— Паўтарыце гэта яшчэ раз, вы, нахабны, нікуды не варты не-даростак! — настойваў містэр Бамбл. — Як вы можаце казаць та-кія рэчы? І як ты можаш падбухторваць яго на такое, ты, бесса-ромніца? Пацалую! Бачылі вы? — вельмі раздражнёна выкрыкваў містэр Бамбл. — Фу!
— Я меў на ўвазе не гэта, — заікаючыся, пачаў Ноэ. — Яна век цалуе мяне, хачу я гэтага ці не.
— О Ноэ! — з дакорам усклікнула Шарлот.
— Цалуеш, не кажы, што не, — настойваў Ноэ. — Яна век гэта ро-біць, містэр Бамбл, сэр, яна гладзіць мяне па шыі і ўсяляк заляцаецца!
— Ціха! — сувора крыкнуў містэр Бамбл. — Ідзіце ўніз, спадарыня. Ноэ, зачыніце краму. Нічога не кажыце, пакуль не прыйдзе гаспадар, інакш быць бядзе. Калі ён прыйдзе, скажыце, што містэр Бамбл загадаў перадаць, каб прыслалі заўтра зранку, пасля снядання, труну для бабкі. Чулі? Цалавацца! — узняў зноў голас містэр Бамбл, падымаючы рукі. —Дапраўды, грэшнасць і сапсаванасць у нізах гэтага прыхода набылі нябачаны памер! Калі парламент не зверне ўвагі на такія гідкія праявы, то краі-на загіне, а норавы сялян будуць сапсаваныя незваротна.
Сказаўшы гэтыя словы, кур’ер з велічным і змрочным выглядам пакінуў сядзібу трунара.
А цяпер, калі мы правялі кур’ера дадому і зрабілі ўсё неаб-ходнае, каб падрыхтавацца да пахавання бабкі, навядзем давед-кі пра маладога Олівера Твіста і праверым, ці ляжыць ён усё яшчэ ў той канаве, дзе яго пакінуў Тобі Крэкіт.
РАЗДЗЕЛ ХХVІІІ
пераносіць увагу на Олівера і распавядае пра ягоныя прыгоды
Каб вам ваўкі гарляк разарвалі! — скрыгочучы зубамі, бубнеў Сайкс. — Каб я быў цяпер з некаторымі з вас — вось бы вы калі завылі.
Мармычучы гэтыя праклёны з самай нястрымнай злосцю, на якую была здольная яго незацугляная натура, ён паклаў па-раненага хлопчыка на калена і на секунду павярнуў галаву, каб разгледзець сваіх пераследвальнікаў.
У цемрадзі і тумане цяжка было разгледзецца, але гучныя выкрыкі мужчын разносіліся па ваколіцы, і рэхам адгукаўся брэх суседскіх сабак, якіх пабудзіў гук набату.
— Стой, сабака ты белаліўрэйны! — закрычаў рабаўнік Тобі Крэкіту, які скарыстаўся перавагай доўгіх ног і вырваўся наперад. — Стой!
Паўторная каманда стаяць пэўна і адразу спыніла Тобі, бо ён не быў упэўнены, што не знаходзіцца ў дасягальнасці пісталетнага стрэлу, а Сайкс быў не ў тым настроі, каб з ім можна было жартаваць.
— Ану, дапамог несці мальца! — вызверыўся Сайкс на свайго супольніка. — Бягом сюды!
Тобі зрабіў выгляд, што вяртаецца, аднак, няспешна ідучы назад, ён ціхім голасам, які перапыняла задышка, насмеліўся прызнацца ў нежаданні ісці назад.
— Хутчэй! — крыкнуў Сайкс, паклаўшы хлопчыка ў сухую канаву сабе пад ногі і выцягваючы з кішэні пісталет. — Не прыкідвайся дурнем.
Тут шум пагоні ўзмацніўся. Сайкс азірнуўся і ўбачыў, што людзі, якія гналіся за ім, ужо пералазілі цераз вароты ў дальнім канцы поля і што некалькі сабак беглі паперадзе іх.
— Усё прапала, Біл! — закрычаў Тобі. — Кідай хлапца і смаж пяты!
Даўшы на развітанне гэтую параду, містэр Крэкіт палічыў за лепшае загінуць ад кулі сябра, чым напэўна трапіць у палон да непрыяцеля, паказаў Білу спіну і стрымгалоў кінуўся прэч. Сайкс сціснуў зубы, агледзеўся, накрыў распасцёртага Олівера плашчом, у які той быў наспех загорнуты, потым, каб адхіліць увагу пагоні ад месца, дзе ляжаў хлопчык, ён на хвілю спыніўся перад другой агароджай, якая перасякала першую пад прамым вуглом, стрэліў з пісталета ў паветра і знік.
— Гэй, гэй, сюды! — пачуўся ззаду няпэўны голас. — Пінчар, Нептун, на, на!
Выглядала на тое, што сабакі, як і іхнія гаспадары, не надта гарэлі жаданнем усур’ёз выконваць практыкаванні, якімі займаліся, бо адразу ж паслухаліся і вярнуліся. Трое мужчын, якія да гэтага часу выйшлі ў поле, спыніліся, каб парадзіцца.
— Мая парада, я б нават сказаў, мой загад, будзе такі: не марудзячы —дадому, — сказаў самы тоўсты мужчына.
— Згодны на ўсё, што не супярэчыць меркаванню містэра Джайлса, — сказаў другі, крыху меншы ростам, але таксама зусім не худы; ён быў бледным і вельмі ветлівым. Такімі часта бываюць людзі баязлівыя.
— Я не хацеў бы выглядаць нявыхаваным, джэнтльмены, — сказаў трэці, той, які завярнуў сабак, — містэр Джайлс ведае лепш.
— Зразумела, — азваўся карацейшы, — і наогул, што б ні сказаў містэр Джайлс, на тое не нам пярэчыць. Не, не, я ведаю сваё месца. Дзякаваць Богу, я ведаю сваё месца!
Сказаць праўду, мужчынка гэты ведаў сваё месца, і ведаў дакладна, што яно незайздроснае, бо, калі ён гаварыў, у яго стукалі зубы.