Тут усе паглядзелі на Брытлза, а той, раскрыўшы рот, утаропіўся ў апавядальніка; яго твар увасабляў найвялікшую ступень жуды.
— Я адкінуў прэч коўдру ды прасціну, — сказаў містэр Джайлс, адкідваючы абрус і сувора гледзячы на кухарку і пакаёўку, — ціха ўстаў з ложка, уступіўся ў...
— Зважайце, містэр Джайлс, тут лэдзі, — прамармытаў літавальшчык.
— ...чаравікі, сэр, — сказаў Джайлс, павярнуўшыся да яго і асабліва падкрэсліваючы апошняе слова, — схапіў зараджаны пісталет, які заўсёды заносяць наверх разам са сталовым срэбрам, і на дыбачках пайшоў у ягоны пакой. «Брытлз, — кажу я яму, разбудзіўшы, — Брытлз, не бойцеся!»
— Так, вы гэта сказалі, так, — ціхім голасам заўважыў Брытлз.
— «Лічыце, што мы загінулі, Брытлз, — кажу я, — але не бойцеся!»
— А ён баяўся? — спытала кухарка.
— Ані, — запярэчыў містэр Джайлс. — Ён трымаўся гэтаксама... гм... амаль гэтаксама смела, як я.
— Я адразу памерла б, каб была там, — заўважыла пакаёўка.
— Вы жанчына, — сказаў Брытлз і крыху ўзбадзёрыўся.
— Брытлз кажа праўду, — пацвердзіў містэр Джайлс, ківаючы галавой, — ад жанчыны не варта чакаць смеласці. Але мы, як мы ўжо мужчыны, узялі ліхтар з зацямненнем, які стаяў у Брытлза на каміне, і навобмацак пачалі ў цемрадзі спускацца па лесвіцы — скажам, вось так...
Містэр Джайлс устаў і з заплюшчанымі вачыма зрабіў два крокі наперад, каб дапоўніць свой расказ адпаведнымі жэстамі, але раптам ён моцна ўздрыгануўся, зрэшты, як і ўся кампанія, і паспяшаўся сесці назад на сваё крэсла. Кухарка і пакаёўка завішчалі.
— Нехта пастукаў, — сказаў містэр Джайлс, прыкідваючыся вытрыманым і спакойным. — Адчыніце дзверы, хто-небудзь.
Ніхто не скрануўся з месца.
— Дзіўная рэч, што нехта стукае ўранні, — сказаў містэр Джайлс, акідваючы позіркам бледныя твары прысутных і сам прыкметна пабялеўшы, — але дзверы трэба адчыніць. Чуеце ці не?
Гаворачы гэта, містэр Джайлс глядзеў на Брытлза, але малады чалавек, мабыць, лічыў сябе нікім і зразумеў так, што гэтае патрабаванне да яго не мае дачынення; што б ні было, ён нічога не адказаў. Містэр Джайлс запытальна паглядзеў на літавальшчыка, але той раптам заснуў. Пра жанчын не было і размовы.
— Калі б Брытлз адчыніў дзверы ў прысутнасці сведкаў, я згадзіўся б быць адным з іх, — сказаў містэр Джайлс пасля кароткага маўчання.
— І я таксама, — сказаў літавальшчык, прачнуўшыся аднолькава хутка, як і заснуў.
На гэтых умовах Брытлз капітуляваў, і кампанія, крыху збітая з панталыку карцінай, убачанай, калі яны адчынілі аканіцы, што ўжо даўно настаў белы дзень, паднялася па лесвіцы, пусціўшы паперадзе сабак.
Жанчыны, якія пабаяліся заставацца ўнізе, ішлі ззаду. Як параіў містэр Джайлс, яны гучна размаўлялі, каб папярэдзіць злачынную асобу звонку аб сваёй шматлікасці, а ў вітальні, выконваючы выдатную задуму, якая нарадзілася ў мазгах таго самага геніяльнага джэнтльмена, сабакам як наймацней накручвалі хвасты, каб тыя злосна брахалі.
Прыняўшы гэтыя меры перасцярогі, містэр Джайлс абшчаперпыў руку літавальшчыка (каб той не ўцёк, як ён ласкава растлумачыў) і падаў каманду адчыніць дзверы. Брытлз паслухаўся, і астатнія, баязліва выглядваючы адзін з-за другога, не ўбачылі ніякага жаху, акрамя беднага маленькага Олівера Твіста, знямелага ад знямогі, які цераз сілу прыўзняў галаву і позіркам маліў дапамагчы.
— Хлопчык! — усклікнуў містэр Джайлс, моцна адштурхоўваючы літавальшчыка назад. — Што здарылася з?.. Чаму — Брытлз, глядзі — ты не ведаеш?..
Не паспеў Брытлз, які адчыніў дзверы і адразу ж схаваўся за іх, убачыць Олівера, як у яго вырваўся гучны крык. Містэр Джайлс, схапіўшы хлопчыка за нагу і руку (на шчасце, не прастрэленую), завалок яго проста ў хол і пакінуў там ляжаць ва ўвесь рост на падлозе.
— Вось ён! — загарлапаніў Джайлс у стане найвялікшага ўзбуджання, паварочваючыся да лесвіцы. — Адзін са злодзеяў, мэм! Злодзей, міс! Ён паранены, міс! Я падстрэліў яго, міс, а Брытлз свяціў мне.
— Трымаў ліхтар, міс, — крыкнуў Брытлз, прыклаўшы руку да рота, каб узмацніць голас.
Абедзве служанкі пабеглі наверх паведаміць, што Джайлс злавіў рабаўніка, а літавальшчык спрабаваў прывесці Олівера ў прытомнасць, каб той не памёр раней, чым яго можна будзе павесіць. Пасярод усяго гэтага галасу пачуўся прыемны жаночы голас, які ў момант навёў цішыню.
— Джайлс! — ціха прамовіў голас з лесвічнай пляцоўкі зверху.
— Я тут, міс, — адказаў містэр Джайлс. — Не бойцеся, міс. Я мала пацярпеў. Ён не надта супраціўляўся, міс. Я хутка яго адужаў.