Выбрать главу

З ПРЭСЫ

У вольныя хвіліны вывучаем вінтоўку

Пры с.-г. майстэрнях імя Бурбіса (Менск) цір адчыніўся ўсяго 6 тыдняў таму.

Запісалася для заняткаў у ім уся моладзь і частка старыкоў (60 чал. з агульнага ліку 108 рабочых).

Заняткі праходзяць у часе абедзеннага перапынку і ўвечары пасля працы. Моладзь вольную хвіліну скарыстоўвае на тое, каб даць прыклад іншым прадпрыемствам у справе ўладання вінтоўкаю.

Купілі «бурбісаўцы» спачатку адну стрэльбу, а зараз будзе ў іх і другая.

Вайсковы гурток (налічваецца ў ім да 30 ч. моладзі) працуе досыць добра. Адзін раз на тыдзень вядуць заняткі – па 2–3 гадзіны – камандзіры падшэфнай часткі па пытаннях тэорыі вайсковай справы і тактыкі.

Часта ставяцца даклады на тэмы аб хімічнай і паветранай абароне.

Наогул трэба падкрэсліць, што майстэрні імя Бурбіса ў галіне ваенізацыі (як і ў справе вырабу плугоў!) хутка зоймуць выдатнае месца сярод іншых прадпрыемстваў Менску.

Савецкая Беларусь, 4 кастрычніка 1927 года

Кастрычнік, 1927

Андрэй Камар стаяў перад галоўным рэдактарам аршанскай газеты «Камуністычны шлях» і раз-пораз шморгаў носам. Гэта была не прастуда, а нервы: тэма для размовы ў яго была сур’ёзная.

Галоўны рэдактар сядзеў, схіліўшы галаву да шырокага стала, і вычытваў чыйсьці артыкул – яшчэ не набраны ў друкарні, а напісаны ад рукі. Таму Андрэй назіраў перад сабой дзве залысіны, якія праараў час на галаве начальства. Залысінам гэтым наборшчык не дзівіўся, бо рэдактар, як ён разумеў, быў чалавек даўно не малады – гадоў трыццаць пяць, не менш.

Рэдакцыя «Камуністычнага шляху» (і, адпаведна, кабінет галоўнага рэдактара) размяшчалася ў тым жа будынку, дзе і друкарня. Аднак тут усё істотна рознілася ад шумнага цэху, у якім наборшчык складаў свінцовыя літаркі ў слупкі газетных тэкстаў. Хлопец з цікавасцю азіраўся, міжволі ацэньваючы абстаноўку. У кабінеце галоўрэда было ціха і нават па-свойму ўтульна: мяккае крэсла рэдактара, мапа краіны на сцяне, непрыкметная газоўка – для працы доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі…

Нарэшце Павел Мітрафанавіч адарваўся ад папер, якія бязладна ляжалі на яго шырокім працоўным стале, і спагадна зірнуў на візіцёра:

– Слухаю вас, уюнаша!

Юнак дадаў да папяровага «манблана» на рэдактарскім стале яшчэ адзін аркуш:

– Калі можна, я б хацеў, каб на апошняй паласе вось быў такі кароткі некралог. Гэта мае знаёмыя.

– Тэ-эк, – галоўны рэдактар уважліва прабегся позіркам па некалькіх радках, з якіх складаўся прапанаваны ягонай увазе некралог. Спрабуючы прыгадаць, ён паўтарыў некалькі разоў імя, якое напісаў наборшчык: – Ганна Кавалёва… Кавалёва… Гэта не тая асоба, што нядаўна зарэзалі?

Андрэй зглынуў горкую даўкую сліну і пацвердзіў:

– Так, яна. І Грацыян Пашкоўскі нядаўна таксама загінуў. Я б хацеў адзначыць памяць гэтых добрых людзей.

Павел Мітрафанавіч пабарабаніў пальцамі па стале і загаварыў – няспешна, акуратна падганяючы словы адно да аднаго, як цагліны на будоўлі:

– Гэта вельмі важна для працоўнага чалавека, дый для кожнага іншага чалавека, – цаніць і шанаваць сваіх сяброў, сваіх блізкіх. Але пры гэтым мы не мусім губляць і пралетарскай пільнасці, каб не апусціцца ў дробнабуржуазнае балота. Ты ж разумееш, Андрэй, што не кожны чалавек аднолькава каштоўны для гісторыі, праўда?.. Я нават не буду згадваць тут такое святое і важнае для нас імя, як таварыш Ленін. Я проста прапаную табе параўнаць, хто больш важны для нашай гісторыі – твой брат-пралетарый ці які-небудзь буржуй, які пасля пралетарскай рэвалюцыі ўцёк у Берлін? Вядома ж, пралетарый, бо за ім будучыня!

Камар згодна матлянуў галавой, хаця яшчэ не разумеў, у які бок схіляецца гаворка.

– Бачу, што пралетарская чуйнасць у цябе ёсць, – з усмешкай пахваліў яго рэдактар. – А калі мы паспрабуем паглядзець не на замежжа, а на сваю краіну: хто важней для яе – пралетарый ці беларучка, які за ўсё сваё жыццё ні разу ні хлеб не жаў, ні ў цэх на працу не выходзіў? Зноў жа ты мне скажаш – пралетарый! А цяпер паглядзі, кім былі твае знаёмыя… Гэта людзі, што ад працоўнага класу далёкія, не яны нам дапамагаюць будаваць камунізм. А газета наша, хачу табе напомніць, называецца «Камуністычны шлях». Во-ось…

Андрэй пасля гэтых слоў збянтэжыўся: шчокі яго зачырванелі, рукі ён завёў за спіну і стаў нервова сціскаць пальцы. Тым часам Павел Мітрафанавіч працягваў, знарок не заўважаючы хвалявання свайго падначаленага:

– Не скажу, што твае знаёмыя былі нашымі класавымі ворагамі, але па сваім паходжанні яны класава чужыя пралетарыяту… Пра іх смерці мы далі паведамленні ў крымінальнай хроніцы – тое, што нам паведамілі таварышы з органаў. Я лічу, што гэтага паведамлення дастаткова. Калі б гэта былі нашыя таварышы, паплечнікі па класавай барацьбе, то, вядома, іх памяць варта было б ушанаваць асобным некралогам. Але… Давай дазволім цяпер кампетэнтным органам разабрацца ў акалічнасцях гэтых смерцяў і не будзем прыцягваць дарэмную ўвагу, каб не перашкодзіць у расследаванні.