Выбрать главу

— Бістэр Сайкс! — усклікнуў Барні з сапраўднай або робленай радасцю. — Убаходзьце, сэд, убаходзьце.

— Уваходзь першым, — загадаў Сайкс, ставячы Олівера перад сабой, — хутчэй, а не то наступлю табе на пяткі.

Лаючыся на Олівера за яго цельпукаватасць, Сайкс прапіхнуў яго ў пакой і ўвайшоў сам. Гэта было нізкае цёмнаепамяшканне з дымным агменем, дзвюма ці трыма зламанымі табурэткамі, сталом і вельмі старой канапай, на якой, разлёгшыся на ўсю даўжыню, закінуўшы ногі шмат вышэй за галаву, курыў доўгую гліняную люльку нейкі чалавек. На ім быў модна скроены сурдут тытунёвага колеру з вялікімі бронзавымі гузікамі, памаранчавая хустка, таўставязаная кідкая камізэлька і кароткія брыджы. Містэр Крэкіт (а гэта быў ён) не меў ні на галаве, ні на твары зашмат валасоў, а тыя, якія ўсё ж былі, мелі рудое адценне і закручваліся ў доўгія локаны накшталт штопара, у якія ён час ад часу засаджваў свае вельмі брудныя пальцы, упрыгожаныя вялікімі таннымі пярсцёнкамі. Ён быў крыху вышэйшы за сярэдні рост і, напэўна, слабы на ногі, але гэтая акалічнасць ніколькі не перашкаджала яму з захапленнем і самым жывым задавальненнем сузіраць свае боты з высокімі халявамі на гэтых задраных уверх нагах.

— Біл, мой малец! — сказала фігура, павярнуўшы галаву да дзвярэй. — Я вельмі рады бачыць цябе. Я ўжо пачаў баяцца, што ты адмовіўся ад гэтай задумы, у такім выпадку я зрабіў бы ўласную спробу. Прывітанне!

Апошняе было прамоўлена Тобі Крэкітам у тоне вялікага здзіўлення: вочы яго зафіксаваныя былі на Оліверы. Містэр Тобі Крэкіт перайшоў у сядзячае становішча і захацеў ведаць, хто знаходзіцца перад ім.

— Хлопчык. Толькі хлопчык, — адказаў Сайкс, падцягнуўшы да агменя крэсла.

— Бэўна, адзід з бітобцаў бістэра Фэджыда, — усклікнуў з ухмылкай Барні.

— Вось яно што, Фэджына! — падхапіў Тобі, гледзячы на Олівера. — Такому хлопцу цаны няма, калі праверыць усенькія кішэні старых лэдзі ў царкве. Скарб, дый годзе!

— Хопіць, хопіць пра гэта, — нецярпліва перапыніў Сайкс і, нахіліўшыся да свайго сябра, прашаптаў яму на вуха тое-сёе, пасля чаго містэр Крэкіт доўга рагатаў і ўшанаваў Олівера доўгім здзіўленым позіркам.

— А цяпер, — прамовіў Сайкс, сеўшы, — калі вы дасце нам чаго-небудзь паесці ды выпіць, гэта нас крыху ўзбадзёрыць, мяне дык напэўна. Сядай да камінка, хлопча, і адпачні, таму што сёння ўночы табе давядзецца пайсці разам з намі, няхай сабе і недалёка.

Олівер баязліва і з нямым здзіўленнем паглядзеў на Сайкса і, падцягнуўшы да каміна табурэтку, сеў і паклаў на рукі збалелую галаву, наўрад ці разумеючы, дзе ён ці што адбываецца вакол яго.

— Калі ласка, — сказаў Тобі, калі малады габрэй паставіў на стол тое, што назбіраў з яды, і бутэльку. — За поспех узлому!

Сказаўшы тост, ён падняўся, беражліва паклаў пустую люльку ў куток, наліў у шклянку алкаголю і выпіў змесціва. Тое самае зрабіў і містэр Сайкс.

— Кроплю — хлапчыне, — сказаў Тобі, напалавіну наліваючы фужэр. — Давай пі, нявінная істота.

— Але ж, — прамовіў Олівер, жаласліва гледзячы знізу ўверх у твар чалавека, — але ж я...

— На, выпі! — рэхам паўтарыў Тобі. — Ты што, думаеш, я не разбіраюся, што табе добра, а што не? Скажы, Біл, скажы, няхай вып’е.

— Лепш яму выпіць! — адгукнуўся Сайкс, паляпваючы далонню па кішэні. — Каб мяне пярун спаліў, з ім больш калатнечы, чым з цэлай сям’ёй Махляроў. Пі, чарцяня ты неадукаванае, пі!

Спалоханы пагрозлівымі жэстамі абодвух мужчын, Олівер паспешліва праглынуў змесціва фужэра і адразу зайшоўся моцным кашлем, што развесяліла Тобі Крэкіта і Барні і нават выціснула ўсмешку з сур’ёзнага містэра Сайкса.

Калі гэта было скончана, і містэр Сайкс задаволіў свой апетыт (Олівер не змог з’есці нічога, апроч малой скарынкі хлеба, якую яны яго прымусілі зжаваць), абодва мужчыны прылеглі на крэслах, каб крыху пакімарыць. Олівер застаўся на сваёй табурэтцы каля агню, а Барні, загарнуўшыся ў коўдру, расцягнуўся на падлозе перад самай каміннай рашоткай.

Некаторы час яны спалі ці рабілі выгляд, што спяць; не варушыўся ніхто, апроч Барні, які раз ці два падымаўся, каб падкласці вугалю. Олівер упаў у цяжкую дрымоту; яму здавалася, што ён пляцецца змрочнымі палявымі дарогамі або блукае па цёмных могілках, уяўлялася тая ці іншая сцэна апошніх дзён. Нарэшце ён быў разбуджаны Тобі Крэкітам, які ўскочыў і абвясціў, што ўжо палова на другую.

Умомант двое іншых былі на нагах, і ўсе пачалі заўзята рыхтавацца да акцыі. Сайкс і яго сябры захінулі свае шыі і бароды ў вялікія цёмныя шалікі і апранулі шэрыя паліто, у той час як Барні, адкрыўшы буфет, вымаў розныя рэчы, якія паспешліва распіхваў па кішэнях.