— Ну, а як наконт таго, што я тут казаў? — запытаў габрэй, не адводзячы ад Нэнсі палымянага позірку.
— Калі ты хочаш, каб я нешта зрабіла, то паўтары, — адказвала дзяўчына, — а найлепш пачакаць да заўтра. Ты мяне разварушыў на мінуту, але цяпер я зноў адключылася.
Фэджын задаў яшчэ некалькі пытанняў — усе з мэтай даведацца, ці запомніла дзяўчына ягоныя неасцярожныя намёкі, але яна адказвала так шчыра і так абыякава рэагавала на яго дапытлівыя позіркі, што ён умацаваўся ў сваім першым уражанні, быццам яна добра п’яная.
Нэнсі і насамрэч мела такую заганную схільнасць, даволі пашыраную сярод навучэнак габрэя; іх з маленства хутчэй заахвочвалі да алкаголю, чым засцерагалі ад яго. Яе недагледжаная знешнасць і моцны пах спіртнога, які напаўняў пакой, з дастатковай пэўнасцю падмацоўвалі ягоную здагадку. Калі ж пасля кароткага эмацыйнага ўздыму яна ўпала ў здранцвенне, а потым у стан узбуджанасці і то пачынала плакаць, то без пераходу выдавала воклічы кшталту «Вышэй галаву!», а потым разважала над тым, што лэдзі або джэнтльмен, якія жывуць разам, шчаслівыя толькі тады, калі сварацца пэўны мінімум разоў, містэр Фэджын, які ў свой час займеў значны досвед у такога роду справах, з вялікім задавальненнем убачыў, што яна насамрэч зусім п’яная.
Адчуўшы палёгку ад такога адкрыцця і дасягнуўшы дзвюх мэтаў — паведаміўшы дзяўчыне пра тое, што ён пачуў ад Крэкіта, і ўпэўніўшыся на ўласныя вочы, што Сайкс не вярнуўся, містэр Фэджын накіраваўся дадому. Яго маладая сяброўка паклала галаву на стол і зноў заснула.
Да дванаццаці заставалася яшчэ каля гадзіны. Вечар быў цёмны, пранізліва-халодны, і габрэй не меў жадання марудзіць. Рэзкі вецер, які прадзімаў наскрозь усе вуліцы, здавалася, павымятаў, быццам пыл і бруд, усіх людзей: мінакоў было мала, і ўсе яны, відавочна, спяшаліся дадому. Для габрэя вецер быў, аднак, спадарожным, і ён зацята рухаўся ўперад, дрыжучы і тулячыся ў паліто, калі чарговы парыў ветру груба яго штурхаў.
Ён ужо быў дайшоў да рога сваёй вуліцы і палез па ключ у кішэню, як раптам з ахінутага цемрай пад’езда вынырнула чыясьці постаць і, перасекшы вуліцу, непрыкметна наблізілася да яго.
— Фэджын! — прашаптаў голас над яго вухам.
— Ах! — вымавіў габрэй, хутка павярнуўшыся. — Гэта вы...
— Так! — груба абарваў незнаёмец. — Я чакаю тут ужо гадзіны са дзве. Дзе вас чорт насіў?
— Хадзіў усё па вашых справах, мой даражэнькі, — адказаў габрэй, няпэўна гледзячы на свайго супольніка і запавольваючы хаду. — Цэлы вечар вось бегаю па вашых справах.
— А як жа! — з ухмылкай сказаў незнаёмец. — Ну, і як поспехі?
— Нічога добрага, — даў адказ габрэй.
— І нічога благога, спадзяюся? — запытаўся незнаёмец, ураз спыняючыся і спалохана гледзячы на супольніка.
Габрэй пакруціў галавой і збіраўся ўжо адказаць, але незнаёмец перапыніў яго і паказаў на дом, да якога яны тым часам падышлі, заўважыўшы, што лепш абмеркаваць усё неабходнае пад дахам, бо ў яго ад стаяння на холадзе застыла кроў, а вецер працінае наскрозь.
Выглядала на тое, што Фэджын настроены выбачыцца і адмовіць наведвальніку ў гасціннасці ў такі позні час. Ён дапраўды быў прамармытаў нешта накшталт «няма-агню», але калі ягоны супольнік у загадным тоне паўтарыў прапанову, ён адамкнуў дзверы і папрасіў позняга госця прычыніць іх і пачакаць, пакуль ён не вернецца са свечкай.
— Тут цёмна, як у магіле, — сказаў незнаёмец, намацваючы дарогу. — Паспяшайцеся.
— Зачыніце дзверы, — прашаптаў Фэджын з канца калідора.
Як толькі ён вымавіў гэта, дзверы з моцным грукам зачыніліся.
— Гэта не я, — сказаў незнаёмец, шукаючы дарогу. — Вецер зачыніў іх, або яны самі зачыніліся — адно з двух. Давайце хутчэй святло, а то я разнясу сабе галаву аб што-небудзь у гэтай праклятай дзіры.
Фэджын, крадучыся, спусціўся па кухоннай лесвіцы. Неўзабаве ён вярнуўся з запаленай свечкай і паведаміў, што Тобі Крэкіт спіць унізе ў заднім пакоі, а хлопчыкі ў пярэднім. Потым ён прапанаваў незнаёмцу ісці следам за ім і пачаў падымацца ўверх па лесвіцы.
— На пару слоў можна сесці і тут, даражэнькі, — сказаў габрэй, адчыняючы адны з дзвярэй на другім паверсе. — У аканіцах — дзіры, а мы не хочам, каб суседзі ведалі, што тут нешта ёсць. Так што я пастаўлю свечку на прыступкі. Вось так!
З гэтымі словамі габрэй нахіліўся і паставіў свечку на верхнюю лесвічную пляцоўку якраз насупраць дзвярэй. Зрабіўшы гэта, ён пайшоў у пакой, у якім не было ніякай мэблі, за выняткам зламанага крэсла з падлакотнікамі і нічым не засцеленай старой канапы ці сафы, якая стаяла ля дзвярэй. Менавіта на гэты від мэблі ўсеўся з выглядам надта стомленым позні госць, а габрэй падсунуў з другога боку крэсла, так што яны сядзелі твар у твар. Дзверы засталіся прачыненымі, таму было крыху бачна. Свечка з-за дзвярэй слаба падсвечвала сцяну насупраць.