пачулася нейкае няўцямнае мармытанне, быццам чалавек напалову спаў, а напалову дзейнічаў свядома.

— Чуеш? — працягваў той самы голас. — У калідоры Біл Сайкс, і яго ніхто не сустракае, а ты тут дрыхнеш, нібы ўзяўшы морфію на грудзі за абедам. Пасвяжэў крыху, ці пабудзіць цябе жалезным падсвечнікам?

Як толькі гэта было сказана, па голай падлозе зашэргалі стаптаныя чаравікі, і ў дзвярах праваруч з’явіліся — спачатку цьмяная свечка, а потым фігура самога суб’екта, які працаваў афіцыянтам у пабе ў Сафран-Хіле і які моцна гундосіў.