Выбрать главу

«Напілася, — холадна падумаў габрэй, — або проста без настрою».

Раздумваючы такім чынам, габрэй павярнуўся да дзвярэй, каб зачыніць іх, і тут дзяўчына падняла галаву. Пільна ўзіраючыся ў яго хітры твар, яна спытала, ці няма якіх-небудзь навінаў, і праслухала габрэеў пераказ таго, што адбылося, паводле слоў Тобі Крэкіта. Калі габрэй закончыў, яна зноў прыняла ранейшую паставу, не сказаўшы ні слова. Яна толькі нецярпліва адсунула свечку і раз ці два досыць нервова памяняла паставу, шоргаючы нагамі па падлозе, але не больш.

Падчас гэтай паўзы габрэй бесперапынна аглядаў пакой, быццам хацеў пераканацца, што нічога не выдае на Сайксава патаемнае вяртанне. Відавочна задаволены вынікамі агляду, ён пару разоў пракашляўся і столькі сама разоў спрабаваў распачаць размову, але дзяўчына звяртала на яго ўвагі столькі, колькі звяртала б на камень. Нарэшце ён зрабіў яшчэ адну спробу і, паціраючы рукі, спытаў ліслівым голасам:

— Як ты думаеш, даражэнькая, дзе бы цяпер мог быць Біл?

Дзяўчына няўцямна прастагнала ў адказ, што не ведае; прыглушаныя ўсхліпы выдавалі, што яна плакала.

— Вось і хлопчык, — працягваў габрэй, скасіўшы вочы, каб разгледзець выраз яе твару, — беднае дзіцятка! Пакінулі ў канаве — Нэнсі, ты падумай!

— Дзіцяці лепш там, чым з вамі, — сказала дзяўчына, раптам падымаючы галаву. — Калі толькі Білу не давядзецца несці за гэта адказу, то няхай бы, па мне, хлопчык ляжаў мёртвы ў канаве і няхай яго маладыя костачкі там і згнілі б.

— Як гэта так? — здзіўлена ўсклікнуў габрэй.

— Так, па мне, дык лепш такім чынам, — пацвердзіла дзяўчына, не саступаючы пільнаму габрэеваму пагляду. — Я была б рада, каб ён не трапляў мне больш на вочы, каб можна было быць пэўнай, што горшае ўжо мінулася. Не магу, калі ён побач. Калі бачу яго, станаўлюся ворагам сабе і вам усім.

— Ну-у-у... — з пагардай працягнуў габрэй. — Ты п’яная.

— Я п’яная? — з горыччу ўсклікнула дзяўчына. — Няхай сабе я і п’яная — вы тут пры чым? Каб была твая воля — ты паіў бы мяне калі заўгодна, толькі не сёння. Што, гэткі гумар табе не падабаецца?

— Не! — раз’ятрана сказаў габрэй. — Не!

— Ну, дык скажы неяк іначай, па-смешнаму! — сказала, смеючыся, дзяўчына.

— Іначай! — усклікнуў габрэй, да крайнасці ўзрушаны нечаканай упартасцю дзяўчыны і непрыемнасцямі гэтай ночы. — Добра, я скажу іначай. Слухай сюды, самадайка! Слухай! Мне дастаткова сказаць шэсць слоў, і Сайкс будзе задушаны, і гэта настолькі пэўна, як калі б я душыў яго за ягоную бычыную шыю вось тут, цяпер. Калі ён аб’явіцца без хлопчыка, калі ён выкруціцца і не даставіць мне хлопчыка, жывога або мёртвага — забі яго тады лепш сама, калі хочаш, каб ён пазбегнуў узаемінаў з Джэкам

Кэтчам, і зрабі гэта неадкладна, як толькі ён пераступіць парог гэтага пакоя, ні то будзе занадта позна, папомніш мае словы!

— Што гэта значыць? — міжволі ўсклікнула дзяўчына.

— Што гэта значыць? — паўтарыў Фэджын, які ад гневу страціў кантроль над сабой. — Гэты хлопчык каштуе сотні фунтаў, і што, мне губляць тое, што абставіны дазваляюць падняць без аніякай рызыкі, праз выбрыкі п’янай банды, якую я магу прыкончыць без аніякага! І да таго ж, я звязаны дамовай з сапраўдным увасабленнем д’ябла, і ён хоча толькі тастамент, ён можа... можа...

Змагаючыся з задышкай, стары нейкі час шукаў патрэбнае слова, але тут ён зноў авалодаў сабой і цалкам змяніў паводзіны. Яшчэ якую хвіліну таму яго скурчаныя пальцы грэбалі паветра, вочы былі вылупленыя, выраз твару шалёны, але цяпер ён асунуўся ў крэсла, скурчыўся і трымцеў, баючыся, што хто-небудзь даведаецца пра ягоную агідную таямніцу. Пасля кароткай паўзы ён наважыўся паглядзець на дзяўчыну. Здаецца, ён крыху супакоіўся, калі ўбачыў, што тая сядзіць па-ранейшаму безуважная, так, як сядзела, калі ён прыйшоў.

— Нэнсі, даражэнькая, — прасіпеў ён сваім звычайным тонам, — мілая, ты мяне чула?

— Пакінь мяне ў спакоі, Фэджын! — адказала дзяўчына, праз сілу падымаючы галаву. — Не выйшла ў Біла гэтым разам — зробіць у другі. Ён для цябе абладзіў шмат добрых спраў і абладзіць яшчэ больш, калі зможа. А не зможа — дык пра што тут казаць.

— А што наконт хлопчыка, даражэнькая? — спытаў габрэй, нервова паціраючы рукі.

— Хлопчык мусіць рызыкаваць, як і ўсе, — паспешліва перапыніла Нэнсі, — і паўтару яшчэ раз, што лепш, калі ён ужо памёр і не будзе мець ніякіх нягодаў ды пазбавіцца ад вас, — абы толькі Біла гэта абышло бокам. Калі ўжо Тобі выкруціўся, то ён выкруціўся напэўна. Біл варты двух такіх, як Тобі.