Выбрать главу

— О містэр Бамбл! — усклікнула лэдзі. — Мне так сапсавалі настрой!

— Сапсавалі настрой? — выкрыкнуў містэр Бамбл. — Хто наважыўся зрабіць гэта?! Я ведаю, — працягваў ён з характэрнай для яго велічнай манерай, — вас пакрыўдзілі гэтыя паганыя беднякі.

— Страшна ўспомніць! — сказала лэдзі, дрыжучы ўсім целам.

— Дык і не ўспамінайце, мэм, — падказаў містэр Бамбл.

— Не магу! — скрывілася лэдзі.

— Тады прыміце якіх лекаў, мэм, — мякка параіў містэр Бамбл. — Можа, крыху віна?

— Ні за што на свеце! — запярэчыла місіс Корні. — Не, я не магу, не! На верхняй паліцы ў кутку... О!

Вымавіўшы гэтыя словы, добрая лэдзі, нібы ў ачмурэнні, паказала рукой на буфет, а потым яе пачала браць нейкая ўнутраная сутарга. Містэр Бамбл кінуўся да буфета, схапіў з так няпэўна абазначанай паліцы бутэльку з зялёнага шкла ўмяшчальнасцю ў пінту, напоўніў ейным змесцівам кубачак і паднёс да вуснаў лэдзі.

— Цяпер мне лепш, — сказала місіс Корні, выпіўшы паўкубачка, і адкінулася на спінку крэсла.

Удзячны містэр Бамбл ціхмянамудра падняў вочы да горняй столі, потым апусціў іх на кубачак і прынюхаўся да змесціва.

— Лікёр на перачнай мяце, — растлумачыла слабым голасам місіс Корні, усміхаючыся кур’еру. — Пакаштуйце! Там ёсць яшчэ... яшчэ нешта.

Містэр Бамбл недаверліва пакаштаваў лекі, прыгубіў, пакаштаваў яшчэ і выпіў да дна.

— Вельмі добра супакойвае, — сказала місіс Корні.

— Насамрэч, вельмі, — азваўся кур’ер.

Сказаўшы гэта, ён падсунуўся з крэслам да наглядчыцы і лагодна запытаўся, што там такое здарылася, што так узрушыла яе.

— Нічога, — адказала місіс Корні. — Я слабае, дурное, нервовае стварэнне...

— Вы не слабая, мэм, — запярэчыў містэр Бамбл, падсоўваючыся яшчэ на пару сантыметраў. — Хіба вы слабае стварэнне, місіс Корні?

— Мы ўсе слабыя стварэнні, — дала ўніверсальную фармулёўку тая.

— Што праўда, тое праўда, — адказаў кур’ер.

Хвіліну ці дзве абое маўчалі. Пасля гэтага містэр Бамбл, каб растлумачыць сваю думку, зняў руку са спінкі крэсла, на якім сядзела місіс Корні і дзе гэтая рука была раней, і паклаў яе на пояс фартуха місіс Корні, паступова абвіваючы ёй талію лэдзі.

— Усе мы слабыя стварэнні, — прамовіў містэр Бамбл.

Місіс Корні ўздыхнула.

— Не ўздыхайце, місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл.

— Не магу з сабой нічога зрабіць, — адказала місіс Корні і ўздыхнула яшчэ раз.

— Вельмі ўтульны пакойчык, мэм, — сказаў, аглядваючыся, містэр Бамбл. — Каб яшчэ адзін сумежны, было б нешта цэльнае.

— Для мяне адной зашмат, — прамармытала лэдзі.

— А для двух — не зашмат, — мякка зазначыў містэр Бамбл. — Ну, дык як, місіс Корні?

Місіс Корні апусціла галаву, пачуўшы гэтыя словы, містэр Бамбл апусціў галаву, каб убачыць, які ў яе выраз твару. Місіс Корні з годнасцю адвярнулася і вызваліла руку, каб дастаць насоўку, аднак бессвядома зноў паклала яе ў руку містэра Бамбла.

— Рада выдзяляе вам вугаль, місіс Корні? — пацікавіўся кур’ер, жарсна паціскаючы яе руку.

— І свечкі, — адгукнулася місіс Корні, злёгку адказваючы на поціск рукі містэра Бамбла.

— Вугаль, свечкі і бясплатная службовая кватэра, — сказаў містэр Бамбл. — О місіс Корні, вы чысты анёлак!

Лэдзі не магла не саступіць такой буры пачуццяў. Яна ўпала ў абдымкі містэра Бамбла, і гэты джэнтльмен у парыве жарсці забусяў яе цнатлівы нос.

— Дасканалы твор прыхода! — у захапленні ўсклікнуў містэр Бамбл. — Мая чароўная, ці ведаеце вы, што сёння ўвечары містэру Слаўту стала горш?

— Так, — сарамліва адказала місіс Корні.

— Дактары кажуць, што ён не пражыве і тыдня, — працягваў містэр Бамбл. — Ён узначальвае гэтую ўстанову. Калі ён памрэ, адкрыецца вакансія. Вакансію трэба будзе запоўніць. О місіс Корні, якія перспектывы адкрываюцца! Якія магчымасці, каб аб’яднаць сэрцы і гаспадарку!

Місіс Корні расчулена праслязілася.

— Адно слова! — папрасіў містэр Бамбл, схіляючыся над сарамлівай прыгажуняй. — Скажыце толькі адно кароткае, зусім кароткае, кароценькае слова, о блаславёная місіс Корні!

— Т... т... т... так, — выдыхнула матрона.

— Яшчэ адно слова, — працягваў кур’ер, — збярыцеся з вашымі міленькімі сіламі і скажыце яшчэ толькі адно: калі?

Місіс Корні парывалася двойчы сказаць, і двойчы ў яе не атрымалася. Нарэшце, набраўшыся смеласці, яна абняла містэра Бамбла за шыю і зазначыла, што гэта будзе тады, калі таго пажадае «найабаяльнае маё птушанятка».

Пасля таго, як справа была ўладжана такім прыстойным і людскім чынам, дамову ўрачыста замацавалі яшчэ адным кубачкам мятнага лікёру, што было надта неабходным, бо ад узрушэння нервовая сістэма лэдзі знаходзілася на мяжы выбуху. Выпіўшы свае паўкубка, наглядчыца паведаміла містэру Бамблу падрабязнасці сённяшняй смерці.