— Добра! — сказала наглядчыца, абапершыся локцямі на стол і задумліва гледзячы на агонь. — Што казаць, кожны з нас мае прычыны, каб быць удзячным. Вельмі важкія прычыны, толькі мы гэтага не разумеем. Ах!
Місіс Корні жаласліва пахітала галавой, быццам аплакваючы духоўную слепату тых беднякоў, якія ну не разумелі гэтага, і палезла сярэбранай лыжачкай (прыватная ўласнасць) у нетры бляшанкі з гарбатай умяшчальнасцю ў дзве унцыі, збіраючыся заварыць сабе гэты напой.
Як лёгка можа нейкая драбніца парушыць спакой нашага духу! Пакуль місіс Корні заглыблялася ў рэфлексію, чорны чайнік, вельмі малы, і таму заўсёды поўны, перакіпеў, і вада злёгку абварыла руку місіс Корні.
— А каб цябе! — сказала шаноўная наглядчыца і хуценька паставіла чайнік на камін. — Ах ты маленькая, нягодная рэч, што змяшчае ўсяго два кубачкі! Ну што ад яе за карысць каму! Хіба што самотнай, адзінокай асобе накшталт мяне. О Божа!
З гэтымі словамі наглядчыца апусцілася на крэсла, зноў падперлася рукамі на стол і задумалася пра свой адзінокі лёс. Маленькі чайнік і самотны кубачак абудзілі ўспамін пра містэра Корні (які памёр усяго нейкіх дваццаць пяць гадоў таму назад), і гэта вельмі падарвала сілы місіс Корні.
— Ніколі больш не вазьму такога! — з прыкрасцю сказала місіс Корні. — Ніколі.
Незразумела, датычыла гэтая заўвага мужа або чайніка. Хутчэй за ўсё апошняга, бо, прамаўляючы гэтую фразу, місіс Корні глядзела на яго, а потым прыбрала яго наверх. Толькі яна рассмакавала першы кубачак, як ціхі стук у дзверы перабіў ёй смак.
— О, хто там? — злосна сказала місіс Корні. — Заходзьце. Зноў нехта з гэтых старых памірае, няйначай, — яны заўсёды прымяркуюцца паміраць, калі я сядаю есці. Ды не стойце там — дзверы насцеж, не напускайце мне холаду, ну. Дык што там зрабілася?
— Нічога, мэм, нічога, — адказаў мужчынскі голас.
— Вось гэта дык прыемнасць! — нашмат больш салодкім тонам усклікнула місіс Корні. — Няйначай гэта містэр Бамбл?
— Да вашых паслугаў, мэм, — сказаў містэр Бамбл, які запыніўся быў, каб пачысціць чаравікі і стрэсці снег з паліто, а цяпер з’явіўся ва ўсёй велічы, несучы у адной руцэ трохкутку, а ў другой клунак. — Мне зачыніць дзверы, мэм?
Лэдзі цнатліва марудзіла з адказам, абдумваючы, ці варта ёй мець сустрэчу з містэрам Бамблам пры зачыненых дзвярах. Містэр Бамбл вытлумачыў няпэўнасць на сваю карысць, акрамя таго, ён вельмі замёрз, таму ён зачыніў дзверы без дазволу.
— Ну і надвор’е, містэр Бамбл, — сказала наглядчыца.
— Сапраўды, мэм, — пацвердзіў кур’ер. — Гэта антыпрыходскае надвор’е. Сёння папалудні мы раздалі дваццаць чатырохфунтавых буханак хлеба, паўтары галавы сыру, а гэтыя беднякі ўсё яшчэ незадаволеныя.
— А як жа. Калі яны наогул задаволяцца, містэр Бамбл? — сказала наглядчыца, сёрбаючы гарбату.
— Насамрэч, калі? — у тон ёй падхапіў містэр Бамбл. — Аднаму тут перапала, дзеля ягонай жонкі і вялікай сям’і, бохан хлеба на чатыры фунты і добры фунт сыру, усё як належыць. Дык што вы думалі, мэм, ён быў удзячны, га? Ні на фартынг, вось што! Ён замест гэтага стаў прасіць вугалю, хоць як у насоўку насыпаць — так ён сказаў! Вугалю! Што ён рабіў бы з вугалем? Падсмажваў бы на ім свой сыр, а потым прыйшоў бы прасіць яшчэ. Вось такія гэта людзі, мэм: насып яму сёння вугалю поўны фартух — заўтра ён зноў прыйдзе і будзе выпрошваць яшчэ.
Наглядчыца выказала поўную згоду з такой вобразнай інтэрпрэтацыяй, і кур’ер працягваў.
— Ніколі не думаў, — сказаў містэр Бамбл, — што можа дайсці да такога. Пазаўчора мужчына — вы, мэм, былі замужам, і вам можна сказаць, — мужчына, якому ледзьве хапала сродкаў на тое, каб прыкрыць сваю галоту (тут місіс Корні цнатліва апусціла вочы), падыходзіць да дзвярэй нашага інспектара і кажа, што яму патрэбная дапамога, місіс Корні. Паколькі ён у іншым выпадку застаўся б і распалохаў усю кампанію, наш інспектар загадаў даць яму фунт бульбы і паўпінты аўсянай мукі. «Ах, Божа мой, — кажа няўдзячны нягоднік. — Што толку мне ад гэтага? Гэта для мяне тое самае, каб калі вы далі мне жалезныя акуляры». «Вельмі добра, — кажа наш інспектар, забіраючы ў яго ўсё, што яму далі. — У такім выпадку ты наогул нічога не атрымаеш!» «Тады я памру дзе-небудзь на вуліцы,» — адказвае валацужнік. «Не, не памрэш.» — кажа інспектар.