Нейкі час яны шапталіся. Хоць з іх размовы нельга было нічога разабраць, акрамя некалькіх абрыўкавых слоў, аднак слухач лёгка мог даўмецца, што Фэджын, відавочна, апраўдваўся пасля рэплік незнаёмца і што гэты апошні ўсё больш раздражняўся. Так яны размаўлялі, можа, з чвэрць гадзіны ці болей. Тут Манкс — гэтым імем габрэй некалькі разоў назваў незнаёмца падчас іхняй размовы, — крыху павысіўшы голас, сказаў:
— А я кажу табе яшчэ раз, што справа была кепска спланаваная. Чаму нельга было пакінуць яго тут, з рэштай, і адразу зрабіць з яго такога самага паршывага, смаркатага кішэннага злодзея?
— Вы толькі паслухайце яго! — усклікнуў габрэй, паціскаючы плячыма.
— Ты што, хочаш сказаць, што не зрабіў бы так, каб захацеў? — сувора выгаворваў Манкс. — Хіба ты не рабіў гэта дзясяткі разоў з іншымі мальцамі? Калі б у цябе хапіла цярпення на дванаццаць месяцаў, то што, ты не зрабіў бы так, што яго асудзілі б і выслалі б з каралеўства, — магчыма, на ўсё жыццё?
— Каму б гэта прынесла карысць, мой даражэнькі? — прыніжана спытаў габрэй.
— Мне, — адказваў Манкс.
— Але мне — не, — ціхмяна адказаў габрэй. — Мне ён мог бы спатрэбіцца. Паколькі ў дамове бяруць удзел два бакі, то трэба браць у разлік інтарэсы і таго, і другога боку, ці не так, мой сябра?
— Ну, і што далей? — змрочна запытаўся Манкс.
— Я заўважыў, што яго нялёгка прывучыць да рамяства, — адказаў габрэй. — У пэўных абставінах ён паводзіць сябе не так, як іншыя хлопчыкі.
— Але, ён не такі, каб яго чорт забраў, — прамармытаў Манкс, — інакш ён даўно ўжо стаў бы злодзеем.
— Ён ніяк не быў заблытаны ў гэта. Мне не ўдалося запалохаць яго. Гэта тое, што мусіць быць напачатку; без гэтага будзе марная трата часу. Што я мог? Паслаць яго на вуліцу з Махляром і Чарлі? Мой даражэнькі, нам хапіла першага разу. Я да гэтага часу не магу ачомацца.
— Тут маёй віны няма, — заўважыў Манкс.
— Так, так, мой даражэнькі, — падхапіў габрэй. — Я і не шкадую цяпер. Каб гэтага не здарылася, табе ніколі не ўдалося б заўважыць хлопчыка, а значыць, і даведацца, што ты шукаеш менавіта яго. Ну дык вось: я вяртаю яго вам з дапамогай гэтай дзеўкі, а яна — яна пачынае яго шкадаваць!
— Задушыць гадаўку! — з нянавісцю выпаліў Манкс.
— Не, цяпер мы не можам сабе гэтага дазволіць, мой даражэнькі, — адказаў з усмешкай габрэй, — акрамя таго, гэта не ў нашай манеры, у адваротным выпадку я гэта ўжо даўно зрабіў бы. Манкс, я добра ведаю гэтых баб. Як толькі малец пачынае даходзіць да кандыцыі, ім на яго становіцца начхаць. Вы хочаце, каб хлопчык стаў злодзеем. Калі ён жывы, то можна было б гэта зрабіць, але калі... калі... — габрэй перапыніўся і падсунуўся да суразмоўцы, — памятайце, што гэта малаверагодна, — але калі здарылася найгоршае, і ён памёр...
— Я не вінаваты ў яго смерці! — перапыніў габрэя Манкс, ахоплены жахам, і дрыготкімі рукамі схапіў габрэеву руку. — Помніце, Фэджын! Я ў гэтым не быў замешаны. Што заўгодна, толькі не яго смерць, — я казаў гэта ад самага пачатку. Не хачу праліваць крыві: гэта заўсёды адкрываецца, і тады чалавек не знаходзіць сабе месца. Калі яны яго застрэлілі, то я тут не замешаны і блізка, вы чулі? Каб гэтае логава скрозь зямлю правалілася! Што гэта?!
— Дзе? — усклікнуў габрэй, аберуч хапаючы баязліўца поперак тулава, бо той ускочыў на ногі. — Што?
— Там! — адказаў той, утаропіўшыся ў супрацьлеглую сцяну. — Цень! Я бачыў цень жанчыны, у плашчы і капелюшы, яна хутка рухалася ўздоўж сцяны!
Габрэй адпусціў яго, і яны разам куляй вылецелі з пакоя. Свечка стаяла там, дзе яе паставілі; яна толькі аплыла ад скразняка. Што яны бачылі, дык толькі пустую лесвіцу і ўласныя спалатнелыя твары. Яны напружана ўслухваліся; у доме панавала поўная цішыня.
— Вам падалося, — сказаў габрэй, падымаючы свечку і павярнуўшыся да супольніка.
— Клянуся, я бачыў яе! — адказаў Манкс. Яго калаціла. — Калі я яе ўбачыў, яна стаяла, нахіліўшыся наперад, а калі загаварыў — пабегла.
Габрэй з пагардай паглядзеў на спалатнелы твар свайго суразмоўцы і, сказаўшы, што той можа ісці за ім следам, калі хоча, пачаў спускацца па лесвіцы. Яны зазірнулі ва ўсе пакоі. Там было холадна і пуста. Яны спусціліся ў калідор і далей, у падвал. На нізкіх сценах была зялёная плесня. У святле свечкі блішчалі сляды слізнякоў і слімакоў, але ўсюды было ціха, як у магіле.
— Ну, дык як? — спытаў габрэй, калі яны вярнуліся ў калідор. — Акрамя нас, тут ні жывой душы. Тобі і хлопцы не лічацца — яны па-за падазрэннем. Глядзіце!