Выбрать главу

І тут яго хваравітую свядомасць напоўнілі нейкія прывідныя, цьмяныя вобразы, мроі. Яму здавалася, што ён усё яшчэ брыдзе паміж Сайксам і Крэкітам, а тыя спрачаюцца, спрачаюцца злосна, і кожнае слова вельмі выразна чулася Оліверу; калі ён асабліва намогся, каб утрымацца на нагах, то заўважыў, што сам размаўляе з абодвума. Потым ён застаўся адзін з Сайксам і цягнуўся паперадзе, як падчас іхняй вандроўкі. Яны міналіся з нейкімі прывіднымі людзьмі, і ён адчуваў, як рабаўнік сціскае яго руку. Раптам ён адхіснуўся, пачуўшы стрэлы і крыкі, перад вачыма пачалі мільгаць нейкія агні, распачаліся галас і куламеса, і нейкая нябачная рука павяла яго прэч. Праз увесь гэты калейдаскоп відзежаў прабягала неакрэсленае, гнятлівае адчуванне болю, які мучыў і знясільваў яго.

Так ён плёўся, амаль механічна праціскаючыся ў напаўзачыненыя вароты, у проймы паміж прасламі, якія траплялі яму на шляху, пакуль не выйшаў на дарогу. Тут пачаўся такі моцны дождж, што хлопчык зусім ачуняў.

Ён агледзеўся і ўбачыў, што непадалёку стаіць дом, да якога Олівер, відаць, мог бы дайсці. Ён падумаў, што, мажліва, там яго пашкадуюць, прымуць да ўвагі яго бездапаможны стан, ды і ў любым разе, хоць і без дапамогі, але нават паміраць лепш каля людзей, чым у голых халодных палях. Ён сабраў усе свае сілы для апошняга кідка і скіраваў свае зняможаныя ногі да дома.

Калі ён падышоў бліжэй, яго апанавала пачуццё, што ён тут ужо калісьці быў. Ён не памятаў дэталяў, але абрысы дома і размяшчэнне яго ў мясцовасці здаваліся яму знаёмымі.

Вось і мур вакол саду! Там, за ім, ён кленчыў на траве сёння ўначы і маліў аб спагадзе двух мужчын. Дык гэта ж той самы дом, які яны спрабавалі абрабаваць уночы!

Калі Олівер пазнаў месца, то адчуў такі страх, што на хвілю забыўся пра свае пакуты ад ран і думаў толькі пра ўцёкі. Уцякаць! Ён ледзьве ўтрымаўся на месцы, але калі б нават яго юнае цела мела ранейшую лёгкасць і сілу, куды ён мог бегчы?

Ён штурхнуў садовую брамку. Яна была незачыненая і паддалася. Ён, спатыкаючыся, паплёўся па газоне, узбіўся на прыступкі, слабай рукою пастукаў у дзверы. Тут сілы яго пакінулі, і ён апусціўся на ганак, прыхінуўшыся спінай да адной з калон маленькага порціка.

Акурат у гэты час містэр Джайлс, Брытлз і літавальшчык падсілкоўваліся на кухні пасля турботаў і жахаў гэтай ночы гарбатай ды іншымі харчамі. Не тое, каб містэр Джайлс прывык цярпець празмерную фамільярнасць з боку простых слуг, да якіх ён ставіўся з велічнай зычлівасцю, якая была ім прыемнай, хоць і не пераставала нагадваць ім пра ягоны больш высокі сацыяльны статус. Але смерць, страляніна, жахі робяць усіх людзей роўнымі, так што містэр Джайлс сядзеў перад кухонным агменем, выцягнуўшы ногі і паклаўшы левую руку на стол, у той час як ягоная правая рука дапамагала яму рабіць грунтоўную і дакладную ў часе справаздачу пра ноч рабаўніцтва. Слухачы, не дыхаючы (асабліва кухарка і пакаёўка, якія таксама былі тут), лавілі кожнае яго слова.

— І вось дзесьці а палове на трэцюю, — казаў містэр Джайлс, — хоць не стаў бы прысягаць, што гэта не было крыху бліжэй да трэцяй, — я прачнуўся, павярнуўся ў ложку, як гэта бывае (тут містэр Джайлс перавярнуўся ў сваім крэсле і пакрыўся рогам абруса, як коўдрай, каб было больш наглядна), як раптам мне падалося, што недзе нешта шуміць...

У гэтым месцы аповеду кухарка спалатнела і папрасіла пакаёўку замкнуць дзверы. Тая перадала просьбу Брытлзу, той перадаручыў яе літавальшчыку, а той зрабіў выгляд, што не пачуў.

— ...нешта шуміць, — працягваў містэр Джайлс. — Спачатку я быў падумаў, што мне здалося, і сабраўся быў зноў заснуць, як раптам пачуў гэты гук яшчэ раз, цяпер ужо выразна.

— Што за гук? — спытала кухарка.

— Быццам бы нешта трашчыць, — даў адказ містэр Джайлс і азірнуўся па баках.

— Не, хутчэй, быццам нехта правёў жалезнай палкай па тарцы для мускатных арэхаў, — удакладніў Брытлз.

— Гэта ўжо потым, калі вы пачулі, — адказаў містэр Джайлс, — а на той час гэта было, быццам нешта трашчала. Я адкінуў коўдру, — тут містэр Джайлс закруціў край абруса, — сеў у пасцелі і стаў услухоўвацца.

Кухарка і пакаёўка хорам усклікнулі: «Божа!» — і селі бліжэй адна да адной.

— Цяпер я чуў шум зусім выразна, — працягваў містэр Джайлс. — «Нехта, — кажу я сабе, — узломвае дзверы або акно; што рабіць? Пайду, — думаю, — пабуджу гэтага небараку Брытлза і выратую яго ад смерці ва ўласным ложку, каб яму не перарэзалі горла ад правага вуха да левага, так што ён нават і не паспеў бы ўцяміць, што да чаго».