— Не, не, — адказвала наглядчыца, схіляючыся над хворай, каб лепш разабраць словы, бо паміраючая казала ўсё слабей і слабей. — Кажы хутчэй, а то будзе запозна!
— Маці, — старой давялося яшчэ больш высільвацца, чым раней, каб нешта сказаць, — маці прашаптала мне на вуха, калі пачалася агонія, што калі толькі яе дзіця выжыве і вырасце, то, мабыць, настане дзень, і яно будзе адчуваць сябе зганьбаваным, пачуўшы імя сваёй беднай маладой маці. «Прамілы Божа, —
сказала яна, склаўшы рукі, — будзе гэта хлопчык або дзяўчынка — пашлі майму дзіцяці сяброў у гэтым жорсткім свеце, пашкадуй самотнае, беднае дзіцятка, пакінутае на волю лёсу!»
— Як завуць хлопчыка? — запатрабавала наглядчыца.
— Яго звалі Оліверам, — прашаптала жанчына. — Золата, якое я ўкрала, было...
— Дзе, кажы, дзе?! — крыкнула наглядчыца.
Яна прагавіта нахілілася над старой, каб пачуць адказ, але адхіснулася, бо тая зноўку села на ложку, проста, нягнутка, потым абшчаперыла аберуч коўдру, у горле яе захрасла некалькі няпэўных гукаў, і яна абсунулася на падушку.
— Памерла як ёсць! — прамовіла адна з бабак, праслізнуўшы ў пакой, як толькі адчынілі дзверы.
— І пры гэтым так нічога і не сказала, — азвалася наглядчыца і пайшла сабе, быццам нічога не здарылася.
Абедзве старыя занадта заглыбіліся ў падрыхтоўку да выканання свайго жахлівага абавязку, каб даць нейкі адказ. Яны засталіся ў пакоі адны і замітусіліся каля цела.
РАЗДЗЕЛ XXV,
у якім наша гісторыя зноў вяртаецца да містэра Фэджына і яго кампаніі
Калі ў вясковай працоўні адбываліся гэтыя падзеі, містэр Фэджын сядзеў у сваім старым схове — тым самым, з якога Нэнсі вывела Олівера — і пра нешта думаў ля цьмянага, дымнага агменя. На каленях у яго былі мяхі, для раздзьмухвання агню; відаць, ён хацеў раздзьмухаць больш вясёлае цяпельца, але вось задумаўся, склаў рукі, падпёр галаву вялікімі пальцамі і глядзеў некуды ўнутр сябе, утаропіўшыся ў іржавую камінную рашотку.
За сталом ззаду габрэя сядзелі Спрытны Махляр, Мастэр Бэйц і містэр Чытлінг; уся іхняя ўвага была засяроджаная на
гульні ў «віст». Махляр з «дурнем» гуляў супраць Мастэра Бэйца і містэра Чытлінга. Фізіяномія джэнтльмена, згаданага першым, якая наогул заўсёды мела вельмі інтэлігентны выгляд, цяпер выглядала асабліва займальна дзякуючы таму, што ён уважліва сачыў за гульнёй і асабліва за рукамі містэра Чытлінга, на якія ён шматкроць кідаў пільныя позіркі, як толькі надаралася магчымасць, і мудра рэгуляваў сваю гульню ў залежнасці ад выніку вывучэння картаў суседа. Вечар быў халодны, і Махляр сядзеў у капелюшы (не здымаць капялюш у памяшканні было ягонай завядзёнкай). З рота ў Спрытнага тырчэла гліняная люлька, якую ён вымаў толькі на кароткі час, калі лічыў патрэбным прыкласціся да кварты джыну з вадой, якая стаяла на стале дзеля падмацунку ўсёй кампаніі.
Мастэр Бэйц таксама быў захоплены гульнёй, аднак паколькі ён быў натурай больш эмацыйнай і выкшталцонай за свайго сябра, то ён заўважна часцей прыкладваўся да джыну з вадой і да таго ж дазваляў сабе розныя жэсты і заўвагі, якія былі зусім не да месца ў сур’ёзнай гульні. Махляр, карыстаючыся правам блізкага сяброўства, некалькі разоў пачынаў быў сувора выгаворваць свайму кампаньёну за такія паводзіны, але Мастэр Бэйц, відавочна, не ўспрымаў ягоных маралей усур’ёз. У адказ ён раіў сябру «ісці к чорту», або засунуць галаву ў мяшок, або казаў яшчэ што-небудзь у духу тонкіх досціпаў, чым выклікаў захапленне ў містэра Чытлінга. Трэба заўважыць, што гэты апошні джэнтльмен і ягоны партнёр увесь час прайгравалі, аднак гэтая акалічнасць не толькі не злавала Мастэра Бэйца, але выклікала яго найвялікшае задавальненне, бо ён пасля кожнай партыі на ўсю моц смяяўся і даводзіў, што такой вясёлай гульні не бачыў зроду.
— Два двайных і робер, — з агаломшанай фізімяноміяй сказаў містэр Чытлінг, выцягваючы з кішэні камізэлькі паўкроны. — Ніколі не бачыў такога хлапца, як ты, Джэк. Ты ўвесь час выйграеш. Нат калі ў нас з Чарлі добрыя карты, мы з ім нічога не можам зрабіць.
Сам факт ці, можа, маркотны тон, якім ён быў даведзены, так развесялілі Чарлі Бэйца, што ён сваім рогатам вывеў з роздуму габрэя, і той спытаў, што здарылася.
— Здарылася, Фэджын! Хацеў бы я, каб ты пабачыў гульню! Томі Чытлінг не выйграў ні ачка, мы з ім у пары гулялі супраць Махляра і «дурня».
— Так, так, — сказаў габрэй усміхаючыся, што даволі красамоўна сведчыла, што ён разумее, у чым прычына пройгрышу. — Паспрабуй яшчэ раз, Том, паспрабуй.