Выбрать главу

Некалькі хвілін стары моўчкі ў задуменні кусаў свае жоўтыя пазногці; цягліцы на ягоным твары пацепваліся, быццам ён чагосьці баяўся і пралічваў найгоршыя варыянты. Нарэшце ён падняў галаву.

— Дзе ён? — запытаўся Фэджын.

Махляр паказаў на калідор наверсе і даў зразумець жэстам, што ён можа выйсці з пакоя.

— Так, — сказаў габрэй, адказваючы на нямое пытанне, — вядзі яго сюды. Ціха! Чарлі, супакойцеся! Ціха, Том! Звалілі адсюль!

Гэты кароткі загад Чарлі Бэйц і яго нядаўні супраціўнік выканалі хутка і паслухмяна. Яны нічым не выдалі сваёй прысутнасці, калі Махляр са свечкай у руцэ спускаўся па лесвіцы, а за ім следам ішоў чалавек у грубай спяцоўцы. Увайшоўшы ў пакой, гэты апошні хутка агледзеўся, разматаў доўгі шалік, якім была закрытая ніжняя частка яго твару, і прысутным стала бачная здарожаная, нямытая, непаголеная фізіяномія спрытнюгі Тобі Крэкіта.

— Як маешся, Фэджы? — спытаў гэты годны чалавек, ківаючы габрэю. — Засунь гэты шалік у мой касторавы капялюш, Махляр, каб я ведаў, дзе гэта ўсё, калі прыйдзе час драпаць. Ну і часы насталі! А з цябе выйдзе ўзломшчык лепшы, чым з гэтага старога аферыста.

З гэтымі словамі ён выцягнуў са штаноў прыполы робы, абматаў іх вакол таліі, падсунуў да агню крэсла і паклаў ногі на рашотку.

— Глядзі сюды, Фэджы, — працягваў ён, бязрадна гледзячы на наскі сваіх ботаў, — ты ведаеш, колькі ўжо дзён, як непаваксаваныя? Ні крыху ваксы «Дэй энд Марцін», кажу я! Ды не глядзі на мяне так, чалавеча. На ўсё свой час. Не магу размаўляць пра справы, пакуль не паем і не вып’ю, так што давай хуценька выкладвай, што маеш, і дай мне ў першы раз за тры дні спакойна паесці!

Габрэй паказаў Махляру на месца, дзе былі харчы, сеў насупраць узломшчыка і пачаў чакаць.

Тобі, відавочна, не спяшаўся пачынаць размову. Спачатку габрэй задавальняўся тым, што цярпліва вывучаў ягоную знешнасць, быццам хацеў дзякуючы гэтаму пільнаму разгляду зрабіць папярэднюю выснову пра звесткі, якія ён прынёс, але гэта не мела выніку. Крэкіт выглядаў стомленым, здарожаным, але захоўваў свой заўсёдны непарушна спакойны выраз твару, і нават праз бруд, шматдзённае шчацінне і бакенбарды ўсё яшчэ прасвечвала неадпрэчная, дурнаватая, самазадаволеная ўхмылка спрытнюгі Тобі Крэкіта. Габрэй, не валодаючы сабой ад нецярпення, то пачынаў прасочваць кожны кавалак, які яго візаві клаў у рот, то браўся хадзіць узад і ўперад па пакоі, але ўсё без толку. Тобі працягваў сілкавацца з найвялікшай размеранасцю, пакуль не наеўся да адвалу. Тут ён загадаў Махляру выйсці, зачыніў дзверы, намяшаў у шклянцы джыну з вадой і пачаў гаворку.

— Найперш, Фэджы... — сказаў Тобі.

— Ну, ну! — заахвоціў габрэй, падсоўваючы крэсла.

Містэр Крэкіт перапыніўся, каб прыкласціся да шклянкі, і

заявіў, што джын выдатны, потым ён упёрся ў нізкі каптурагменя так, што ногі яго знаходзіліся на адным узроўні з галавой, і спакойна працягваў:

— Найперш, Фэджы, — спытаў хатні злодзей, — як маецца Біл?

— Што?! — усклікнуў габрэй, ускокваючы з месца.

— Што, няўжо ты хочаш сказаць... — спалатнеўшы, прамовіў Тобі.

— Сказаць! — перакрывіў габрэй, раз’юшана тупаючы нагамі. — Дзе яны? Сайкс і хлопчык? Дзе яны? Куды яны падзеліся? Дзе хаваюцца? Чаму не прыйшлі?

— Узлом не ўдаўся, — ціха сказаў Тобі.

— Я ведаю, — прамовіў габрэй, выцягваючы з кішэні газету і паказваючы на яе. — Што далей?

— Унутры стрэлілі і трапілі ў хлопчыка. Мы кінуліся ўцякаць разам з ім — наўпрост, як ляціць варона, — палямі, цераз канавы і агароджы. За намі гналіся. Хай цябе трасца! Уся акруга ўсхадзілася, сабак паспускалі.

— Дзе хлопчык? — гаркнуў габрэй.

— Біл нёс яго на спіне, ён ляцеў як вецер. Мы спыніліся, каб несці яго ўдвух. У яго галава не трымалася, і ён увесь пахаладзеў. Яны віселі ў нас на пятках, так што там кожны ратаваўся як мог, абы не шыбеніца. Мы раздзяліліся, а хлапца паклалі ў канаву. Быў ён мёртвы ці яшчэ жывы — гэтага я не ведаю.

Габрэй больш не слухаў. Ён закрычаў, схапіўся рукамі за галаву і выбег прэч з пакоя і з дома.

РАЗДЗЕЛ XXVI,

у якім з’яўляецца таямнічая асоба, выконваюцца многія справы і адбываюцца многія падзеі, непарыўна звязаныя з гэтай гісторыяй

Стары, перш чым паспеў усвядоміць, якую навіну яму прынёс Тобі Крэкіт, дабег да рога вуліцы. Ён і не падумаў суцішыць

198

свой бег, а па-ранейшаму імчаўся на злом галавы, ахоплены панікай. Тут раптам перад самым яго тварам прамільгнула нейкая карэта, а гучныя воклічы мінакоў абудзілі яго ўвагу і прымусілі пакінуць праезджую частку. Па магчымасці пазбягаючы людных месцаў і крадучыся абходнымі сцежкамі і дарогамі, ён нарэшце выйшаў у Сноў-Хіл. Тут ён пайшоў нават хутчэй, чым раней, і не спыняўся да таго часу, пакуль не ўвайшоў у нейкі двор. Тут ён як быццам адчуў сябе ў роднай стыхіі і паплёўся, як звычайна; здаецца, ён нават уздыхнуў больш свабодна.