РАЗДЗЕЛ XXIV
апавядае пра нікчэмную рэч. Але гэты раздзел кароткі, і ён можа аказацца важным у нашай гісторыі
Вястунка смерці, якая парушыла спакойны ход падзей у пакоі наглядчыцы, мела адпаведны выгляд. Гады сагнулі яе ў дугу, яна ўся дрыжала, твар яе быў перакрыўлены бяссэнсавай грымасай, якая больш была падобная на малюнак вар’ята, чым на твор прыроды.
Які жаль! Як мала твараў-твораў прыроды застаецца нам на ўцеху, каб радаваць сваёй прыгажосцю. Клопаты, турботы, нястачы свецкага жыцця змяняюць іх, роўна як яны змяняюць сэрцы, і толькі тады, калі жарсці ўлягуцца, навекі страцяць свой уплыў, патрывожаныя воблакі сыдуць, і высветліцца ціхамірнае Боскае аблічча. Часта нават закарчанелыя, застылыя твары мёртвых набываюць даўно забыты выраз, як у дзіцяці ў часе сну, узнаўляючы знешні выгляд нябожчыка на пачатку жыцця; такімі спакойнымі, такімі ціхмянымі становяцца зноў гэтыя людзі, што тыя, хто ведаў іх у шчаслівым дзяцінстве, укленчваюць каля труны і бачаць анёла, які сышоў на зямлю.
Старая чыкільгала калідорамі, лесвіцамі, мармычучы сабе нешта пад нос у адказ на абразы яе спадарожніцы. Нарэшце яна спынілася, каб аддыхацца, перадала місіс Корні свечку і паспяшалася ўслед за сваёй больш спрытнай начальніцай, якая кіравалася да пакоя хворай.
Гэта была ўбогая каморка пад самым дахам; у дальнім яе канцы гарэла слабае святло. Ля пасцелі сядзела яшчэ адна старая, а ля каміна стаяў вучань аптэкара і рабіў сабе з гусінага пяра зубачыстку.
— Халодны вечар, місіс Корні, — сказаў гэты малады джэнтльмен, калі наглядчыца ўвайшла.
— Насамрэч, вельмі халодны, сэр, — адказала ў сваім найбольш спакойным тоне яна і зрабіла рэверанс.
— Вам варта было б мець ад вашых пастаўшчыкоў лепшы вугаль, — сказаў вучань аптэкара, разбіваючы гакам кавалак вугалю ў каміне, — гэты зусім непрыдатны для такой халоднай ночы.
— Пастаўшчыкоў выбірае рада, сэр, — запярэчыла наглядчыца. — А што паклапаціцца пра тое, каб у нас было цёпла, рада павінна — дык гэта факт, бо праца ў нас цяжкая.
Тут размова была перапыненая стогнам хворай жанчыны.
— О, — прамовіў малады чалавек і павярнуўся да ложка з такім выглядам, як быццам ён зусім забыўся на хворую. — Яе песенька, місіс Корні, ужо спетая.
— Насамрэч, сэр? — спыталася наглядчыца.
— Я здзіўлюся, калі яна вытрымае яшчэ некалькі гадзін, — азваўся вучань аптэкара, засяродзіўшы ўвагу на верхняй частцы зубачысткі. — Татальны агульны заняпад. Бабуля, паглядзіце, яна дрэмле ці не?
Сядзелка схілілася над ложкам, каб упэўніцца, і сцвярджальна кіўнула галавой.
— Яна можа так і памерці, калі вы не будзеце шумець, — сказаў малады чалавек. — Пастаўце свечку на падлогу. Так ёй не будзе бачна.
Сядзелка выканала ўказанне, хітаючы між тым галавой: жанчына, маўляў, не памрэ так лёгка. Потым яна падсела да другой сядзелкі, якая на той час ужо вярнулася. Місіс Корні з нецярплівым выглядам захуталася ў сваю шарсцяную хустку і села ў нагах ложка.
Вучань аптэкара, закончыўшы вытворчасць зубачысткі, усеўся перад агменем і грунтоўна выкарыстоўваў інструмент на працягу хвілін дзесяці, а можа, і болей; потым ён, відаць, занудзіўся, пажадаў місіс Корні плёну ў працы і на пальчыках выйшаў.
Нейкі час усе сядзелі моўчкі. Абедзве старыя ўсталі ад ложка і пайшлі да агменя. Схіліўшыся над цяпельцам, яны цягнулі свае выпетралыя рукі да агню, каб улавіць якога цяпла. Полымя высвечвала на іх маршчакаватых тварах вычварныя цені; іх агіднасць выглядала проста страшнай. Старыя пачалі пра нешта перашэптвацца.
— Эні, мілая, ці яна казала яшчэ што-небудзь пасля таго, як я пайшла? — спытала вястунка.
— Ні слова, — азвалася другая. — Спачатку яна драпала і ламала сабе рукі, але я іх прытрымала, і хутка яна супакоілася. У яе няшмат засталося сілы, так што мне лёгка было яе стрымаць. На мае гады я зусім не слабая, нягледзячы на тое, што на прыходскім утрыманні, — не, не!
— Ці піла яна цёплае віно, якое прапісаў ёй доктар? — дапытвалася першая.
— Я спрабавала ёй уліць у рот, — адказвала другая, — але яна так сцяла зубы, што ні-ні, а кубак я ледзь забрала ў яе з рукі. А віно я сама спажыла, і яно пайшло мне на карысць!
Асцярожліва азірнуўшыся, ці не падслухваюць іх часам, абедзве старыя каргі яшчэ бліжэй падсунуліся да агню і весела захіхікалі.
— Раней яна сама зрабіла б тое самае, — сказала першая, — зрабіла б і весялілася б ад душы!
— Факт, што зрабіла б, — пацвердзіла другая. — У яе было вясёлае сэрца. Шмат, шмат нябожчыкаў выправіла яна, і былі яны такія міленькія і чысценькія, бы васковыя лялькі. Вой, мае старыя вочы наглядзеліся ўжо на іх, гэтыя старыя рукі краналі іх — я ж дапамагала ёй час ад часу.