Выбрать главу

— Ціха! — перапыніла маладая лэдзі. — Ты напалохаеш маю цётухну амаль гэтаксама, як і злодзеі. Гэты небарака цяжка паранены?

— Жахліва паранены, — азваўся Джайлс з неапісальнай самазадаволенасцю.

— Выдае на тое, што ён памірае, міс! — гаркнуў Брытлз у той самай манеры, што і раней. — Ці не будзеце вы ласкавыя сысці ўніз і паглядзець, на выпадак, калі ён будзе паміраць?

— Малю, супакойцеся, калі тут ёсць хоць адзін добры чалавек! — паўтарыла маладая лэдзі. — Пачакайце хвіліну, пакуль я паразмаўляю з цётухнай.

Хадой, гэткай жа мяккай і далікатнай, як і голас, лэдзі пайшла і хутка вярнулася, дала каманду як мага асцярожней падняць параненага наверх у пакой містэра Джайлса; Брытлзу было загадана сядлаць поні і, не марудзячы, ехаць у Чэрсі, адкуль ён мусіў як мага хутчэй прыслаць канстэбля і доктара.

— Але ж паглядзіце на яго спачатку, міс! — прапанаваў містэр Джайлс з гонарам, як быццам Олівер быў птушкай з рэдкім апярэннем, якую ён па-майстэрску падстрэліў. — Што, не глянеце і вокам?

— Не цяпер, ні за што на свеце, — адказала маладая лэдзі. — Небарака! О! Абыходзься з ім як мае быць, Джайлс, прашу цябе!

Стары слуга паглядзеў уверх на маладую лэдзі з такім гонарам і захапленнем, як быццам яна была яго дзіцём. Потым, нахіліўшыся да Олівера, ён далікатна і клапатліва, як жанчына, дапамог занесці яго наверх.

РАЗДЗЕЛ ХХІХ

апавядае пра насельнікаў дома, у якім знайшоў сабе прытулак Олівер

Умілым пакойчыку, абстаўленым мэбляй, якая хутчэй выглядала на старадаўні камфорт, чым на мадэрн, за багата накрытым сталом снедалі дзве лэдзі. Ім прыслужваў містэр Джайлс, адзеты ў бездакорную чорную тройку. Ён заняў пазіцыю паміж буфетам і сталом; Джайлс выпрастаўся на ўвесь рост, закінуў галаву і крыху нахіліў яе набок, левую нагу выставіў наперад, а правую руку засунуў у камізэльку, тым часам як левая звісала ўздоўж тулава. Вальяжна трымаючы паднос, ён меў выгляд чалавека, які працаваў, усведамляючы свае заслугі і сваю значнасць.

Адна з дзвюх лэдзі была ўжо ў сталым веку, але нават высокая спінка дубовага крэсла, у якім яна сядзела, не была больш прамой, чым яе пастава. Апранутая скрайне акуратна і вытанчана ў касцюм старога крою, але з нейкай доляй новага стылю, што не толькі не псавала кампазіцыі, але, хутчэй, выгадна падкрэслівала стары стыль, лэдзі сядзела, нібы на троне, паклаўшы рукі перад сабой на стол. Яе вочы (а ўзрост амаль не забраў у іх бляску) пільна глядзелі на маладую суразмоўніцу. Маладзейшая лэдзі была ўвасабленнем самой вясны і росквіту жаноцкасці. Яна была ў тым узросце, у якім (пра гэта можна меркаваць, не ўпадаючы ў блюзнерства), калі Бог па сваім добрым Провідзе калі-небудзь усяляе анёлкаў у смяротных людзей, то менавіта ў такіх, як яна.

Ёй было, можа, крыху больш за сямнаццаць. Аблічча яе было такім мілым і лагодным, такім чыстым і прыгожым, што зямля для яе здавалася занадта нізкай, а зямныя стварэнні занадта грубымі, каб скласці ёй кампанію. Нават розум, які свяціўся ў яе глыбокіх блакітных вачах і адбітак якога несла чало, здавалася, не адпавядаў ні яе ўзросту, ні гэтаму свету, але выраз мяккасці і зычлівасці, дабрыні, водбліскі душэўнага святла, якія ігралі на твары, не пакідаючы на ім ценяў, а найперш — усмешка, шчырая, шчаслівая ўсмешка — усё было створана для сям’і, для міру і для шчасця вакол сямейнага агменя.

Дзяўчына рупліва завіхалася за сталом. Выпадкова яна падняла вочы якраз у тую хвілю, калі старая лэдзі глядзела на яе. Яна ўсмешліва адкінула з ілба валасы, сціпла раздзеленыя пасярэдзіне праборам, і яе прамяністы пагляд выразіў столькі любові, захаплення і непадробнай спагады, што духі нябесныя ўсміхнуліся б, гледзячы на яе.

— Ужо больш за гадзіну прайшло, як Брытлз паехаў? — спытала старая лэдзі пасля паўзы ў размове.

— Ужо гадзіну і дваццаць хвілін таму, мэм, — адказаў містэр Джайлс, паглядзеўшы на срэбны гадзіннік, які ён выцягнуў з кішэні за чорную стужку.

— Ён заўсёды быў такі марудлівы, — заўважыла старая лэдзі.

— Брытлз заўсёды быў нетаропкі хлопец, мэм, — пацвердзіў слуга.

Заўважым, што калі прыняць да ўвагі той факт, што Брытлз

быў нетаропкім ужо больш за трыццаць гадоў, то ўяўлялася малаверагодным, што ён калі-небудзь разварушыцца.

— Мне здаецца, што ён замест таго, каб змяняцца ў лепшы бок, змяняецца ў горшы, — сказала сталая лэдзі.

— Нельга будзе дараваць, калі ён перастане гуляць з іншымі хлопчыкамі, — сказала з усмешкай маладая лэдзі.

Містэр Джайлс, напэўна, абдумваў, ці можа ён дазволіць сабе паблажлівую ўсмешку, але тут да садовай брамкі пад’ехала двуколка, і з яе саскочыў тоўсты чалавек. Ён адразу ж папраставаў да дзвярэй, нейкім загадкавым чынам вось тут жа пранік у дом і ўварваўся ў пакой, ледзь не перакуліўшы містэра Джайлса і стол адначасова.