Выбрать главу

– А ты не ўтрымаўся і расказаў, – пад’ялдыкнуў Кміціч.

– Дык жа толькі табе.

Калегі яшчэ раз паглядзелі на цёмныя бліскучыя бакі начальніцкага аўто і вярнуліся ў рэдакцыю.

Кастрычнік, 1927

Жоўтае святло газніцы залівала прастору вакол сябе, пакідаючы вуглы памяшкання замглёна-таямнічымі.

Але дырэктару музея і гэтага святла было дастаткова – абы на стале можна было без цяжкасці чытаць паперы. Перад Хлюдзінскім ляжаў аркуш, на якім акуратнымі круглымі літарамі быў запісаны кароткі пералік.

Толькі сем імёнаў.

Насупраць двух з іх гэтым жа круглым старанным почыркам, які Антон выпрацаваў у сябе яшчэ за часы навучання, былі выведзеныя пазнакі:

Грацыян Пашкоўскі – забіты

Казімір Кітаеўскі

Станіслава Верацінская

Ганна Кавалёва – забітая

Давід Ратнер

Васіль Луст

Андрэй Камар

Гэтыя імёны назваў яму апошні ў спісе, Андрэй Камар. Усе яны, падсумаваў у думках Хлюдзінскі, патэнцыйныя ахвяры таго невядомага забойцы, які зарэзаў ужо двух чалавек з гэтага кароткага спіса. Значыць, давядзецца шукаць кагосьці, хто ведае ўсіх пайменаваных ды іх небяспечны сакрэт. Кагосьці небяспечнага для гэтай групкі, якая назвала сябе Ордэнам Прамяністых…

У кожным разе з гэтымі людзьмі трэба сустрэцца і паразмаўляць, перасцерагчы іх. Магчыма, хтосьці здагадаецца сам, адкуль ідзе пагроза гэтым «прамяністым», ці навядзе на думку пры размове. І найлепш, калі суправаджаць яго будзе Камар – так да яго, Хлюдзінскага, будзе больш даверу.

Можна было б, вядома, сказаць Камару, каб хлопец сам пагаварыў са сваімі аднадумцамі, папярэдзіў іх. Але ці дадуць яму, маладому, веры? З другога боку, як паставяцца гэтыя «прамяністыя» да таго, што нехта чужы даведаўся іхнюю таямніцу? Сам бы ён на іх месцы з недаверам ставіўся да ўсялякіх чужаніц…

Раптоўна ў дзверы нехта патрабавальна, па-гаспадарску загрукаў. Антон згарнуў спіс, сунуў яго ў кішэню і, узяўшы ў рукі газніцу, пацягнуўся глядзець, каго там прынесла проці ночы.

Адчыняючы дзверы, ён пачуў, што на дварэ ліе працяглы нудны восеньскі дождж. Раней, за роздумамі, музейшчык не чуў, як кроплі ствараюць манатонную шумавую завесу. І тое, што нехта прыйшоў да яго ў дождж і на ноч гледзячы, было яшчэ больш дзіўна.

За дзвярыма стаяў чалавек з грубаватымі неславянскімі рысамі твару, апрануты ў скураную куртку. У святле газніцы мокрая скуранка цьмяна паблісквала, быццам на яе былі нашытыя залацістыя палоскі.

– Берг, – прадставіўся госць замест прывітання. – Андэрс Берг. Мяне прыслалі з Віцебска для ўмацавання правільнай палітычнай лініі ў мясцовым музеі. Так што будзем працаваць разам – на карысць пралетарскай рэвалюцыі.

У голасе прыбыша быў выразна чуцён акцэнт, які дырэктар музея вызначыў для сябе ці то як прыбалтыйскі, ці то як нямецкі. Словам, штосьці нянаскае.

Клацаючы падкаванымі чаравікамі, ён прайшоў усярэдзіну памяшкання міма Хлюдзінскага, які прыціснуўся да сцяны, прапускаючы свайго нечаканага калегу. Берг аддаў сваё накіраванне з сіняй чарнільнай пячаткай, агледзеўся навокал і сказаў:

– Калі можна, я сёння пераначую ў якой-небудзь бакоўцы, а ўжо заўтра-пазаўтра перабяруся ў нейкае жытло.

Агаломшаны напорам госця, музейшчык мусіў пагадзіцца, каб той застаўся ў музейным памяшканні, хоць і не лічыў тое прыдатным для начоўкі.

Спарадкаваўшы паперы на працоўным стале, Хлюдзінскі схаваў у шафу некаторыя з іх, якія датычылі фінансаў, і сышоў, пажадаўшы свайму новаму супрацоўніку добра адпачыць.

Угнуўшы галаву ў плечы і наставіўшы каўнер, ішоў Антон па вуліцы. Здалёк яго нязграбная высокая фігура нагадвала бусла, які палюе жабак на балоце. Аднак сам Хлюдзінскі наўрад ці заўважыў бы якую-небудзь жабку, нават калі б яна выскачыла ў яго проста з-пад ног: яго апанавалі думкі пра нечаканага новага супрацоўніка.

У музейшчыка не было сумневаў, што прыбыццё Берга – гэта наступствы той самай размовы ў партыйным камітэце, дзе яго папракалі ў адсталых поглядах пры стварэнні музея. Новы работнік будзе, відавочна, праводзіць нейкую «партыйную лінію», а заадно і сачыць за Хлюдзінскім: ці не скажа той чагосьці лішняга, ці не праявіць сваю варожую буржуазную сутнасць?

Божа мой, як гэта нізка і гідка!..

Ад такіх думак ён адчуў кіслы непрыемны прысмак у роце. І замест таго каб адразу ісці дадому, на бліжэйшым павароце Антон пашыбаваў у напрамку чайнай, дзе да позняга часу можна было кульнуць чарку і купіць да яе няхітры заедак.