— Ха-ха-ха! Вось дык добра! Гэта ў духу містэра Гранета, праўда? — уставіла сваё наглядчыца.
— Так, мэм, — пацвердзіў кур’ер. — Ён пайшоў, і ён насамрэч памёр на вуліцы. Вось упарты жабрак!
— Ніколі не паверыла б! — узрушана заўважыла наглядчыца. — Але ці не думаеце вы, містэр Бамбл, што гэта не зусім добра — дапамагаць людзям з вуліцы? Вы дасведчаны чалавек, вы павінны мець сваю думку. Дык як?
— Місіс Корні, — адказаў кур’ер, усміхаючыся як чалавек, што валодае інфармацыяй больш высокага кшталту, — калі арганізаваць як належыць, але толькі як належыць, мэм, то дапамога людзям з вуліцы — гэта паратунак прыходаў. Галоўны прынцып, на якім грунтуецца такая дапамога, — гэта даваць не тое, што просяць, а тое, што не патрэбна. Тады беднякам надакучвае прасіць, і яны больш не прыходзяць.
— Ах, Божачка мой! — усклікнула місіс Корні. — Вось гэта дык прыдумалі!
— А як жа. Кажучы толькі паміж намі, мэм, — працягваў містэр Бамбл, — гэта вельмі важны прынцып. Калі вы прыгледзіцеся да выпадкаў, якія апісаны ў гэтых нахабных газетах, вы адразу заўважыце, што бедным сем’ям даюць як міласціну кавалачкі сыру. Гэтае правіла ўсталявалася ва ўсёй краіне, місіс Корні. Але гэта афіцыйныя таямніцы, пра якія нельга расказваць абы-дзе, мэм. Нам вось, прыходскім супрацоўнікам, паміж сабой, дык можна, а дзе яшчэ — ні-ні, — працягваў кур’ер, нахіляючыся да клунка і развязваючы яго. — Гэта вось партвейн, мэм, які рада замовіла для бальніцы. Самы сапраўдны, чысты партвейн, толькі што з бочкі, чысты, як сляза, аніякага асадку!
Містэр Бамбл патрымаў першую бутэльку перад вачыма, патрос яе, каб засведчыць выдатную якасць віна, потым паставіў абедзве бутэлькі на камоду, склаў хустку, у якую яны былі закручаныя, беражліва засунуў яе ў кішэню і ўзяўся за капялюш, нібыта збіраючыся ісці.
— Вы мусіці ісці ў мароз, містэр Бамбл, — сказала наглядчыца.
— Так, вецер пранізвае, мэм, — азваўся містэр Бамбл, падымаючы каўнер, — так дзьме, што вушы гатовыя адмерзнуць і адваліцца.
Наглядчыца перавяла позірк з малога чайніка на кур’ера, які рухаўся да дзвярэй, і калі кур’ер пракашляўся, каб пажадаць добрай ночы, яна сарамліва спыталася, ці... ці не хацеў бы ён выпіць кубачак гарбаты?
Містэр Бамбл адразу апусціў каўнер, паклаў на крэсла свой капялюш і палку і падсунуў да стала другое крэсла. Нетаропка сядаючы, ён зірнуў на лэдзі. Тая неадрыўна глядзела на маленькі чайнік. Містэр Бамбл яшчэ раз кашлянуў і злёгку ўсміхнуўся.
Місіс Корні ўстала, каб прынесці з буфета яшчэ адзін кубачак і сподак. Калі яна сядала, яе позірк яшчэ раз сустрэўся з позіркам галантнага кур’ера. Яна пачырванела і заглыбілася ў гатаванне гарбаты. Містэр Бамбл яшчэ раз пракашляўся — гэтым разам больш гучна, чым раней.
— Містэр Бамбл, з цукрам? — запыталася наглядчыца, беручы цукарніцу.
— Так, як мага саладзей, мэм, — азваўся містэр Бамбл. Ён казаў гэта і, не адрываючыся, глядзеў на місіс Корні; калі прыходскія кур’еры наогул могуць глядзець пяшчотна, то ў гэты момант містэр Бамбл быў менавіта такім кур’ерам.
Гарбата была налітая і сэрвіраваная моўчкі. Містэр Бамбл, рассцяліўшы на каленях насоўку, каб крошкі не запэцкалі яго выдатных штаноў, пачаў есці і піць, час ад часу перамяжоўваючы гэтую любату глыбокім уздыхам, што, аднак, не прыгнятала яго апетыту, а наадварот, дапамагала яму разабрацца з гарбатай і смажанкамі.
— Я бачу, мэм, у вас ёсць котка, — сказаў містэр Бамбл, гледзячы на азначаную істоту, якая грэлася ля цяпельца ў атачэнні сям’і, — а таксама яшчэ і кацяняты!
— Я не магу на іх нарадавацца, містэр Бамбл, я так іх люблю, што вы і ўявіць сабе не можаце, — адказала наглядчыца. — Яны такія вясёлыя, такія непасрэдныя, так любяць гуляць! Не магу сказаць інакш — яны мне сапраўдныя таварышы.
— Мілыя істоты, мэм, — ухвальна заўважыў містэр Бамбл, — такія дамашнія.
— О так, — з энтузіязмам падхапіла наглядчыца, — такія прывязаныя да свайго дома, што гэта проста адна радасць.
— Місіс Корні, мэм, — разважліва зазначыў містэр Бамбл, адстукваючы такт чайнай лыжкай, — я мушу сказаць — мэм — што любая котка — або кацяня — якое жыве з вамі — мэм — і не любіць гэты дом — няйначай асёл — вось што, мэм.
— О містэр Бамбл! — усклікнула місіс Корні.
— У мяне няма падстаў утойваць праўду, мэм! — адрэагаваў містэр Бамбл, размахваючы чайнай лыжкай з выглядам закаханым і паважным, што падвойвала эфект ягоных слоў, — я сваімі рукамі ўтапіў бы такую котку.
— Тады вы злы чалавек, — жыва падхапіла наглядчыца, працягнуўшы руку, каб забраць пусты кур’ераў кубачак, — і да таго яшчэ ў вас жорсткае сэрца.