Выбрать главу

— Не, дзякуй, Фэджын, больш не хачу, — азваўся містэр Чытлінг. — З мяне даволі. У Махляра пайшла карта, яго не стрымаць.

— Ха-ха-ха, мой ты даражэнькі, табе трэба ўставаць надта рана, каб выйграць у Махляра.

— На раніцу! — усклікнуў Чарлі Бэйц. — Каб выйграць у Махляра, трэба ўстаць сярод ночы, абуць чаравікі, да кожнага вока прыставіць па тэлескопу. А на плячо павесіць бінокль.

Містэр Доўкінз успрыняў гэтыя мілыя кампліменты даволі па-філасофску і прапанаваў кожнаму з прысутных адкрыць карту, паставіўшы шылінг, але ніхто не прыняў ягонага выкліку. Трубку сваю ён выкурыў і цяпер пачаў бавіць час, малюючы на стале крэйдай, якой ён распісваў віст, план турмы Ньюгейт. Гэты занятак ён суправаджаў моцным свістам.

— Але ж і сумна з табой, Том! — звярнуўся Махляр пасля доўгай маўклівай паўзы да Тома Чытлінга. — Як ты мяркуеш, Фэджын, пра што ён думае?

— Адкуль мне ведаць, даражэнькі? — сказаў габрэй, адарваўшыся ад свайго занятку (ён раздзьмухваў мяхамі агонь). — Можа быць, пра свой пройгрыш, або пра тое адасобленае месцейка ў правінцыі, адкуль ён толькі што вярнуўся, га? Ха, ха! Ці не так, даражэнькі?

— Ніколькі, — запярэчыў Махляр, перапыняючы містэра Чытлінга, які хацеў нешта сказаць. — А што скажаш ты, Чарлі?

— Я сказаў бы, — з усмешкай азваўся Мастэр Бэйц, — што ён сохне па Бэці. Глянь, як ён пачырванеў! О, што я бачу! Вось пацеха дык пацеха! Том Чытлінг закахаўся! Вой, Фэджын, што за праява!

Перасілены дапушчэннем, што містэр Чытлінг ёсць ахвярай пяшчотнай жарсці, Мастэр Бэйц так рэзка адкінуўся на спінку крэсла, што страціў раўнавагу і грымнуўся на падлогу. Гэтая падзея зусім не зменшыла ягонай весялосці, і ён ляжаў на падлозе, расцягнуўшыся ва ўвесь рост, пакуль не высмеяўся дарэшты, пасля чаго зноў сеў на ранейшае месца і зноў пачаў рагатаць.

— Не звяртай на яго ўвагі, даражэнькі, — сказаў габрэй, падміргваючы містэру Доўкінзу, і ў знак пакарання стукнуў Мастэра Бэйца носікам мяхоў. — Бэці файная дзеўчына. Не адставай ад яе, Том, не адставай ад яе.

— Я толькі хачу сказаць, Фэджын, — узяў нарэшце слова містэр Чытлінг, чырвоны як рак, — я хачу сказаць, што гэта нікога тут не датычыць.

— Зусім не, — адказаў габрэй. — Гэта Чарлі так сабе гаворыць. Не бяры да галавы, даражэнькі, Бэці файная дзяўчына. Рабі, як яна кажа, Том, і ты забяспечыш сабе будучыню.

— Я і раблю так, як яна кажа. Каб я яе не паслухаўся, мяне не сцапалі б. Але гэта было на карысць табе, Фэджын! Нейкіх шэсць тыдняў. Гэта павінна было здарыцца рана ці позна, дык чаму ж тады не ўзімку, калі няма як часта гуляць, га, Фэджын?

— Чыстая праўда, даражэнькі, — адказаў габрэй.

— Дык калі Бэт падказала правільна, — прамовіў Махляр, падміргваючы Чарлі і габрэю, — то, можа, сеў бы яшчэ разок?

— А я кажу, што не адмовіўся б, — злосна азваўся Том. — Я не ведаю ніводнага чалавека, акрамя цябе, хто мог бы сказаць такое, ніводнага.

— Мяне б адпусцілі, каб я настукаў на яе, ці не так, Фэджын? — са злосцю працягваў бедны, недалёкі, абдураны хлапчына. — Даволі было мне сказаць адно толькі слова, праўда, Фэджын?

— Па праўдзе, дык было б даволі, — пацвердзіў габрэй.

— Але ж я не стаў балбатаць, так, Фэджын? — запатрабаваў адказу Том, безупынна ставячы пытанне за пытаннем.

— Не, пэўна ж, не, — даў адказ габрэй. — У цябе занадта мужнае сэрца, каб ты мог кляпаць, занадта мужнае, даражэнькі мой!

— Можа быць, што гэта так, — адказаў Том, азіраючыся, — і калі гэта ўжо так, то што тут смешнага, га, Фэджын?

Габрэй, пабачыўшы, што містэр Чытлінг моцна завёўся, паспяшаўся запэўніць яго, што ніхто не смяецца, і каб пацвердзіць сур’ёзнасць кампаніі, апеляваў найперш да Мастэра Бэйца як да першаснага крыўдзіцеля. Але, на жаль, Чарлі, які ўжо раскрыў быў рот, каб запэўніць, што ён ніколі ў жыцці не быў больш сур’ёзным, не стрымаўся і выбухнуў такім гучным рогатам, што ўтрапёны містэр Чытлінг, не доўга думаючы, кінуўся ў другі канец пакоя і скіраваў на крыўдзіцеля ўдар, але таму ўдалося вывернуцца, ды так удала, што ўдар прыйшоўся ў грудзі вясёламу старому джэнтльмену і стаў прычынай таго, што стары адхіснуўся да сцяны і пачаў лавіць ротам паветра, а містэр Чытлінг глядзеў на яго з нямым жахам.

— Ціха! — усклікнуў Махляр. — Я чуў званок.

Ён схапіў свечку і, крадучыся, пайшоў уверх па лесвіцы.

Званок нецярпліва зазвінеў яшчэ раз. Кампанія сядзела ў цемры. Нарэшце з’явіўся Махляр і таямніча шапнуў нешта Фэджыну.

— Што?! — усклікнуў габрэй. — Адзін?

Махляр кіўнуў галавой і, зацяніўшы свечку рукой, паказаў Чарлі Бэйцу на мігах, што яму лепш якраз цяпер устрымацца ад весялосці. Зрабіўшы гэтую сяброўскую паслугу, ён засяродзіў позірк на габрэевым твары і стаў чакаць указанняў.