— А цяпер слухай, ягня, — прашаптаў Сайкс, вымаючы з кішэні ліхтар з зацямненнем і накіроўваючы ўсё святло на твар Олівера, — зараз я апушчу цябе праз акно ўнутр. Вазьмі ліхтар з сабой, паціху падыміся на прыступкі проста перад табой і цераз маленькую залу шыбуй да дзвярэй на вуліцу; адчыні іх і ўпусці нас.
— Наверсе засаўка, ён не дастане, — перапыніў Сайкса Тобі. — Станеш на адно з крэслаў. Іх у залі тры, Біл, а на спінках вялізны сіні адзінарог і залатыя вілы, гэта герб старой лэдзі.
— І ні гу-гу мне, чуеш? — нагадаў Сайкс з пагрозлівым позіркам. — Дзверы ў пакой адчыненыя, так?
— Наўсцяж, — адказаў Тобі, паглядзеўшы, каб быць пэўнаму. — Самае смешнае, што яны заўсёды пакідаюць гэтыя дзверы адчыненымі, каб сабака, у якога тут посцілка, мог бегаць туды-сюды па калідоры, калі захоча. Ха-ха! А Барні зманіў яго ўчора ўвечары. Усё як трэба!
Хоць містэр Крэкіт гаварыў ледзь чутным шэптам і смяяўся бязгучна, Сайкс уладарна загадаў яму маўчаць і брацца за справу. Тобі паслухаўся: па-першае, выняў свой ліхтар і паставіў яго на зямлю, а потым моцна ўпёрся галавой у сцяну, а рукамі ў калені так, каб яго спіна была прыступкай. Як толькі ён гэта зрабіў, Сайкс залез на яго, спачатку асцярожна прасунуў Олівера нагамі ўперад у акно, а потым, не адпускаючы каўняра, акуратна паставіў яго на падлогу ўнутры.
— Вазьмі ліхтар, — сказаў Сайкс, заглядваючы ў пакой. — Бачыш прыступкі перад сабой?
Олівер, больш мёртвы, чым жывы, выдыхнуў: «Так». Сайкс, паказваючы ручкай пісталета на дзверы на вуліцу, сцісла параіў яму мець на ўвазе, што ён увесь час у дасягальнасці стрэла і калі прамарудзіць, то адразу ўпадзе мёртвым.
— Усё павінна быць зроблена за хвіліну, — сказаў Сайкс тым самым ледзьве чутным шэптам. — Як толькі адпушчу цябе, бярыся за справу. Ціха! Што такое?
— Што там? — прашаптаў другі мужчына.
Абодва пільна прыслухаліся.
— Нічога, — прамовіў Сайкс, адпускаючы Олівера. — Руш!
За той кароткі прамежак часу, калі можна было разважыць,
хлопчык цвёрда вырашыў, што, памрэ ён пры гэтай справе ці не, але паспрабуе ўзбегчы ўверх па лесвіцы з залы і папярэдзіць сям’ю. Сцвердзіўшыся ў гэтай задуме, ён адразу, але яшчэ крадучыся, рушыў наперад.
— Назад! — раптам загукаў Сайкс. — Назад! Назад!
Спалоханы раптоўным парушэннем мёртвай цішыні і гучным
крыкам, які пачуўся пасля гэтага, Олівер выпусціў ліхтар і не ведаў, рухацца яму наперад ці бегчы.
Потым крык паўтарыўся, з’явілася аднекуль святло, перад яго вачыма праплыў відзеж двух напалову адзетых мужчын наверсе лесвіцы, потым была ўспышка, гучнае шыпенне, дым, нешта гахнула (дзе — ён не ведаў), і ён адхіснуўся назад.
Сайкс на момант знік, аднак праз імгненне ён зноў з’явіўся і схапіў яго за каўнер перш, чым дым рассеяўся. Ён выпаліў па мужчынах, якія ўжо адступалі, са свайго пісталета і падняў хлопчыка ў акно.
— Трымай руку мацней, — сказаў Сайкс, працягваючы яго цераз акно. — Дай мне сюды шалік. Яны трапілі ў яго. Хутка! Каб яго чорт пабраў, хлопчык сплывае крывёй!
Потым моцна зазванілі ў звон, пачуліся стрэлы, воклічы; Олівер адчуў, што яго хуткім крокам нясуць па няроўнай глебе. А потым усе шумы адышлі ў нязмерную далячынь, у сэрца хлопчыка запоўз смяротны холад, і ён больш нічога не чуў і не бачыў.
РАЗДЗЕЛ ХХІІІ,
дзе апавядаецца аб прыемнай размове паміж містэрам Бамблам і адной лэдзі і пацвярджаецца, што нават прыходскі кур ’ер часам бывае не пазбаўлены чуллівасці
Вечар быў надзвычай халодны. Снег, які ляжаў на зямлі, пакрыўся тоўстай цвёрдай коркай, так што нападам рэзкага ветру былі аддадзеныя толькі гурбы снегу, якія залеглі тут і там на сцежках і завулках, і вецер, трапляючы на такую здабычу, быццам падвойваў сваё шаленства і з дзікай энергіяй хапаў яе, воблакамі завіхурваў над зямлёй і рассейваў, разбіваў на тысячы часцінак. Гэты халодны, цёмны, пранізлівы вечар прымушаў тых, хто быў сыты і меў над галавой дах, размясціцца каля агменя і дзякаваць Богу за тое, што маюць прытулак, а галодных, бяздомных ён схіляў легчы на зямлю і памерці. Такімі вечарамі шмат хто з адрынутых навечна заплюшчыў вочы на нашых вуліцах, і няхай злачынствы, учыненыя імі, былі жахлівымі, але наўрад ці яны прачнуцца ў свеце, больш жорсткім за гэты.
Такія чыніліся справы за дзвярыма, калі місіс Корні, наглядчыца працоўні, які нашы чытачы ўжо ведаюць як месца нараджэння Олівера Твіста, села перад вясёлым цяпельцам ва ўласным пакойчыку і не без самазадаволенасці паглядзела на маленькі круглы столік, на якім стаяў адпаведнага памеру паднос з усім, што толькі можа пажадаць сабе на вячэру наглядчыца працоўні. Місіс Корні якраз мела намер дазволіць сабе кубачак гарбаты. Калі яна перавяла позірк са століка на агмень, дзе тонкім голасам ціха высвістваў песеньку самы малы з усіх існых чайнічкаў, яе ўнутраная задаволенасць відавочна ўзрасла, — узрасла настолькі, што місіс Корні ўсміхнулася.