Выбрать главу

— Як пачуваецца пацыент сёння, сэр? — пацікавіўся Джайлс.

— Так сабе, — адказваў доктар. — Баюся, містэр Джайлс, што вы трапілі ў непрыемную гісторыю.

— Спадзяюся, вы не хочаце сказаць, — прамовіў, дрыжучы, містэр Джайлс, — што ён памірае. Калі б гэта здарылася, я ніколі сабе не дараваў бы. Ніводнага хлопчыка я не згадзіўся б загубіць, нават вось Брытлза, нават за ўсе каштоўныя сервізы Каралеўства.

— Пра гэта пакуль няма размовы, — таямніча прамовіў доктар. — Містэр Джайлс, вы пратэстант?

— Спадзяюся, сэр, так, — заікаючыся, прамовіў Джайлс і пабялеў у твары.

— А вы, малады чалавек? — спытаў доктар, рэзка павярнуўшыся да Брытлза.

— Божа мой, сэр, — адказваў, моцна здрыгануўшыся, Брытлз, — я — як і містэр Джайлс, сэр.

— Тады скажыце мне абодва, — працягваў доктар, — абодва! Ці гатовыя вы паказаць пад прысягай, што хлопчык наверсе — гэта той самы хлопчык, якога прасунулі ў дом праз маленькае акно мінулай ноччу? Кажыце! Мы слухаем!

Доктар, якога ўсе лічылі адным з самых рахманых людзей на зямлі, запатрабаваў гэта такім пагрозлівым тонам, што Джайлс і Брытлз, узбадзёраныя элем, аслупянеўшы, утаропіліся адзін у аднаго.

— Калі ласка, канстэбль, звярніце ўвагу на гэты адказ! — працягваў доктар, з важным выглядам трасучы ўказальным пальцам і стукаючы ім па пераноссі, каб як мага болей абудзіць праніклівасць гэтага годнага джэнтльмена. — Зараз мы, напэўна, нешта даведаемся.

Канстэбль пастараўся надаць сабе як мага больш мудры выгляд і ўзяў сваё жазло, якое марнела ў кутку ля каміна.

— Вы бачыце, што гэта простае пытанне апазнання асобы, — сказаў доктар.

— Так яно і ёсць, сэр, — адказаў канстэбль, моцна закашляўшыся, бо паспяшаўся праглынуць свой эль, і частка яго палілася яму не ў тое горла.

— Вось уломваюцца ў дом, — працягваў доктар, — і двое мужчын скрозь парахавы дым у стане трывогі, у цемры на момант заўважаюць хлопчыка. А наступным ранкам нейкі хлопчык падыходзіць да таго самага дома, і толькі таму, што яго рука перавязаная, гэтыя мужчыны груба хапаюць яго, падвяргаючы яго жыццё вялікай небяспецы, і клянуцца, што ён злодзей. Цяпер паўстае пытанне, можна іхнія паводзіны апраўдаць гэтым фактам ці не, а калі не, то ў якую сітуацыю яны сябе ставяць?

Канстэбль з мудрым выглядам кіўнуў галавой. Ён сказаў, што калі гэта не законнае пытанне, то ён хацеў бы ведаць, што гэта такое.

— Я пытаю вас яшчэ раз, — грымнуў доктар, — ці можаце вы ганаровай клятвай прысягнуць, што гэта той самы хлопчык?

Брытлз нерашуча паглядзеў на містэра Джайлса; містэр Джайлс нерашуча паглядзеў на містэра Брытлза; канстэбль прыставіў руку да патыліцы, каб знайсці адказ. Абедзве жанчыны і літавальшчык нахіліліся ўперад, каб не прапусціць адказу, а доктар пільна азіраўся ва ўсе бакі. Раптам каля брамы пачуўся гук званочка і ў той самы момант — стук колаў.

— Паліцэйскія! — усклікнуў Брытлз, відавочна ажывіўшыся.

— Што такое? — азваўся доктар, спалохаўшыся ў сваю чаргу.

— Агенты з Боў-стрыт, сэр, — адказаў Брытлз і ўзяў свечку. —

Мы з містэрам Джайлсам паслалі па іх сёння зранку.

— Што?! — закрычаў доктар.

— Так! — сказаў Брытлз. — Я паслаў з адным кучарам вестку пра тое, што здарылася, і гэта дзіва, што яны так спазніліся, сэр.

— Вы паслалі, вы... Каб вас трасца ўзяла... з такімі карэтамі, якія ледзьве едуць, вось і ўсё! — сказаў доктар і выйшаў з кухні.

РАЗДЗЕЛ ХХХІ

апавядае пра крытычнае становішча

Хто там? — запытаўся Брытлз, прачыніўшы дзверы на ланцужку.

— Адчыніце, гэта агенты з Боў-стрыт, пасылалі сяння па нас, — азваўся чалавек, які стаяў знадворку.

Цалкам супакоены такім адказам, Брытлз расчыніў дзверы насцеж і ўбачыў перад сабой мажнага чалавека ў шэрым паліто, які, не кажучы ні слова, адразу ўвайшоў і выцер ногі аб дыванок з такім выглядам, як быццам ён жыў тут заўсёды.

— Малады чалавек, пашліце каго падмяніць майго напарніка, — распарадзіўся агент, — ён сядзіць у брычцы, пілнуе каня. У вас тут ё стайня, дзе воз можна было б паставіць хвілін на пяць-дзесяць?

Брытлз адказаў сцвярджальна і паказаў на будынак. Мажны чалавек выйшаў праз садовую браму і дапамог свайму таварышу паставіць брычку. Брытлз, поўны захаплення, свяціў ім. Управіўшыся, яны вярнуліся ў дом; іх правялі ў гасцёўню, дзе яны знялі свае шэрыя паліто і капелюшы, так што іх можна было разгледзець лепш.

Чалавек, які стукаў у дзверы, быў тоўстым мужчынам сярэдняга росту, гадоў пяцідзесяці, з ільснянымі чорнымі валасамі, падстрыжанымі даволі коратка, з паўбакенбардамі, круглым тварам і праніклівымі вачыма. Другі быў руды, кашчавы чалавек у высокіх ботах; у яго быў непрыгожы твар і кірпаты, даволі злавеснага выгляду нос.