Выбрать главу

Выцягнуўшы дрыготкія пальцы перад сабой, старая істота з захапленнем патрэсла імі перад тварам сваёй суразмоўніцы, потым палезла ў кішэню, выцягнула адтуль старую, выцвілую ад часу табакерку, адсыпала крыху табакі ў працягнутую далонь сваёй сяброўкі, яшчэ крыху адсыпала сабе. Тым часам да агменя падсела наглядчыца, якой надакучыла чакаць, пакуль паміраючая жанчына выйдзе з гэтага аслупянення. Яна злосна запыталася, колькі ёй яшчэ чакаць.

— Нядоўга ўжо, місіс, — адказала другая жанчына, гледзячы ёй у вочы. — Нікому з нас шмат не засталося чакаць Смерці. Цярпенне, цярпенне! Яна прыйдзе неўзабаве.

— Заткні пашчу, вар’ятка ты старая! — сувора сказала наглядчыца. — Марта, скажы, ці было з ёй раней так, як сёння?

— Часта бывала, — азвалася першая жанчына.

— Але больш не будзе, — дадала другая. — Яна апрытомнее яшчэ толькі раз, папомніце маё слова, і апрытомнее ненадоўга.

— Надоўга, ненадоўга, — зласліва сказала наглядчыца, — але яна не знойдзе мяне тут, калі надумае апрытомнець, і глядзіце ў мяне абедзве, каб не дурылі мне галаву марна. У мае абавязкі не ўваходзіць адседжваць апошнія дні жыцця ўсіх бабак у гэтым доме, я ніколі гэтага не рабіла і рабіць не буду. Запомніце гэта, вы, бессаромныя старыя вядзьмаркі! Калі вы надумаеце яшчэ пасмяяцца з мяне, то я вас вылечу, ведайце!

Яна кінулася была да дзвярэй, але тут абедзве старыя ў адзін голас ускрыкнулі, павярнуўшыся да ложка, і гэта прымусіла яе азірнуцца. Хворая села на пасцелі і працягвала да іх рукі.

— Хто гэта? — глухім голасам усклікнула яна.

— Ціха, ціха! — сказала адна з бабак, схіліўшыся да пасцелі. — Кладзіся, табе нельга ўставаць!

— Я жывой не лягу! — змагаючыся, вымавіла жанчына. — Я скажу ёй! Падыдзіце! Бліжэй! Я хачу сказаць вам на вуха.

Яна абшчаперыла руку наглядчыцы, прымусіла яе апусціцца на крэсла ля ложка і намерылася была казаць, але тут яе позірк спыніўся на дзвюх старых, якія нахіліліся да ложка з выглядам скрайняй цікаўнасці і чуйнасці.

— Праганіце іх прэч, — аслаблым голасам сказала жанчына. — Хутчэй, хутчэй!

Старыя каргі ў адзін голас пачалі лямантаваць, маўляў, бедненькая не пазнае ўжо лепшых сваіх сябровак, заракаліся пакінуць яе, але начальніца выштурхала іх з пакоя, зачыніла дзверы і вярнулася да ложка. Старыя лэдзі, выгнаныя за дзверы, памянялі тон і крычалі праз замочную адтуліну, што Сэлі п’яная, што, дарэчы, было падобным да праўды, таму што да памяркоўнай дозы опіуму, прапісанай аптэкарам, дадавалася ўздзеянне апошняга глытка джыну з вадой, якім ад шчырасці душэўнай яе пачаставалі годныя старыя лэдзі.

— А цяпер слухайце мяне, — гучна сказала паміраючая, быццам бы перасільваючы сябе дзеля апошняй іскры жыцця. — У гэтым самым пакоі, у гэтым самым ложку калісьці ляжала прыгожая маладая жанчына. Я даглядала яе. Яе прынеслі сюды з намулянымі ў доўгай дарозе нагамі, усю ў пылоце і крыві. Яна нарадзіла хлопчыка і памерла. Вось каб успомніць — які гэта быў год?

— Няважна, які год, — нецярпліва сказала слухачка. — Дык што там з ёй?

— А... што... пра яе... — прамармытала хворая, зноў вяртаючыся ў свой ранейшы дрымотны стан, — ...пра яе... пра яе — я знаю! — раптам закрычала яна і села. Яе твар пачырванеў, вочы ледзь не выйшлі з вачніц. — Я абрабавала яе, вось што! Яна яшчэ не паспела астыць — кажу вам, яна яшчэ і астыць не паспела, як я ў яе скрала гэта!

— Скрала што, дзеля Бога? — крыкнула наглядчыца, зрабіўшы рукой жэст, як быццам хацела паклікаць дапамогу.

— Гэта! — адказала жанчына, закрываючы ёй рот рукой. — Адзінае, што ў яе было. Ёй трэба было адзенне, каб не мерзнуць, і ежа, каб сілкавацца, але яна не аддала гэтага, яна хавала гэта на грудзях. Гэта было золата, кажу вам, золата! Шмат золата, і яно магло выратаваць ёй жыццё.

— Золата! — рэхам паўтарыла наглядчыца, прагавіта нахіляючыся да старой, бо тая зноў аблегла ў ложак. — Кажы, працягвай — што далей! Хто была гэтая жанчына? Калі гэта было?

— Яна даручыла мне захаваць яго, — адказвала, стогнучы, старая, — даверыла мне як адзінай жанчыне, якая была паблізу. Я скрала яго ў думках адразу, як толькі яна мне паказала яго ўпершыню. Яно вісела на шыі. О! Можа, і смерць дзіцяці таксама на мне! Бо за ім глядзелі б адпаведна, каб яны ўсё ведалі!

— Каб ведалі што? — дапытвалася другая. — Кажы!

— Хлопчык стаў такі падобны да маці, — неўпапад працягвала хворая. — Я адразу згадвала ягоную маці, калі бачыла яго. Бедная дзяўчына! Бедная! І такая была маладзенькая! Ціхамірная, як ягнятка! Пачакайце, трэба яшчэ сказаць. Я ж не сказала вам. Ці сказала?