Выбрать главу

Калі Фэджын увайшоў, джэнтльмен-прафесіянал прабегся пальцамі па клавішах і выканаў нешта накшталт прэлюдыі, якая выклікала ўсеагульны крык — патрабаванне песні. Як толькі гоман заціх, нейкая маладая лэдзі пачала забаўляць кампанію баладай з чатырох строф, паміж кожнай з якіх акампаніятар як мага гучней іграў інтэрлюдыю. Калі скончылі спяваць баладу, старшыня выказаўся наконт яе выканання, а потым джэнтльмены-прафесіяналы злева і справа ад старшыні захацелі заспяваць дуэтам, што і было зроблена з вялікім поспехам.

Цікава было назіраць за некаторымі тварамі, якія вылучаліся з натоўпу. Гэта быў сам старшыня (ён жа ўладальнік карчмы), грубага выгляду бамбіза; калі спявалі песні, яго вочы так і бегалі туды-сюды. Ён стараўся надаць сабе салідны выгляд, але пры гэтым прасачыць за ўсім, што адбывалася, і не прапусціць міма вушэй нічога з таго, што прамаўлялася, і трэба сказаць, што і зрок, і слых у яго былі вострымі. Побач з ім сядзелі спевакі. З прафесійнай абыякавасцю яны выслухоўвалі кампліменты кампаніі ды па чарзе прыкладваліся да тузіна шклянак з джынам і вадой, якія прэзентавалі ім найбольш гарачыя іх прыхільнікі, чые фізіяноміі мелі на сабе адбітак, бадай што, усіх парокаў ва ўсіх ступенях развіцця і неадпрэчна прыцягвалі ўвагу сваёй мярзотнасцю. На іх выразна адбіліся падступнасць, жорсткасць, п’янства на ўсіх магчымых стадыях; жанчыны калі яшчэ імелі нейкі бляск маладосці, то здавалася, што ён блякнуў у вас на вачах. Іншыя дык і наогул страцілі ўжо прыкметы полу і ўвасаблялі адно толькі агідную распусту і злачыннасць. Менавіта такія асобы, што не пераступілі яшчэ нават парога сталасці, былі найбольш сумным відовішчам у гэтым прытоне.

Падчас падзей, апісаных раней, Фэджын, зусім не абцяжараны змрочнымі пачуццямі, прагна ўглядваўся ў твары людзей, але, відавочна, не знаходзіў таго, каго хацеў. Калі ён нарэшце сустрэўся вачыма з чалавекам, які займаў крэсла старшыні, ён даў яму знак і выйшаў з пакоя гэтаксама ціха, як і зайшоў.

— Што я магу зрабіць для вас, містэр Фэджын? — запытаўся гаспадар, калі яны выйшлі на лесвічную пляцоўку. — Ці не хочаце вы далучыцца да нас? Яны будуць усе ў захапленні.

Габрэй нецярпліва пакруціў галавой і шэптам спытаў, акцэнтуючы займеннік:

— Ён тут?

— Не, — адказаў гаспадар крамы.

— І ад Барні ніякіх навінаў? — дапытваўся Фэджын.

— Не, — адказваў гаспадар «Калек». — Ён не ўсплыве, пакуль усё не заціхне. Будзьце пэўныя, яны там напалі на след, і калі б ён рыпнуўся, іх адразу павязалі б. Думаю, што з ім усё ў парадку, інакш я нешта пачуў бы. Магу пабіцца аб заклад, што Барні робіць усё як след. Вучыць яго не трэба.

— А ён будзе тут сёння ўвечары? — спытаў габрэй, зноў робячы націск на займенніку.

— Вы маеце на ўвазе Манкса? — спытаў, павагаўшыся, гаспадар.

— Ціха! — сказаў габрэй. — Так.

— Зразумела, — сказаў гаспадар, дастаючы з кішэні залаты гадзіннік. — Паводле маіх разлікаў, ён мусіў быў ужо прыйсці. Калі вы пачакаеце хвілін дзесяць, то ён.

— Не, не, — сказаў габрэй паспешліва, як быццам зведаўшы палёгку ад таго, што асоба, якую ён хацеў знайсці, адсутнічае. — Перадайце яму, што я прыходзіў, каб пабачыцца з ім, і няхай зойдзе да мяне сёння ўвечары. Не, заўтра. Калі ён сёння тут не з’явіцца, то будзе запас часу.

— Добра! — азваўся чалавек. — Нічога болей?

— Ні слова болей, — сказаў габрэй, спускаючыся з лесвіцы.

— Тут вось што, — хрыпатым шэптам прамовіў бамбіза, перавешваючыся цераз парэнчы, — выдатная магчымасць зрабіць гешэфт! У мяне сёння Філ Баркер, п’яны ў дровы. Яго любы малец можа забраць.

— Ну-ну. Але час Філа Баркера яшчэ не прыйшоў, — адказаў Фэджын, гледзячы ўверх. — Хай Філ зробіць яшчэ тое-сёе, а потым ужо можна будзе папрасіць яго, каб падзяліўся з намі. Так што, даражэнькі, вяртайцеся да сваёй кампаніі ды скажыце, хай весяляцца... пакуль жывыя, ха-ха!

Карчмар таксама засмяяўся ў адказ і вярнуўся да сваіх гасцей. Як толькі габрэй апынуўся сам-насам з сабой, яго фізіяномія прыняла ранейшы задуменна-баязлівы выраз. Крыху падумаўшы, ён наняў кэб і загадаў кучару ехаць у Бэтнэл Грын. Ён разлічыўся за якую чвэрць мілі ад рэзідэнцыі Сайкса і прайшоў гэтую малую рэшту шляху пешшу.

— Ну, — прамармытаў габрэй, пастукаўшы ў дзверы, — калі тут вядзецца нейкая патаемная гульня, то я ўжо выкрыю яе, ужо я да цябе дабяруся, мілая мая, якая б ты ні была хітрая.

Жанчына, якую меў на ўвазе габрэй, знаходзілася ў сваім пакоі. Фэджын паціху падняўся ўверх па лесвіцы і без ніякіх цырымоній увайшоў у пакой. Дзяўчына была адна. Яна сядзела ля стала, паклаўшы на яго галаву. Яе прычоска патрабавала тэрміновага дагляду.