Выбрать главу

— Вы баязлівец, Брытлз, — сказаў містэр Джайлс.

— Не, — не згадзіўся містэр Брытлз.

— Так, — сцвердзіў Джайлс.

— Вы падманшчык, містэр Джайлс, — сказаў Брытлз.

— Вы хлус, Брытлз, — сказаў містэр Джайлс.

Гэтыя дакоры былі выкліканыя рэплікай містэра Джайлса, а рэпліка містэра Джайлса была выкліканая яго раздражненнем з той прычыны, што нібыта, сказаўшы яму камплімент, на яго ўсклалі адказнасць за зварот дадому. Трэці мужчына вельмі рашуча завяршыў іхнюю дыскусію.

— Я вам скажу, джэнтльмены, у чым справа, — сказаў ён. — Мы ўсе баімся, вось што.

— Гаварыце за сябе, сэр, — сказаў містэр Джайлс, які быў самым бледным з усіх.

— Дык я і гавару сам за сябе, — адказаў мужчына, — у такіх абставінах баяцца зусім натуральна і нармальна, вось я і баюся.

— І я, — сказаў Брытлз, — і я баюся таксама. Толькі навошта кпіць з чалавека праз гэта?

Такія адкрытыя прызнанні змякчылі містэра Джайлса, так што ён сам з ходу прызнаўся, што таксама баіцца, пасля чаго ўсе ўтрох павярнулі і ў поўнай згодзе далі драпака. Беглі яны, пакуль той, хто найгорш бегаў (а гэта быў містэр Джайлс, які, да таго ж, быў абцяжараны віламі) самым лагодным тонам не прапанаваў спыніцца для таго, каб ён мог папрасіць прабачэння за свае неабдуманыя словы.

— І вось што цікава, — казаў містэр Джайлс пасля таго, як апраўдаўся, — што здольны нарабіць чалавек, калі ў яго кроў пачынае іграць. Вы ведаеце, я мог бы запраста ўчыніць забойства, я, напэўна, учыніў бы забойства, калі б нам трапіў у рукі адзін з гэтых мярзотнікаў.

Іншыя таксама пачуваліся прыкладна гэтак, і з той прычыны, што кроў іхняя таксама ўжо астыла, яны паспрабавалі паразважаць, чаму ў іх тэмпераменце наступіла такая раптоўная перамена.

— Я ведаю, у чым рэч, — сказаў містэр Джайлс. — Гэта вароты даліся нам у знакі.

— Не будзе дзіва, калі праз іх усё, — ухапіўся за ідэю Брытлз.

— Можаце быць пэўнымі, — працягваў Джайлс, — што вароты спынілі рост узбуджэння. Калі я пералазіў цераз іх, я раптам адчуў, як усё маё ўзбуджэнне знікае.

Праз дзіўны збег акалічнасцей і двое іншых адчулі тое самае і ў той самы момант. Такім чынам, было відавочна, што прычынай усяму былі вароты, асабліва калі мець на ўвазе момант, у які адбылася перамена, бо ўсе ўтрох успомнілі, што акурат тады яны ўбачылі рабаўнікоў.

Гэтую размову вялі двое мужчын, якія спудзілі рабаўнікоў у доме, і вандроўны літавальшчык, які спаў у адрыне і якога паднялі, каб ён са сваімі двума дварнякамі таксама ўзяў удзел у пагоні. Містэр Джайлс служыў у доме старой лэдзі аканомам і дамарадам у адной асобе, а містэр Брытлз быў хлопчыкам на пабягушках; яго нанялі слугой, калі ён быў яшчэ зусім маленькім, і цяпер ён меў рэнамэ юнака з вялікімі перспектывамі, хоць яму і было ўжо за трыццаць.

Падбадзёрваючы адзін аднаго такімі размовамі, але і трымаючыся разам ды азіраючыся па баках, як толькі дзе-небудзь чуўся трэск голля, трое мужчын паспяшаліся да дрэва, за якім пакінулі ліхтар, каб не даць бандзюгам страляць, арыентуючыся на святло. Яны забралі ліхтар і патрухалі дадому, і калі іхнія расплывістыя постаці зніклі ў цемрадзі, яшчэ вельмі доўга свяціўся і скакаў удалечыні агеньчык ліхтара, бы спараджэнне балота і затхлага змроку, праз які яны імчалі.

Паступова бралася на дзень, але паветра рабілася ўсё халаднейшым, і туман пачаў згортвацца над зямлёй, як густыя воблакі дыму. Трава была вільготная, усе сцежкі і нізіны збалацелі; глуха завываючы, дзьмуў нейкі нездаровы, затхлы вецер. Нерухомы, непрытомны, Олівер усё яшчэ ляжаў на тым месцы, дзе яго пакінуў Сайкс. Праглядваў ранак. Вецер стаў больш рэзкім і пранізлівым, калі на небе слаба замігцеў першы пробліск світанку, — хутчэй смерць ночы, чым нараджэнне дня. Прадметы, якія ў цемры выглядалі няпэўна і наганялі жах, бачыліся ўсё больш акрэслена, паступова набывалі знаёмыя абрысы. Пайшоў дождж, спорны і густы. Ён з шумам падаў на голыя хмызы, але Олівер не адчуваў, як шлёпалі па ім кроплі дажджу, — ён па-ранейшаму ляжаў без руху і без адчуванняў, распасцёрты на сваёй пасцелі з торфу.

Нарэшце панаванне цішы прарэзаў стогн болю: хлопчык ачнуўся. Яго левая рука, так-сяк заматаная шалікам, ляжала ўздоўж цела цяжка і бездапаможна, павязка набрыняла крывёю. Олівер быў такім слабым, што насілу мог сесці. Сеўшы, ён з цяжкасцю агледзеўся, спадзеючыся на дапамогу, паспрабаваў устаць, але задрыжаў і ўпаў ніцма.

Пасля кароткага вяртання ў непрытомны стан, у якім ён у гэтую ноч праляжаў так доўга, Олівер ачнуўся зноў, адчуўшы нудоту і млявасць, якая падпаўзла да ягонага сэрца і, здавалася, папярэджвала пра тое, што калі ён будзе ляжаць тут, то памрэ, таму хлопчык узбіўся на ногі і паспрабаваў ісці. У яго кружылася галава, ён хістаўся, як п’яны, але тым не менш утрымаўся на нагах і, звесіўшы галаву на грудзі, паплёўся, сам не ведаючы куды.