Выбрать главу

— Не, няма, — даў адказ доктар. — Даю вам слова, ніводнага.

— Тады мая цётухна надае вам усе паўнамоцтвы, — сказала Роз,

усміхаючыся праз слёзы, — але малю вас, не будзьце з гэтымі небаракамі залішне строгім.

— Здаецца, вы думаеце, — заўважыў доктар, — што сёння схільныя да жорсткасці ўсе, акрамя вас, міс Роз. Магу толькі спадзявацца дзеля дабра тых з пакаленняў мужчын, якія сёння ўзрастаюць, што першы годны малады чалавек, які будзе апеляваць да вашага спачування, знойдзе ў вашым сэрцы гэткі самы чуллівы і спаважны водгук. І я хацеў бы быць юнаком, каб тут і сёння скарыстацца з такой нагоды.

— Вы гэткае ж вялікае дзіця, як той самы Брытлз, — пачырванеўшы, адказала Роз.

— Ну што ж, — смеючыся, азваўся доктар, — гэта не такі ўжо цяжкі выпадак. Але вернемся да хлопчыка. Далей будзе самы важны пункт нашага пагаднення. Я мяркую, што праз гадзіну ці дзве ён прачнецца, і хоць я сказаў гэтаму тупагаловаму канстэблю, які сядзіць унізе, што хлопчыка нельга ні пераносіць, ні размаўляць з ім без рызыкі для яго жыцця, я думаю, што мы зможам пагутарыць з ім без апаскі. Стаўлю ўмову: я паразмаўляю з ім у вашай прысутнасці, і калі з яго слоў ваш цвярозы розум зробіць выснову, што ён непапраўна сапсаваны (што вельмі проста можа быць), то яго трэба будзе пакінуць на волю лёсу, і я не буду ўмешвацца больш ні ўва што.

— О не, цётухна! — папрасіла літасці Роз.

— О так, цётухна! — сказаў доктар. — Дык што, згода?

— Ён не можа быць непапраўным злодзеем, — сказала Роз. — Гэта выключана.

— Вельмі добра, — заўважыў доктар. — Тым больш ёсць падставы прыняць маю прапанову.

Нарэшце дамова была заключаная, і абодва бакі пачалі з нецярпеннем чакаць, калі Олівер прачнецца.

Цярпенне абедзвюх лэдзі мусіла зазнаць выпрабаванне большае, чым прадказваў містэр Лосбэрн, — гадзіна мінала за гадзінай, а хлопчык усё яшчэ моцна спаў. Настаў ужо вечар, калі добрасардэчны доктар прынёс ім вестку, што Олівер дастаткова аднавіў свае сілы для таго, каб з ім можна было паразмаўляць. Ён сказаў таксама, што хлопчык яшчэ вельмі хворы і аслабелы ад страты крыві, але яму так моцна хацелася нешта выказаць, што доктар палічыў за лепшае даць яму такую магчымасць сёння, а не чакаць наступнага ранку і больш істотнага паляпшэння ў стане малога.

Суразмоўе працягвалася доўга. Олівер падрабязна расказаў ім пра сваё жыццё; часта ён мусіў спыняцца, каб пераадолець боль і недахоп сілаў. Невясёлая гэта была гісторыя; слабыголас знясіленага хлапчаняці ў цёмным пакоі апісваў цэлы шэраг крыўдаў і бед, якія ўчынілі яму жорсткія людзі. О, калі б мы, прыгнятаючы і зневажаючы сваіх бліжніх, хоць аднойчы задумаліся над цёмнай праявай людскіх заганаў, якія, быццам цяжкія, набрынялыя воблакі, падымаюцца ў неба, падымаюцца павольна, але няўхільна, каб потым абрынуць на нашыя галовы помсту! Што засталося б тады ад крыўды і абраз, ад пакут, галечы, жорсткасці і несправядлівасці, якія прыносіць з сабой кожны новы дзень нашага жыцця?

У той вечар над падушкай Олівера луналі пяшчота і спагада, добрыя рукі папраўлялі яе. Ён пачуваўся спакойным і шчаслівым і мог бы памерці без усялякага пратэсту.

Калі лёсавызначальная размова падышла да заканчэння, і Олівер зноў пачаў засынаць, доктар выцер вочы, дакараючы іх адначасова за слабасць, і спусціўся ўніз, каб распачаць дзеянні супраць містэра Джайлса. У гасцёўні ён нікога не знайшоў, і яму падумалася, што ён зможа дасягнуць большых поспехаў, калі распачне дзеянні на кухні. Такім чынам, доктар рушыў на кухню.

Тут у ніжняй палаце хатняга парламента сабраліся служанкі, містэр Брытлз, містэр Джайлс, літавальшчык (які ў якасці ўзнагароджання за паслугі атрымаў запрашэнне харчавацца да канца дня) і канстэбль. Апошні джэнтльмен меў вялікае жазло, вялікую галаву, буйныя рысы твару і вялікія паўботы, і выдаваў ён на чалавека, які выпівае адпаведную колькасць элю; так яно і было насамрэч.

На кухні ўсё яшчэ абмяркоўваліся падзеі мінулай ночы. Калі доктар увайшоў, містэр Джайлс распісваў сваю вытрымку, а містэр Брытлз пацвярджаў усё сказанае яшчэ да таго, як яго начальнік паспяваў што-небудзь толкам фармуляваць.

— Працягвайце, — махнуў рукой доктар.

— Дзякуй, сэр, — сказаў містэр Джайлс. — Місіс распарадзілася, каб мне выдалі элю, а паколькі я німала не быў схільны ісці ў свой пакойчык, то вось сяджу тут у кампаніі і п’ю свой эль разам з усімі.

Спачатку Брытлз, а потым і ўсе іншыя лэдзі і джэнтльмены ціха выразілі задавальненне тым, што містэр Джайлс ашчаслівіў іх сваёй прысутнасцю. Містэр Джайлс паблажліва агледзеўся па баках, быццам гаворачы, што пакуль яны будуць паводзіць сябе прыстойна, ён іх не пакіне.